Міністэрства здароўя Беларусі абвясьціла 16 сакавіка абноўленыя зьвесткі пра колькасьць пацыентаў з пацьверджаным новым каранавірусам.
Цяпер у 36 людзей пацьверджаная наяўнасьць COVID-19. Яшчэ ў канцы мінулага тыдня паведамлялася пра 27 выпадкаў і трох пацыентаў, выпісаных здаровымі.
Паводле Мінздароўя, вынікі тэстаў паказалі COVID-19 у пяці студэнтаў БДУ (але клінічных праяваў хваробы ў іх няма) і чатырох грамадзянаў Беларусі, якія прыбылі з Амстэрдаму, Масквы і Мюнхэна (іх ізалявалі ў момант вяртаньня з-за мяжы).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьпеў за 40 хвілін да закрыцьця мяжы. Беларус у апошні момант вярнуўся з ГішпанііУжо выпісалі трох пацыентаў, у якіх раней знаходзілі новы каранавірус, а яшчэ тры «рыхтуюцца да выпіскі».
Яшчэ восем маюць «мінімальныя прыкметы інфэкцыйнага працэсу», яшчэ адзін «у стане сярэдняй цяжкасьці са станоўчай дынамікай», астатнія «ня маюць прыкметаў інфэкцыйнага працэсу».
На кантролі 2583 чалавекі — усе яны ня маюць прыкметаў інфэкцыі. Пад мэдыцынскі і эпідэміялягічны кантроль яны трапілі пры выяўленьні патэнцыйных носьбітаў вірусу і «кантактных асобаў».
З пачатку лютага спэцыялісты правялі звыш 16 тысяч тэстаў на COVID-19, у тым ліку за апошнія суткі 900, яшчэ 200 тэстаў «знаходзяцца ў рабоце», піша Мінздароўя.
«Разьмяшчэньне замежных студэнтаў з краінаў пад пагрозай каранавірусу ў кантакт-цэнтры сябе апраўдала, — дадае Мінздароўя. — На сёньняшні дзень у Менскім абласным цэнтры мэдыцынскай рэабілітацыі „Загорʼе“ знаходзяцца 128 чалавек, у аздараўленчым комплексе БДУ „Брыгантына“ — 153, вольных месцаў цалкам дастаткова для завяршэньня гэтага тыпу абмежавальных захадаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея ўся палае ад каранавірусу». Лукашэнка пра закрыцьцё Масквой мяжыТым часам усе суседзі Беларусі закрываюць межы: Расея абвясьціла пра такое рашэньне 16 сакавіка (а беларускія дыпляматы абяцаюць даць тлумачэньні), астатнія ўжо закрылі межы зь Беларусьсю.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне каранавірус». Беларуска з Чэхіі расказала, як працякае хвароба
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.