Аднымі зь першых паказаньні суду далі былыя службоўцы Нацыянальнага банку, якія агулам атрымалі амаль мільён даляраў хабару.
Разгляд «справы Ўцюрына» пачаўся ў Менску ў аўторак 10 сакавіка. Першыя два дні пракурор агучваў матэрыялы абвінавачваньня. З 16 фігурантаў справы толькі двое не пагадзіліся з высновамі сьледзтва. На трэці дзень працэс дайшоў да допыту абвінавачаных. Вось што яны расказалі.
Хацелася пабыць даўжэй у Лёндане
Першымі на судзе апыталі выканаўчага дырэктара ААТ «Банк БелВЭБ» Юрыя Панамарова і прадстаўніка кампаніі «Мабільны сэрвіс» Аляксандра Броўку. Яшчэ да пачатку разгляду справы яны падалі суду хадайніцтва аб вылучэньні іх матэрыялаў у асобны разгляд. Паводле сьледзтва, Панамароў у 2014-2015 гадах атрымаў ад Броўкі 13 тысяч даляраў гатоўкай і 1000 фунтаў стэрлінгаў маёмаснай выгады. Больш ніхто з 14 іншых фігурантаў справы ў гэтым ня ўдзельнічаў, аднак судзьдзя задаволіць хадайніцтва адмовіўся.
За што Юры Панамароў атрымліваў грошы ад прадстаўніка прыватнай кампаніі, стала вядома на трэці дзень працэсу. Першы злачынны эпізод, паводле сьледзтва, адбыўся ў 2014 годзе. Юры Панамароў тады працаваў у «БПС-Сбербанку», дзе адказваў за закупліваньне электроннага абсталяваньня. Тады ж ён пазнаёміўся з Броўкам, які прадстаўляў кампанію, якая пастаўляла ў Беларусь электроніку. Як расказваюць абодва фігуранты, спачатку іхнае знаёмства ня мела ў сабе нічога крымінальнага. Яны нават пасябравалі, шмат гутарылі на прафэсійныя тэмы. У выніку Аляксандар Броўка прапанаваў Панамарову паехаць у Лёндан на канфэрэнцыю, арганізаваную кампаніяй-вытворцам тэлекамунікатыўнага абсталяваньня Cisco.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа Ўцюрына: стала вядома, за што былы ахоўнік Лукашэнкі атрымліваў хабар«Кампанія-арганізатар магла аплаціць толькі адзін дзень у Лёндане, — расказаў на судзе Панамароў. — Нам хацелася пабыць больш. Таму за свой кошт я набыў квіткі, аплаціў візы для сябе і родных, замовіў гатэль».
Тое самае зрабіў і Аляксандар Броўка. Калі прыйшоў час высяляцца з гатэлю, ён аплаціў ня толькі свой рахунак, але і кошт пражываньня Панамарова. Атрымалася 1000 фунтаў. На судзе абвінавачаны прызнаўся, што такім чынам хацеў дамагчыся больш даверлівых стасункаў з прадстаўніком «БПС-Сбербанку».
Мяркуючы з далейшых паказаньняў Броўкі і Панамарова, даверлівыя стасункі наладзіць атрымалася. У пэрыяд з 2014 па 2016 год супрацоўнік «БПС-Сбербанку» двойчы загадзя паведамляў прадстаўніку кампаніі «Мабільны сэрвіс» пра маючыя адбыцца закупкі абсталяваньня. Гэта дазваляла загадзя падрыхтавацца да ўдзелу ў тэндэрах і, як вынік, перамагаць у іх. «Сяброўства» з Панамаровым Аляксандар Броўка ацэньваў у 5% ад сумы заключаных дамоваў.
«Папярэдняй дамоўленасьці пра перадачу мне грошай не было, — расказаў у залі суду Юры Панамароў. — Броўка пра магчымую перадачу мне грошай не казаў. Проста перадаў канвэрт з 8000 даляраў, і ўсё. Мы не абмяркоўвалі гэта, перадача грошай ніякім чынам не абгаворвалася. З Броўкам перамаўляліся праз Viber, я перадаваў яму ўнутраныя дакумэнты банку, якія датычыліся закупак. Я шчыра раскайваюся ва ўчыненым».
Грошы ад прадстаўніка камэрцыйнай структуры Юры Панамароў атрымліваў двойчы. Пасьля 8000 даляраў у 2016 годзе былі яшчэ 5000. Сустракаліся на бульвары Мулявіна, побач зь месцам працы абвінавачанага.
І Панамароў, і Броўка на суд прыходзяць самастойна, яны не знаходзяцца пад вартай. Броўку пратрымалі пад вартай з канца сьнежня 2018-га па люты 2019-га, пасьля адпусьцілі пад падпіску. Панамароў пад вартай увогуле ня быў. Нанесеную дзяржаве шкоду Панамароў кампэнсаваў у поўным аб’ёме — аддаў усе атрыманыя ў выглядзе хабару 13 тысяч даляраў і 1000 фунтаў. Падчас допыту прызнаўся, што нават не карыстаўся гэтымі грашамі, яны ляжалі ў яго з моманту атрыманьня хабару некранутымі.
20 тысяч даляраў у пачку з-пад гарбаты
Юрыя Панамарова абвінавачваюць у атрыманьні хабару памерам 13 тысяч даляраў. Гэта самая невялікая сума сярод усіх абвінавачаных. Найбольшая — у старшыні праўленьня Беларускага міжбанкаўскага разьліковага цэнтру Фэлікса Касьпяровіча і намесьніка кіраўніка галоўнага ўпраўленьня Нацбанку Андрэя Падгорнага. На дваіх (у матэрыялах справы падкрэсьлена, што Касьпяровіч з Падгорным дзейнічалі тандэмам) яны незаконна атрымалі 868 750 даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хабар бралі 10 гадоў. Што стала вядома ў першы дзень суду ў «справе Ўцюрына»«На кухні мне перадалі грошы, у пачку з-пад гарбаты. 20 тысяч даляраў, — расказаў Касьпяровіч пра першы эпізод атрыманьня хабару. — Грошы перадавалі нам за нашую звычайную паўсядзённую працу. За тую, якую мы выконвалі кожны дзень».
Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, першы хабар Касьпяровіч з Падгорным атрымалі яшчэ ў 2007 годзе, калі абодва працавалі ў Нацыянальным банку. Апошні раз — 29 студзеня 2018 году. Зь іх затрыманьня пачала раскручвацца ўся «справа Ўцюрына».
З Андрэем Падгорным Касьпяровіч сябраваў 16 апошніх гадоў. Падчас працы ў Нацыянальным банку ён быў ягоным непасрэдным кіраўніком. У сфэру адказнасьці абодвух уваходзілі закупкі абсталяваньня і праграмнага забесьпячэньня для банку. Некаторыя зь іншых фігурантаў справы, абвінавачаныя ў дачы хабару Касьпяровічу, таксама былі ягонымі сябрамі.
У прыватнасьці, саўладальнік кампаніі «Салідэкс» Сяргей Пакрышка, абвінавачаны ў дачы хабару памерам 195 тысяч даляраў. Яны ня толькі былі знаёмыя з Касьпяровічам з пачатку 2000-х, але і сябравалі сем’ямі. Паводле аднаго з эпізодаў справы, Пакрышка перадаў Касьпяровічу за дапамогу ў заключэньні дамовы на пастаўкі абсталяваньня 80 тысяч даляраў. Грошы перадаваў у салёне ўласнага аўтамабіля. Але гэта хутчэй выключэньне. Большасьць сумаў атрыманага Касьпяровічам і Падгорным хабару вагаецца ў памеры ад 5 да 15 тысяч даляраў.
«Сума вызначалася, зыходзячы з жаданьняў і магчымасьцяў кампаніі, — расказаў на судзе Фэлікс Касьпяровіч. — Сур’ёзныя закупкі адбываюцца раз на 5-7 гадоў. Не магу сказаць, што я ня ведаў, што гэта ўсё незаконна. З другога боку, мы не рабілі нічога шкоднага для Нацыянальнага банку. Мы проста рабілі добра сваю працу».
Сваю віну Касьпяровіч з Падгорным прызналі цалкам. Ва ўчыненым раскайваюцца. Іх былы кіраўнік Ігар Кудасаў, які да арышту займаў пасаду кіраўніка галоўнага ўпраўленьня плацежнай сыстэмы і лічбавых тэхналёгій Нацыянальнага банку, сваю віну ў атрыманьні хабару адмаўляе. Паводле сьледзтва, Кудасаў у выніку махінацый сваіх падначаленых атрымаў 30 тысяч даляраў.
Злачынныя ўказаньні міністру праз урадавую сувязь
У чым вінавацяць самага высокапастаўленага фігуранта, былога намесьніка сакратара Савету бясьпекі Андрэя Ўцюрына (ён жа былы кіраўнік Службы аховы Аляксандра Лукашэнкі), пакуль вядома толькі з зачытанага пракурорам абвінавачаньня. Магчыма, так і застанецца — Уцюрын ужо папрасіў суд зрабіць ягоны допыт закрытым. Падстава — магчымасьць абнародаваньня матэрыялаў, датычных дзейнасьці Савету бясьпекі. Допыт Уцюрына павінен прайсьці да 20 сакавіка.
«У сувязі з інструкцыямі, на Уцюрына накладаліся абавязкі забясьпечваць дзейнасьць Савету бясьпекі, нагляд за выкананьнем дзяржаўнымі органамі рашэньняў Савету бясьпекі, — расказаў пракурор. — У межах сваёй кампэтэнцыі Уцюрын меў права арганізоўваць і праводзіць праекты разам зь дзяржаўнымі органамі, праводзіць нарады зь іх удзелам. Знаёміцца ў межах сваёй кампэтэнцыі з матэрыяламі дзяржаўных органаў. А таксама атрымліваць ад іх у вызначаным парадку дакумэнты, неабходныя для вырашэньня пэўных пытаньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Толькі 2 з 16 фігурантаў «справы Ўцюрына» не прызналі сваёй віныПаводле агучаных матэрыялаў справы, Андрэй Уцюрын у Савеце бясьпекі быў куратарам працу Сьледчага камітэту, МУС, МНС, Камітэту судовых экспэртыз, Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў, Камітэту дзяржаўнага кантролю. А таксама зьяўляўся сябрам калегіі Міністэрства ўнутраных спраў.
Паводле першага эпізоду абвінавачваньня, у сьнежні 2014 году (неўзабаве пасьля заняцьця з пасады ў Савеце бясьпекі — РС) Андрэй Уцюрын падрыхтаваў на імя Лукашэнкі дакладную запіску, дзе абазначыў неабходнасьць арганізацыі тэхнічных сродкаў нагляду і аховы на тэрыторыі жодзінскай турмы. Калі яго прапанова была адобраная, Уцюрын паспрыяў перамозе ў «праведзеным паводле спрошчанай схемы» тэндэры расейскай кампаніі. За што, паводле агучаных пракурорам матэрыялаў справы, у 2017 годзе атрымаў ад яе прадстаўніка «ня менш за 9 тысяч даляраў». Грошы былі атрыманыя «у непасрэднай блізкасьці ад адміністрацыйнага будынку на Карла Маркса, 38».
Ужо пасьля праведзеных паставак абсталяваньня для жодзінскай турмы ў расейскай кампаніі ўзьніклі праблемы з атрыманьнем грошай ад Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Беларусі. Дапамагаў вырашыць гэтую праблему таксама намесьнік кіраўніка Савету бясьпекі.
«Маючы злачынны намер атрыманьня хабару, у пачатку 2018 году Андрэй Уцюрын дасягнуў дамоўленасьці з Уладзімерам Казанцавым, прадстаўніком расейскай кампаній „Смартлабс“ і „УГМК-Тэлеком“, — расказаў дзяржаўны абвінаваўца пра другі злачынны эпізод з удзелам былога ахоўніка Лукашэнкі. — Дамоўленасьць датычыла заключэньня пагадненьня паміж расейскай кампаніяй і „Белтэлекамам“. Незаконная грашовая ўзнагарода для Ўцюрына складала адну трэцюю ад сумы дамовы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы ахоўнік Лукашэнкі Ўцюрын папрасіў дапытваць яго на закрытым паседжаньні. Суд адмовіўПавлоде матэрыялаў справы, за гэтую апэрацыю Ўцюрын у два этапы атрымаў 190 тысяч даляраў. Апошняя перадача грошай адбывалася 21 красавіка 2019 году, ужо пасьля затрыманьня кіраўніка «Белтэлекаму» Сяргея Сівадзедава. Указаньні на заключэньне дамовы з расейцамі намесьнік кіраўніка Савета бясьпекі даваў са свайго кабінэта № 405 на Карла Маркса, 38. Званіў наўпрост міністру сувязі і дырэктару «Белтэлекаму», выкарыстоўваў для гэтага ўрадавую сувязь.
Дамова паміж «Белтэлекамам» і расейскай кампаніяй «Смартлабс» датычыла паставак абсталяваньня для сыстэмы «Зала». З матэрыялаў справы вынікае, што дырэктар «Белтэлекаму» Сівадзедаў атрымліваў хабар пры непасрэдным удзеле Ўцюрына. Памер незаконна атрыманых генэральным дырэктарам «Белтэлекаму» сродкаў сьледзтва ацэньвае ў ня менш за 470 тысяч даляраў.
Слуханьні ў «справе Ўцюрына» працягваюцца. Пасьля допыту 16 абвінавачаных заплянавана апытаньне сьведак.
«Справа Андрэя Ўцюрына». Што трэба ведаць
- Пра арышт намесьніка старшыні Савету бясьпекі Андрэя Ўцюрына стала вядома 29 красавіка 2019 году. 1 траўня на Нацыянальным прававым партале зьявіўся ўказ Лукашэнкі аб звальненьні Ўцюрына з пасады намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі «за правіны, што дыскрэдытуюць званьне вайскоўца».
- Да працы ў Савеце бясьпекі Андрэй Уцюрын шмат гадоў кіраваў службай бясьпекі Лукашэнкі — з 2007-га па 2014-ы. Мае два мэдалі «За бездакорную службу» (2-й і 3-й ступеняў), а таксама ордэн «За службу Радзіме» 3-й ступені.
- Справай Андрэя Ўцюрына займалася Сьледчае ўпраўленьне КДБ. На пачатку сьнежня 2019 КДБ паведаміў пра завяршэньне расьсьледаваньня. Стала вядома, што Ўцюрына вінавацяць у хабары памерам 190 тысяч даляраў; акрамя яго, фігурантамі справы зьяўляюцца яшчэ 15 чалавек.
Толькі 2 з 16 фігурантаў «справы Ўцюрына» не прызналі сваёй віны
- Судовы працэс разглядаецца Вярхоўным судом у памяшканьні Маскоўскага суду Менску і, нягледзячы на хадайніцтва абвінавачаных, праходзіць у адкрытым рэжыме.
- На лаве падсудных 8 прадстаўнікоў дзяржаўных структур і 8 бізнэсоўцаў. Сярод іх старшыня праўленьня Беларускага міжбанкаўскага разьліковага цэнтру Фелікс Касьпяровіч, намесьнік кіраўніка галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгій Нацбанку Андрэй Падгорны, дырэктар інфармацыйна-вылічальнага цэнтру Міністэрства фінансаў Юры Зданевіч, выканаўчы дырэктар банку «БелВЭБ» Юры Панамароў, гендырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Сівадзедаў ды іншыя.
- Агульная сума атрыманага чыноўнікамі хабару складае 1 мільён 650 тысяч даляраў.
- У чым вінавацяць. «Службовыя асобы атрымлівалі хабар за заключэньне дамоваў, якія прадугледжвалі ў тым ліку мадэрнізацыю тэлекамунікацыйнага апаратна-праграмнага комплексу і пастаўку абанэнцкіх прыставак з убудаваным модулем Wi-Fi, — гаварылася ў паведамленьні КДБ. — Закупку ліцэнзій для тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, праграмнага забесьпячэньня і абароны інфармацыі, закупку абсталяваньня маршрутызацыі для цэнтральных вузлоў перадачы дадзеных абласных філіялаў РУП „Белтэлекам“, набыцьцё абсталяваньня бесправадной перадачы дадзеных на аснове тэхналёгіі Wi-Fi».