На судзе аб катастрофе малайзійскага «Боінга» над Данбасам 17 ліпеня 2014 году, які адкрыўся ў панядзелак у Нідэрляндах, пракурор прадставіў абвінаваўчае заключэньне.
Міжнародная сьледчая група, якая расьсьледавала катастрофу «Боінга», прыйшла да высновы, што ён быў зьбіты з устаноўкі «Бук», якая прыбыла на ўсход Украіны з расейскай вайсковай часткі.
Абвінавачваньні выставілі тром грамадзянам Расеі — гэта Ігар Гіркін (Стралкоў), Сяргей Дубінскі, Алег Пулатаў, і аднаму грамадзяніну Ўкраіны — Леаніду Харчанку. Усе яны мелі дачыненьне да падтрыманых Расеяй сэпаратыстаў на Данбасе, якія вялі баі супраць украінскай арміі. Стралкоў у момант катастрофы быў камандуючым сіламі сэпаратыстаў. Дубінскі быў яго падначаленым і ўзначальваў выведку. Пулатаў і Харчанка, як лічыць сьледзтва, маюць дачыненьне да перапраўкі «Бука» на Данбас.
Іх судзяць завочна — ніводны зь іх не прыехаў у Нідэрлянды на судовы працэс.
У абвінаваўчым заключэньні, абнародаваным на сайце нідэрляндзкай пракуратуры, фігуруюць два абвінавачаньні — ва ўласна зьнішчэньні самалёта і ў забойстве.
У дакумэнце пазначана, у якіх менавіта дзеяньнях падсудных абвінавачаньне бачыць склад злачынства. У прыватнасьці, сьцяврджаецца, што абвінавачаныя (асабіста або апасродкавана) спрыялі таму, што ва Ўкраіну быў дастаўлены расейскі «Бук» з экіпажам. Выступаючы ў судзе, прадстаўнік абвінавачваньня заявіў, што расьсьледаваньне працягваецца, і сьледчыя спрабуюць высьветліць асобы экіпажу «Бука», а таксама тых, хто аддаваў ім загады.
Таксама ў абвінавачваньні сказана, што падсудныя аддавалі распараджэньне пра тое, дзе менавіта разьмясьціць «Бук», а таксама спрыялі таму, каб комплекс быў вывезены з тэрыторыі Ўкраіны назад у Расею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гаазе судзяць за Boeing, зьбіты над Данбасам у 2014 годзе. ВІДЭАЧацьвёра абвінавачаных, на думку сьледзтва, адыгралі ключавую ролю ў апэрацыі з «Букам», хоць, як заявіў пракурор, «кпопку націскалі не яны, а экіпаж». У абвінавачаньні таксама не гаворыцца, ці наўмысна быў зьбіты «Боінг», ці па памылцы. Выступаючы ў судзе, пракурор сказаў, што гэта ня так важна, бо чалавека, які застрэліў бы выпадковага мінака, пераблытаўшы яго са сваім ворагам, усё адно судзілі б за забойства.
Пракурор таксама заявіў, што сьведкі абвінавачваньня застануцца засакрэчанымі, паколькі асьцерагаюцца перасьледу з боку Расеі і сэпаратыстаў.
Трое з чацьвярых абвінавачаных, з кім удалося звязацца журналістам, — Стралкоў, Дубінскі і Пулатаў — адмаўляюць сваю віну. На працэсе ў Нідэрляндах прадстаўлены толькі Пулатаў. Яго абараняюць двое нідэрляндзкіх адвакатаў. Яны заявілі ў судзе, што Пулатаў адмаўляе сваю датычнасьць да катастрофы «Боінга». Па словах адвакатаў, справа патрабуе дадатковага расьсьледаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 298 загінулых, зь іх 80 дзяцей. Што вядома праз 5 гадоў пасьля катастрофы MH17На борце «Боінга» «малайзійскіх авіяліній» загінулі 298 чалавек, галоўным чынам жыхары Нідэрляндаў. Таму гэтая краіна арганізавала працу міжнароднага сьледзтва, і ў ёй праходзіць суд.
Расейскія ўлады адмаўляюць дачыненьне Расеі да катастрофы «Боінга», у той час як Нідэрлянды і Аўстралія раней заклікалі Маскву прызнаць сваю адказнасьць.
Старшыня на працэсе заявіў, што суд, хутчэй за ўсё, будзе доўжыцца да 2021 году. Працэс ня будзе ісьці кожны дзень, судовыя паседжаньні арганізуюць з інтэрвалам некалькі месяцаў.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі перад пачаткам слуханьняў заявіў, што ўпэўнены: «справядлівасьць будзе адноўленая і вінаватыя панясуць пакараньні».
Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Майк Пампэо заявіў, што вінаватыя мусяць панесьці пакараньне, а ЗША «ўпэўненыя ў судовай сыстэме Нідэрляндаў і заклікаюць усе краіны цалкам супрацоўнічаць з расьсьледаваньнем трагедыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нідэрляндах адкрыецца мэмарыял ахвярам катастрофы МН17