Падзеі 16 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
16 сакавіка 1964 году нарадзіўся Міхал Анемпадыстаў, вядомы як дызайнэр, фатограф, графік, паэт, публіцыст. Анемпадыстаў вучыўся ў Менскай мастацкай вучэльні, працаваў у жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, пляката, фатаграфіі.
Анемпадыстаў напісаў тэксты для музычнага праекту «Народны альбом», які выйшаў у 1997 годзе, а таксама тэксты для песень беларускіх і польскіх рок-гуртоў. З 2011 году мастак зьяўляўся сябрам праўленьня Беларускага саюза дызайнэраў. Удзельнічаў у калектыўных і пэрсанальных выставах за мяжой і ў Беларусі.
Таксама ў гэты дзень
1954 — дзеячамі беларускай эміграцыі было заснавана Англа-беларускае таварыства.
2014 — прайшоў рэфэрэндум, па выніках якога Крым далучылі да Расейскай Фэдэрацыі. Усясьветная супольнасьць не прызнала рэфэрэндум легітымным.
У гэты дзень нарадзіліся
1757 — Ёсіп Казлоўскі, беларускі кампазытар, які быў таксама настаўнікам музыкі Міхала Клеафаса Агінскага. Аўтар палянэзу «Гром победы раздавайся», які быў доўгі час гімнам Расейскай імпэрыі.
1890 — Саламон Міхоэлс, тэатральны актор, старшыня Габрэйскага антыфашысцкага камітэту.
1940 — Бэрнарда Бэрталучы, італьянскі кінарэжысэр.
1946 — Мікалай Кірычэнка, беларускі актор.
У памяці
1940 — памерла Сэльма Лагерлёф, швэдзкая пісьменьніца.
2000 — памёр Павел Пруднікаў, беларускі пісьменьнік. Пруднікаў зьведаў рэпрэсіі 1930-х гадоў і адлюстраваў іх у сваіх творах «Яжовыя рукавіцы» і «Пекла».