Міністэрства здароўя днём 12 сакавіка расказала пра «санітарна-эпідэміялягічныя захады» і «апрацоўку кантактаў другога ўзроўню» ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце.
Цяпер унівэрсытэт працуе ў звычайным рэжыме, а хворых на COVID-19 сярод студэнтаў БДУ ня выявілі. Але групу студэнтаў, якіх аднесьлі да «кантактаў ІІ узроўню» (гэта значыць, яны не кантактавалі з хворым шчыльна), шпіталізавалі ў шпіталь вэтэранаў для далейшых тэстаў на новы каранавірус.
Днём раней Telegram-канал «Отчислено» расказваў, што аднаго са студэнтаў БДУ шпіталізавалі з тэмпэратурай, а ў студэнтаў ІІ курсу спэцыяльнасьці «Міжнародныя адносіны», пісалі на канале, «бяруць мазкі проста ва ўнівэрсытэце».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.