У Расеі зафіксавана шэсьць новых выпадкаў каранавірусу

Дэзынфэкцыя электрабуса ў Маскве.

У Расеі ў пятніцу пацьверджаныя шэсьць новых выпадкаў заражэньня каранавірусам COVID-2019. Пра гэта паведаміў апэратыўны штаб барацьбы з распаўсюджваньнем інфэкцыі.

Паведамляюць, што пяць новых выпадкаў зафіксаваныя ў Маскве і адзін у Ніжнім Ноўгарадзе. Паводле папярэдніх дадзеных, кожны з шасьцi інфікаваных нядаўна наведваў Італію.

Колькасьць інфікаваных ў Расеі дасягнула 8. Яшчэ 5 чалавек паправіліся — гэта двое грамадзян Кітаю і трое расейцаў, якія заразіліся на круізным лайнэры Diamond Princess. У пятніцу ўлады паведамілі, што гэтыя трое былі выпісаныя з бальніцы ў Казані.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнты БНТУ будуць вучыцца ў звычайным рэжыме ад 10 сакавіка

Мэр Масквы Сяргей Сабянін напярэдадні падпісаў указ пра абвяшчэньне ў Маскве «рэжыму павышанай гатоўнасьці». У прыватнасьці, усім жыхарам расейскай сталіцы, якія прыехалі з краін з падвышанай небясьпекай заражэньня, прадпісана паведамляць пра гэта ўладам і выконваць на працягу 14 дзён «рэжым самаізаляцыі». На працоўных месцах работнікам павінны вымяраць тэмпэратуру. Прадугледжаны і іншыя захады.

СМІ паведамлялі аб падрыхтаваных уладамі Масквы плянах на выпадак распаўсюджваньня эпідэміі. Найбольш жорсткі варыянт прадугледжвае закрыцьцё ўезду і выезду з гораду, скасаваньне руху грамадзкага транспарту, спыненьне дзейнасьці ўсіх прадпрыемстваў, акрамя тых, якія забясьпечваюць жыцьцядзейнасьць гораду.

  • Усяго ў сьвеце ў пятніцу колькасьць хворых на новы каранавірус перавысіла 100 тысяч. Памерлі больш 3400 чалавек. Большасьць пераносіць інфэкцыю як звычайнае ВРВІ, аднак у 15-20 працэнтах выпадкаў вірус выклікае сур’ёзныя ўскладненьні, у тым ліку запаленьне лёгкіх, прычым радыкальнай тэрапіі на гэты момант не існуе.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ