Адказную за каранавірус чыноўніцу Мінздароўя Лукашэнка прызначыў намесьніцай міністра

Прызначаная намесьніцай міністра аховы здароўя Алена Богдан

16 сакавіка Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэньняў.

Міністрам сельскай гаспадаркі і харчаваньня стаў Іван Крупко. Ён заняў месца былога кіраўніка ведамства Анатоля Хацько, які не пратрымаўся на пасадзе і году. Да прызначэньня міністрам Крупко працаваў старшынёй Менскага райвыканкаму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 27. У Беларусі выявілі 6 новых выпадкаў каранавірусу. Карантыну ня будзе

На пасаду намесьніцы кіраўніка Міністэрства аховы здароўя ўзгодненая Алена Богдан, якая да гэтага часу працавала ў ведамстве начальнікам галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдыцынскай дапамогі, экспэртызы, зваротаў грамадзянаў і юрыдычных асобаў. Падчас апошніх прэсавых канфэрэнцый Богдан кантактавала з прэсай як дзяржаўны экспэрт у захадах мэдыкаў супраць распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі.

Колішняга віцэ-прэм’ера Анатоля Калініна, які працяглы час знаходзіўся ў кадравым рэзэрве, прызначылі амбасадарам Беларусі ў Малдове.

Акрамя таго, Аляксандар Субоцін прызначаны памочнікам прэзыдэнта — інспэктарам па Магілёўскай вобласьці, а вакантную пасаду намесьніка міністра культуры заняў Валеры Грамада.

Таксама партфэлі атрымалі шэраг чыноўнікаў абласной і раённай вэртыкалі.