Абвяшчэньне традыцыйнага пасланьня Канстытуцыйнага суду Беларусі да кіраўніка дзяржавы і Палаты прадстаўнікоў мела адбыцца перад Днём Канстытуцыі 15 сакавіка.
Як сказалі БелаПАН у прэс-службе Палаты прадстаўнікоў, пасланьне перанесьлі на няпэўны тэрмін, бо рэкамэндавана абмежаваць масавыя мерапрыемствы. Такую рэкамэндацыю Міністэрства здароўя дало ў сувязі з пандэміяй новага каранавірусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінздароўя прапанавала абмежаваць масавыя мерапрыемствы ў Беларусі ў сувязі з каранавірусам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сувязі з каранавірусам Вольскі вырашыў правесьці канцэрт на Дзень Волі онлайнЗвычайна пасланьні Канстытуцыйнага суду абвяшчаліся ў Авальнай залі Палаты прадстаўнікоў 12 або 13 сакавіка. Цяперашняя рэкамэндацыя Мінздароўя дзейнічае прынамсі да 6 красавіка — рэкамэндавалі (але не забаранялі наўпрост) абмежаваць масавыя мерапрыемствы з замежным удзелам, аб астатніх рашэньні абяцалі прымаць залежна ад бясьпекі для наведнікаў.
Улады Беларусі ня ўводзілі ў краіне карантын у сувязі з каранавірусам. Перанос пасланьня Канстытуцыйнага суду стаўся фактычна першым прыкладам уплыву каранавірусу на выкананьне органамі ўлады сваіх паўнамоцтваў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.