Супрацоўнік ДАІ прастрэліў нагу нецьвярозаму пасажыру

Увечары 8 сакавіка супрацоўнікі ДАІ атрымалі паведамленьне пра машыну зь нібыта нецьвярозым кіроўцам у вёсцы Ільля Вялейскага раёну Менскай вобласьці. Разбор закончыўся стралянінай.

Паводле прэс-сакратаркі МУС, супрацоўнікі ДАІ пабачылі машыну, якая зьехала з дарогі блізу парку на вуліцы Савецкай.

У часе разбору адзін з пасажыраў «замінаў адміністрацыйнаму працэсу», «стукаў рукамі па службовай машыне, абражаў міліцыянтаў, затым аднаму зь іх нанёс удар кулаком у твар».

Сьцьвярджаецца, што супрацоўнік ДАІ неаднаразова папярэджваў мужчыну аб магчымым ужываньні гвалту, спэцыяльных сродкаў і агнястрэльнай зброі», затым зрабіў тры папераджальныя стрэлы ў паветра і пасьля — прыцэльны стрэл у нагу.

МУС публікуе ўрывак відэа, на якім чуваць спрэчку з чалавекам, які размаўляе, як нецьвярозы, але не чуваць і не відаць бойкі і стрэлаў.

Мэдыкі, якія прыбылі на месца здарэньня, як піша МУС, аказалі першую дапамогу мужчыну, шпіталізавалі яго, пасьля выявілі ў яго 1,48 праміле алькаголю (гэта лічыцца алькагольным ап’яненьнем, у некаторых клясыфікацыях адносіцца да лёгкага, у іншых да сярэдняга ап’яненьня).

МУС дадае, што мужчына быў раней судзімы за крадзяжы, неаднаразова прыцягваўся да адказнасьці за парушэньні правілаў дарожнага руху.

Цяперашнім ягоным дзеяньням яшчэ не далі прававой ацэнкі. Але калі за супраціў міліцыянту з ужываньнем гвалту паводле ч. 2 арт. 363 КК могуць прысудзіць да 5 гадоў пазбаўленьня волі, то за гвалт з мэтай перашкоды законнай дзейнасьці міліцыянта — ужо да 6 гадоў пазбаўленьня волі паводле арт. 364 КК Рэспублікі Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія памежнікі затрымалі кантрабандыста, страляючы за 5 мэтраў ад Літвы