За студзень 2020 году Беларусь прадала на экспарт тавараў і паслуг на 2,6982 млрд даляраў, а імпартавала — на 2,4044 млрд, паведамляе Нацыянальны банк.
Агулам замежны гандлёвы абарот зьнізіўся на 13,8% да студзеня 2019 году. Экспарт упаў на 13,4%, імпарт — на 14,2%.
Сальда засталося дадатным: экспартавалі больш, чым імпартавалі. Але годам раней яно было большым на 21,1 млн даляраў.
Пры тым, што ў студзені-2020 абарот тавараў скараціўся на 17,1% (упаў як імпарт, так і экспарт, а сальда стала крыху меншым за нуль), абарот паслуг крыху вырас — на 1,5% (імпарт упаў, экспарт вырас, сальда стала яшчэ больш дадатным).
Яшчэ ў мінулым сьнежні назіраўся істотны рост: абарот у сьнежні 2019-га вырас на 14,6% да сьнежня 2018-га. Але гэта было хутчэй за кошт імпарту: ён вырас на 20,6%, калі экспарт — толькі на 8,3%.
Агулам за 2019 год абарот амаль не зьмяніўся — упаў менш як на 0,1% паводле папярэдніх ацэнак Белстату. Экспарт упаў на 2,86%, а імпарт вырас на 2,34% (сталі больш экспартаваць у Расею, больш імпартаваць у краіны па-за СНД).
Белстат: усё яшчэ горш
Паводле Белстату, з папраўкай на бягучыя цэны абвал у студзені-2020 да студзеня 2019 яшчэ большы: мінус 16,1% абароту, мінус 16,6% экспарту, мінус 15,6% імпарту.
З такой папраўкай імпарт з Расеі ўпаў на 28,4%, экспарт туды вырас на 8,6%. Імпарт з краінаў па-за СНД вырас на 2,7%, а экспарт упаў на 39,4% (пры тым з Эўразьвязу імпарт упаў на 8,7%, экспарт — аж на 47,7%).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У лютым цэны ў Беларусі вырасьлі. Індэксацыі заробкаў ня будзе