12 сакавіка пяцёрка найбуйнейшых тэхналягічных кампаніяў сьвету (Amazon, Apple, Alphabet, Facebook і Microsoft) страцілі ў суме $416,63 мільярда на фондавых біржах. Тое, што адбываецца з эканомікай сьвету падчас эпідэміі каранавірусу, ужо называюць эканамічным крызісам. Разьбіраемся, як гэта закране Беларусь.
Беларускія кампаніі ўжо губляюць грошы
Найбольшая беларуска-амэрыканская ІТ-кампанія EPAM Systems страціла больш за 2 мільярды даляраў падчас таргоў на фондавых біржах 12 сакавіка, калі рынкі надалей падалі з прычыны пашырэньня каранавірусу і яго меркаванага ўплыву на эканоміку. Усё больш фінансавыя рынкі цярпяць праз пандэмію. Паглядзім, што будзе ў такой сытуацыі зь беларускай эканомікай.
Наўпрост падзеньне ўсясьветных фондавых рынкаў Беларусь не закране, але гэта ўжо «фінансавы крызіс».
«Рынкі абваліліся больш чым на 20%. Такіх падзеньняў не было нават падчас крызісу 2008 году. Пэўныя біржы перажылі найбуйнейшае падзеньне за ўсю гісторыю. Але ў Беларусі асаблівая пазыцыя. Такі крызіс пашыраецца празь фінансавыя рынкі, капіталы бягуць найперш з разьвіцьцёвых краін, інвэстары прадаюць аблігацыі. Але па Беларусі ня ходзяць інвэстары з валізкамі, таму і бегчы няма каму», — тлумачыць старэйшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Brent 33,5 даляра. Сусьветныя рынкі адрэагавалі на навіну пра абвяшчэньне пандэміі
Крызіс можа прыйсьці ў Беларусь з Расеі
Але крызіс Беларусь усё ж закране — праз рэальны сэктар, і прыйдзе ён з Расеі, бо гэта найбуйнейшы экспартны рынак для Беларусі.
«Узьнікнуць цяжкасьці ў расейскіх прадпрыемстваў, і яны зьнізяць экспарт беларускай прадукцыі. Мы бачым зьніжэньне расейскага рубля адносна беларускага. Значыць, для расейцаў нашы тавары стануць даражэйшыя. Значыць, беларускія прадпрыемствы будуць менш зарабляць, зьнізіцца прыток валюты ў краіну», — кажа Вадзім Іосуб.
Можа паўтарыцца крызіс 2009 году
Калі ў Беларусі будзе менш замежнай валюты, будзе большым ціск на беларускі рубель, а гэта значыць, будзе рызыка дэвальвацыі. Падобным чынам на Беларусі адбіўся фінансавы крызіс 2008 году. 1 студзеня 2009 году даляры ў абменьніках падаражэлі на 20,45%.
«Аналягічна разьвівалася сытуацыя ў 2008–2009 гадах. Тады крызіс сур’ёзна закрануў Расею. У пачатку 2009 году ён дайшоў да Беларусі, тады сьвет ужо пачаў падымацца ад крызісу, а да нас гэта дакацілася», — прыгадвае Вадзім Іосуб.
Але пакуль беларускі рубель не дэвальваваны, валютны кошык вырас на 0,14%. Моцныя хваляваньні расейскага рубля толькі адбіваюцца на суаднясеньні беларускага рубля з далярам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найбуйнейшая беларуска-амэрыканская кампанія страціла 2 мільярды даляраў за дзеньШто трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ