Кампанія «Белавія» прыпыняе палёты ў аэрапорты Украіны, Польшчы і Кіпра

Нацыянальны аэрапорт «Менск», ілюстрацыйнае фота

У сувязі з абмежаваньнем міжнародных авіяцыйных перавозак у шэрагу краін з-за сытуацыі з каранавірусам авіякампанія «Белавія» прыпыняе палёты ў аэрапорты Ўкраіны, Польшчы і Кіпра. Пра гэта паведамляе прэс-служба кампаніі.

У Кіеў, Львоў, Харкаў і Адэсу палёты прыпыняюцца з 17 па 31 сакавіка. У Ларнаку — з 15 па 30 сакавіка, у Варшаву — з 15 па 27 сакавіка.

Тым, хто ўжо набыў квіткі на адмененыя рэйсы, прапануюць вярнуць грошы або зьмяніць дату палёту на адзін з дзён да 31 сьнежня 2020 году.

«Зьвярнуцца ў службу падтрымкі авіякампаніі па гэтым пытаньні можна будзе ў любы час да канца 2020 году. Ня трэба рабіць гэта прама зараз. Усе дадзеныя вашага квітка захаваныя ў нас у сыстэме, таму да нас можна зьвярнуцца і пасьля заплянаванай даты палёту, назваўшы нумар вашага квітка. Зьмена даты вылету магчымая толькі адзін раз. У вас ёсьць некалькі месяцаў абдумаць, калі вы захочаце ляцець па квітку ў наступны раз », — гаворыцца ў паведамленьні« Белавія».

Напярэдадні кампанія «Белавія» скасавала рэйсы ў больш чым 20 краінаў праз каранавірус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» скасавала шмат рэйсаў праз каранавірус
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: закрываюць межы, крамы, рэстараны. Што робіцца ў суседзяў Беларусі 14 сакавіка

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ