Пасьля адбыцьця трох адміністрацыйных арыштаў агулам у 45 дзён выйшаў на волю віцебскі блогер Алесь Круткін. На YouTube ён вядзе відэаканал «Самакруткін». Свабода распытала актывіста пра ўмовы адседкі і далейшыя пляны.
«45 дзён запар — гэта сапраўды шмат, але для мяне гэта ўжо прывычна, бо з улікам папярэдняга арышту адбыў ужо 60 дзён. Вытрымаў», — сказаў Алесь Круткін пра апошні арышт, які закончыўся 12 сакавіка.
Першыя 15 дзён блогера трымалі ў полацкім ізалятары, а потым перавезьлі ў віцебскі ізалятар і пасадзілі ў адзіночку. Адтуль у канцы лютага ўсяго на некалькі гадзін вазілі на суд у Леплі. Там актывіст атрымаў яшчэ 15 содняў, якія адбываў таксама ў Віцебску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сума штрафаў за акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй — 65 тысяч даляраў«Умовы лепшыя, вядома, у Віцебску. Там і ежа смачнейшая, і абыходзяцца больш прыстойна. Выводзяць на прагулянкі і дазваляюць курыць. А ў полацкім ізалятары шмат мясцовых абмежаваньняў.
Зрабіў для сябе выснову, што міліцэйскія ізалятары чамусьці карыстаюцца аўтаноміяй. У ВНУ аўтаноміі няма, а ў ізалятараў хапае. У полацкім ізалятары чамусьці не перадавалі мне лістоў ад дзяўчыны, а ў віцебскім праблемаў з карэспандэнцыяй не было.
Але збольшага вялікіх прэтэнзіяў у мяне да турэмнікаў няма. Больш-менш робяць сваю справу, сьцерагуць хуліганаў ды людзей бязь месца жыхарства, а калі даводзіцца, дык і палітычных вязьняў, да якіх я сябе далучаю.
Прэтэнзіі ёсьць да Лукашэнкі, бо гэта ён стварыў сыстэму, якая помсьціць за палітычную актыўнасьць. У вязьніцах шмат людзей, у тым ліку міліцыянтаў, якія са мной былі ў гэтым згодныя», — расказаў Алесь Круткін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адседзеў 26 сутак з 90. Блогер Шэры Кот расказаў, чаму яго караюць за менскія пратэсты больш за ўсіхПершыя 15 дзён адміністрацыйнага арышту з агульных 45 Алесю Круткіну прысудзіў Кастрычніцкі раённы суд Віцебску за удзел у мітынгу ў абарону незалежнасьці, які прайшоў 20 сьнежня 2019 году ў Менску. Пра гэтую справу Алесь Круткін нагадвае: затрымалі яго ў Віцебску пасьля таго, як ён зь сяброўкай наклеіў налепку «Баста». Блогер мяркуе, што пакараньне атрымаў менавіта за гэта. Іншыя кары, на думку Алеся Круткіна, былі таксама помстай за налепкі «Баста».
«Суд праглядзеў відэа, на якім чалавек прычапіў налепку на прыпынку грамадзкага транспарту і пайшоў у краму. Палічылі, што гэта я правёў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Адназначна незаконны прысуд», — мяркуе Алесь Круткін.
Актывіст зьбіраецца і далей весьці свой відэаблог, у тым ліку расказаць пра будучы разгляд ягонай касацыйнай скаргі на прысуд за налепку «Баста» ў Леплі. Віцебскі абласны суд разгледзіць скаргу 18 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я прымушаю ўлады працаваць». Як жыве вясковая блогерка, якую 6 разоў аштрафавалі за сьнежаньскія пратэсты