Прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША, былы віцэ-прэзыдэнт Джо Байдэн выйграў у шасьці штатах на праймэрыз Дэмакратычнай партыі. Але Бэрні Сандэрс яшчэ можа стаць канкурэнтам дзейнаму прэзыдэнту, рэспубліканцу Дональду Трампу.
Джо Байдэн абагнаў свайго канкурэнта Бэрні Сандэрса ў штатах Місісіпі, Місуры, Мічыган, Паўночная Дакота, Айдаха і Вашынгтон.
10 сакавіка вызначалася доля галасоў 352 дэлегатаў летняй Нацыянальнай канвэнцыі Дэмакратычнай партыі, дзе выберуць кандыдата ў прэзыдэнты.
Для гэтага кандыдату трэба набраць 1990 галасоў сярод 3979 дэлегатаў. Байдэн значна апярэджвае Сандэрса зь лікам 664 на 573. Паводле вынікаў галасаваньня 10 сакавіка вядома, хто атрымае галасы 47% усіх дэлегатаў на будучым зьезьдзе партыі.
У прэзыдэнцкай гонцы ад дэмакратаў яшчэ застаецца трэцяя прэтэндэнтка: 38-гадовая дэпутатка з Гаваяў Талсі Габард. Але яна здабыла галасы толькі двух дэлегатаў. Астатнія прэтэндэнты спынілі ўдзел у праймэрыз (з тых чатырох, якія здабылі галасы дэлегатаў, тры падтрымалі Байдэна).
На ўсіх праймэрыз Рэспубліканскай партыі, што ўжо прайшлі, упэўненую перамогу атрымліваў дзейны прэзыдэнт Дональд Трамп. У выніку праймэрыз амэрыканскія партыі вылучаюць сваіх кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах, што пройдуць 3 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн вылаяўся на рабочага заводу ў Мічыгане. ВІДЭА