Прадстаўнікі расейскай апазыцыі падалі заяўкі ў мэрыю Масквы на правядзеньне мітынгаў супраць абнуленьня прэзыдэнцкіх тэрмінаў Уладзіміра Пуціна. Пра гэта паведамляе «МБХ мэдыя».
Заяўкі падалі прадстаўнікі «Адкрытай Расеі», каманды Ягора Жукава і «Партыі пераменаў». Яны плянуюць правесьці мітынг на праспэкце Сахарава 21 або 22 сакавіка. Заяўленая колькасьць удзельнікаў — 50 тысяч чалавек. Таксама заяўку на 21 і 22 сакавіка падаў рух «Грамадзянская супольнасьць».
Раней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пагадзіўся зьняць абмежаваньне сабе на новае прэзыдэнцтва. Паводле яго слоў, гэта будзе магчыма, калі з такой папраўкай у Канстытуцыі пагодзіцца Канстытуцыйны суд Расеі. Пра гэта ён заявіў, выступаючы перад ніжняй палатай парлямэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждума Расеі падтрымала папраўку пра «абнуленьне» прэзыдэнцкіх тэрмінаў