Сьледчы камітэт прапанаваў канфіскоўваць крыптавалюту і аслабіць пакараньне за «лайкі» пад порна

Іван Наскевіч, старшыня Сьледчага камітэту Беларусі

Старшыня Сьледачага камітэту Беларусі Іван Наскевіч у інтэрвію тэлеканалу СТВ расказаў аб прапановах сьледчых у зьменах заканадаўства.

Паводле Наскевіча, у 2019 годзе ў Беларусі зафіксавалі ўдвая больш «кібэрзлачынстваў», чым годам раней. З 91,5 тысячы ўсіх зафіксаваных злачынстваў у краіне 11,5 тысячы былі зьвязаныя з высокімі тэхналёгіямі.

Наскевіч зьвязаў гэта з тым, што грамадзтва ўсё больш адыходзіць ад наяўных грошай і пераходзіць на разьлікі праз інтэрнэт, таму і злачынствы ў сфэры інтэрнэт-плацяжоў атрымліваюць большае распаўсюджаньне.

«Банальныя крадзяжы з банкаўскіх картак», адзначыў Наскевіч, раскрываюцца даволі лёгка, і ў суд ідзе вялікі адсотак выпадкаў крадзяжоў картак, забытых у банкаматах або з кішэні пацярпелага. Але іншыя злачынствы выклікаюць цяжкасьці — шмат якія з кібэрзлачынстваў інтэрнацыянальныя.

Што прапануе Сьледчы камітэт

Наскевіч агучыў у інтэрвію шэраг прапановаў аб зьменах у заканадаўстве, у прыватнасьці ў Крымінальны і Адміністрацыйны кодэксы.

  • Увесьці адказнасьць за незаконнае абарачэньне рэквізытаў банкаўскіх картак. У тым ліку за так званы «вішынг» — выпадкі, калі ў чалавека выпытваюць рэквізыты картак праз тэлефон ад імя банку. Гэта хочуць кваліфікаваць як «незаконнае абарачэньне плацежных інструмэнтаў» (арт. 222 КК).
  • Не крымінальны, а адміністрацыйны артыкул за падабайкі пад порна. Як і раней, СК прапануе дэкрыміналізаваць ч. 1 арт.343 КК для выпадкаў, калі чалавек, напрыклад, паставіў падабайку пад порнаролікам або зрабіў рэпост порна, ня ведаўшы, што такім чынам робіць крымінальнае злачынства. Каб так рабіць, трэба ўнесьці адпаведнае парушэньне ў КаАП. А паводле КК караць пры паўторным «незаконным лайку».
  • Канфіскоўваць крыптавалюту. Пакуль у выпадках, калі крыптавалюта зьяўляецца прадметам злачынства, няма мэханізму рэгуляваньня канфіскацыі.
  • Пры ператрусах не канфіскоўваць тэхнікі. Толькі капіяваць з электронных носьбітаў неабходную інфармацыю падчас ператрусаў, агляду месца злачынства і іншых працэсуальных дзеяньнях, каб не паралізоўваць дзейнасьць суб’ектаў гаспадараньня. Гэта магчыма будзе рабіць на месцы, не канфіскаваўшы кампутары або тэлефоны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя вярнула менчуку пляншэт пасьля экспэртызы з порна і фатаздымкамі незнаёмых людзей