Зяленскі: Мы ня будзем чакаць афіцыйнай сотні ці тысячы хворых

Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся да народу з тлумачэньнем захадаў, прынятых супраць эпідэміі каранавірусу. Ён заявіў, што Ўкраіна прымае гэтыя захады, не чакаючы афіцыйнай сотні ці тысячы хворых.

«У пытаньні здароўя ўкраінцаў ня можа быць зарана, можа быць толькі запозна», — сказаў Зяленскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Раней сёньня было абвешчана, што Ўкраіна закрые мяжу для іншаземцаў праз 48 гадзін. Зяленскі таксама паведаміў, што праз трое сутак Украіна цалкам закрые авіяцыйныя рэйсы з замежжам.

Пры гэтым ва Ўкраіне афіцыйна пацьверджана толькі тры выпадкі новага каранавірусу. Сёньня таксама была афіцыйна пацьверджана першая сьмерць ад COVID-19 ва Ўкраіне — памерла 71-гадовая жанчына, якая нядаўна наведвала Польшчу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 27. У Беларусі выявілі 6 новых выпадкаў каранавірусу. Карантыну ня будзе