Беларускія памежнікі: «Пакуль рашэньняў аб закрыцьці беларуска-расейскага ўчастку мяжы не прымалася»

©Shutterstock

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Антон Бычкоўскі паведаміў Свабодзе, што пакуль ніякіх рашэньняў аб закрыцьці беларуска-расейскага ўчастку мяжы не прымалася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея закрывае мяжу зь Беларусьсю для перамяшчэньня людзей

«Якія яны будуць, вырашыць урад, а ня сам Памежны камітэт. І з улікам таго, што арганы памежнай службы на гэтым участку не прадстаўлены, памежны кантроль не ажыцьцяўляецца, — патлумачыў Свабодзе Антон Бычкоўскі. — Прынятае Расеяй рашэньне патрабуе некаторага часу на рэалізацыю: вызначэньня парадку, мэханізму. І, натуральна, будуць пэўныя выключэньні і гэтак далей».

Што тычыцца практыкі ва ўкраінскім кірунку, у польскім кірунку, Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі атрымаў па дыпляматычных каналах ноты, і ў адпаведнасьці з гэтым дакумэнтам былі вызначаны пункты проспуску, якія сумежны бок лічыць неабходным закрыць, якія захаваць для працы, але з абмежаваньнямі, паведаміў Бычкоўскі.

«Што тычыцца расейскага кірунку, там сытуацыя будзе выглядаць крыху іначай, але пакуль я не гатовы сказаць, як, — мяркуе Бычкоўскі. — Таму што там і двухбаковых пунктаў пропуску як такіх не было, таму, як гэта будзе рабіць Расейская Фэдэрацыя, што азначае „закрыць“, у якім аб’ёме — усё гэта патрабуе прапрацоўкі і паведамленьня, у тым ліку і з расейскага боку.

А з пункту гледжаньня досьведу, які ўжо маем зь іншымі краінамі, грузавы транзыт захаваны, ёсьць пэўныя катэгорыі грамадзян, якія маюць права перасякаць мяжу — з той жа самай Украінай, Польшчай, зараз Літва з Латвіяй вызначаюцца. Так што мэханізм будзе выпрацоўвацца — будзем глядзець».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ