Сусьветныя цэны на нафту абрынуліся на 30%. Гэта самае рэзкае падзеньне з 1991 году. Цэны на нафту на азіяцкіх рынках абваліліся больш чым на 31% пасьля пачатку таргоў у панядзелак. Гэта адбылося пасьля таго, як у пятніцу краіны OPEC не змаглі дамовіцца з Расеяй аб скарачэньні здабычы, піша Bloomberg.
Цана ф’ючэрсаў на нафту Brent адразу пасьля адкрыцьця таргоў 9 сакавіка ўпала на 30% — з $ 45 да $ 31,02 за барэль. Гэта самае вялікае падзеньне цаны на Brent за 1 дзень з часоў вайны ў Пэрсідзкай затоцы ў 1991 годзе. Цана нафты WTI пасьля адкрыцьця падала на 27% — да $ 30.
Расейская нафта Urals каштуе на некалькі даляраў меней за Brent.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкордныя зьніжкі на нафту і дрэнныя наступствы для Расеі: на нафтавым рынку пачынаецца гандлёвая вайна
У мінулую пятніцу OPEC і Расея, ня здолеўшы дамовіцца аб новым скарачэньні здабычы нафты, разарвалі ўгоду, якая падтрымлівала цэны з 2016 году. Ужо празь некалькі гадзін пасьля правалу перамоваў Саудаўская Арабія, фактычны лідэр OPEC, пачала цэнавую вайну, зьнізіўшы цану сваёй нафты для імпартэраў у Эўропе, Азіі і ЗША на максымальную за 20 гадоў велічыню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакараць Расею». Што стаіць за абвалам нафтавых цэнаў