У Расеі выяўленыя чатыры новыя выпадкі заражэньня каранавірусам COVID-19. Пра гэта паведамляе апэратыўны штаб. Трое пацыентаў знаходзяцца ў Ліпецку, адзін — у Санкт-Пецярбургу. Усе яны нядаўна вярнуліся з Італіі.
У пятніцу, 6 сакавіка стала вядома пра шэсьць новых хворых расейцаў.
Усяго ў Расеі выяўлена 14 выпадкаў заражэньня. Большасьць хворых наведвалі Італію. Адзін з пацыентаў сёньня выпісаны са шпіталя ў Маскве.
З прычыны распаўсюджваньня новага віруса COVID-19 маскоўскія ўлады ўвялі рэжым павышанай гатоўнасьці. Ён прадугледжвае самаізаляцыю на два тыдні людзей, якія вярнуліся з Кітаю, Паўднёвай Карэі, Італіі і іншых краін з высокім узроўнем распаўсюджваньня інфекцыі.
СМІ і карыстальнікі сацыяльных сетак паведамляюць пра першыя штрафы для тых, хто вымушана пакінуў хатні карантын. Паліцыянты выяўляюць іх праз камэры відэаназіраньня пад’ездаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства аховы здароўя: першы пацыент з каранавірусам выздаравеў
Як паведамлялі СМІ, паводле асаблівага рашэньня гарадзкіх ўладаў можа быць спынена праца грамадзкага транспарту, зачыненыя ўезд і выезд, уведзена камэнданцкая гадзіна і патруляваньне вуліц.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін даручыў стварыць з хуткаўзьведзеных канструкцый спэцыяльны корпус на базе першай інфэкцыйнай клінічнай бальніцы для лячэньня хворых. Такі шпіталь быў пабудаваны ў кітайскім горадзе Ухань, дзе былі зафіксаваныя першыя выпадкі заражэньня новым вірусам.
Усяго ў сьвеце новы каранавірус выяўлены больш чым у 100 тысяч чалавек. Больш за 3500 памерлі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ