Вікторыя* (імёны зьмененыя) аказвала інтымныя паслугі 20 гадоў таму. Чаму пайшла ў прафэсію, што было найстрашнейшым і як вярнулася да звычайнага жыцьця, яна расказала Свабодзе.
Зарабляла прастытуцыяй сем гадоў
Вікторыя — элегантная жанчына спартовага складу, з кароткай фрызурай і ўважлівым позіркам. Ёй 44 гады. Яна сустракае журналістаў у сябе дома, у джынсах, без макіяжу. У старэнькай кватэры акуратна, шмат прасторы, сьцены пры ўваходзе расьпісаныя кветкамі ад рукі самой гаспадыняй, адведзена месца для абразоў.
Цяпер Вікторыя працуе касірам, паводле адукацыі — эканаміст. У юнацтве бралася за самыя розныя працы. На зломе стагодзьдзяў сем гадоў зарабляла прастытуцыяй у Польшчы, Беларусі, Нямеччыне, Літве. Мужа і дзяцей ня мае.
Пачала інтымны бізнэс у 22 гады. Ейны хлопец Анатоль «прадаў» яе за 50 даляраў у польскі прытон на мяжы зь Нямеччынай: унізе рэстарацыя, наверсе — пакоі для адпачынку. Прадаў — значыць прапанаваў сябру, які шукаў дзяўчат для прастытуцыі за мяжой, і атрымаў за гэта грошы. Задача Вікі была падсесьці да мужчыны ў рэстарацыі, пагутарыць, выпіць зь ім, спадабацца і завесьці ўгару. Паўгадзіны ў спальні каштавала 20 марак, гадзіна — 40. Празь некалькі дзён бардэль накрыла паліцыя. Поўны аўтобус дзяўчат выслалі дадому.
У «прафэсію» накіраваў ейны хлопец
Анатоль нідзе не працаваў і прапанаваў Віцы працягнуць ейны занятак на радзіме. Тады было шмат абвестак у газэтах «Высокааплатная праца для дзяўчат». Усе разумелі, што гэта значыць. У занятку ягонай партнэркі Анатоля ўсё задавальняла.
Кандыдатак зацьвярджала маладая дзяўчына, або «мамка». Новенькая ёй спадабалася. Апранацца і фарбавацца можна было як хочаш. Віка была ў джынсах і амаль без касмэтыкі. У першы ж дзень была замова.
«Тады страху не было. І сорамна не было. Сур’ёзнага асэнсаваньня, што калечу сабе жыцьцё, — таксама», — кажа Вікторыя.
Дзялілі прыбытак з таксістамі, гатэлямі, рэстарацыямі і бандытамі
Гадзіна інтыму ў Горадні каштавала 10 даляраў, ноч — 50. У кішэню дзяўчыны на выклік ішло ня болей за палову сумы. Нелегальны бізнэс дзяліўся таксама зь мясцовымі бандытамі, якія кантралявалі горад. Сваю долю атрымлівалі таксісты, працаўнікі гатэляў і рэстарацыяў за супрацу.
«Офіс» месьціўся ў звычайнай кватэры. Ейны тэлефон падавалі ў абвестцы. Кліентаў пыталі, якія дзяўчаты іх цікавяць, прыяжджалі некалькі на выбар. «Мамка» забірала грошы і вярталася па дзяўчыну праз гадзіну.
Дзяўчаты ішлі ў гэтую прафэсію, з словаў Вікторыі, і сарамлівыя, і «зоркі», «90–60–90» і зь «неідэальнымі» парамэтрамі.
«У нас была дзяўчына зь вялікімі грудзямі і пухлымі вуснамі, яе мучылі на выкліку. Са мной любілі паразмаўляць», — кажа суразмоўца.
Міліцыянты таксама карысталіся інтымнымі паслугамі
Сярод кліентаў пераважна трапляліся расейцы, дальнабойнікі, тыя, хто гнаў машыны, былі палякі, а літоўцаў мала. Узростам ад 35 гадоў. З мясцовых большасьць былі нежанатыя. Міліцыянты таксама карысталіся паслугамі. Затрымлівалі нячаста.
Паводле Вікторыі, стаўленьне кліентаў да прастытутак розьнілася.
«Часам пазыцыя ў ложку была вельмі прыніжальная. Пэўна, мужчына сабе хацеў нешта даказаць або злосьць на мне спагнаць. Было жорстка і балюча. Тых, хто казаў: „Я б хацеў, каб і ты атрымала задавальненьне“, было няшмат. Некаторыя выбачаліся за тое, што ў іх не атрымалася. Яны давалі больш грошай».
«Толькі адна чвэрць мужчын, зь якімі я працавала, умелі займацца сэксам. Іншыя засяроджваліся на сваёй даўжыні, таўшчыні, уменьні заводзіцца з паўабарота. Аб жаночых пачуцьцях, ці табе зручна, прыемна, яны не клапаціліся».
Самымі страшнымі былі забавы бандытаў
Самым страшным у сваёй былой працы Вікторыя называе «суботнікі», калі бандыты вырашалі адпачыць і забіралі прастытутак «на хату», у лазьню або проста ў лес. Ніхто ні за што не плаціў, трымалі доўга, зьдзекваліся і білі. Часта бандыты былі моцна п’яныя або пад іншымі рэчывамі.
«Такія „ляснутыя“ вывезьлі нас за горад. Было страшна. Яны былі, відаць, пад наркотыкамі. Мы прыехалі ў лес на паляну. Машыны паставілі паўколам, уключылі фары. Нам сказалі распрануцца і абаперціся аб капот — так нас выбіралі. Там не саромеліся. Ніхто нікуды не сыходзіў, усе на вачах ва ўсіх. За валасы бралі, груба ставіліся», — узгадвае жанчына адзін з выпадкаў.
У Літве трапіла ў няволю
Вікторыя кажа, што займалася прастытуцыяй дзеля свайго хлопца, дакладней, каб былі грошы на іх дваіх.
«Я заўсёды лічыла сябе брыдкім качанём. У мяне не было хлопцаў, сябровак. Мяне дражнілі за крывыя ногі. І тут Толічак зьявіўся. Я яму вершы чытала. Ён мяне слухаў, я квітнела. Гэта ўсё было дзеля яго. Ня ведаю, ці ён мяне кахаў, але я яго кахала. Я зараблю, сабе нешта куплю, але найбольш на яго траціла».
Пасьля некалькіх гадоў у Беларусі быў нямецкі пэрыяд. Там працавалася больш-менш спакойна. Паслугамі шмат карысталіся эмігранты з Усходняй Эўропы. Амаль усе заробленыя грошы Вікторыя перасылала Анатолю.
Па кароткім перапынку ў Беларусі дзяўчына зноў паехала на заробкі ўжо ў Літву. Аднак там у яе забралі дакумэнты і фактычна скралі ў пасярэдніка, які запрасіў на працу. Тры месяцы яна жыла ў няволі ў недабудаваным доме без ацяпленьня і прыбіральні. Прадукты прывозілі раз на тыдзень, мыцца дазвалялі раз на месяц.
«У мяне рвала дах. Аднойчы трапіліся кліенты з майго роднага гораду. У мяне пачалася гістэрыка, я прасіла выпусьціць мяне. Яны сказалі: „Мы ня можам“. Я вярнулася ў той жа дом. У мяне быў жаласьлівы стан».
У «злодзеяў» дзяўчыну выкупілі іншыя сутэнэры. Умовы жыцьця сталі лепшыя: з камфортнай кватэрай і кішэннымі грашыма. Але і там было цяжка. Неяк п’яны кліент зьбіў Вікторыю, зламаў ёй нос. Гэта стала апошняй кропляй.
«Толік ня верыў, што вярнуся»
Яна зьбегла з кватэры бяз пашпарту, у летнім адзеньні, хоць была раньняя вясна. На радзіму вярталася аўтобусам праз Друскенікі. Таксіст давёз да мяжы, але не да памежнага пераходу, а пад лес. Паказаў кірунак, у якім ісьці. Тое, што адбывалася далей, жанчына лічыць цудам.
«Я ішла, ішла, насып перайшла, чыгунку перайшла. Калі я ўбачыла ўзараную мяжу, павярнула галаву — за сто мэтраў стаіць будка. Я перажыла такі страх! Я бачыла памежніка, што глядзіць у часопіс».
«Побач стаяла елка. Наперадзе тры мэтры ўзаранай паласы. Я стала за елкай на калені і малілася. Адгаварыла ўсе пацеры, якія ведала. Гаварыла да непрытомнасьці, пакуль не пачула нейкі голас: „Устань і ідзі. Калі будзеш ісьці спакойна, цябе ніхто ня ўбачыць. Калі пабяжыш, цябе зловяць“.
Я ўстала і пайшла. Перайшла. Зайшла ў гушчар, заблукала. І тут пачула стук, як нехта коле дровы. Гэта бабулька на дзялянцы працуе: „Ах ты ж дзетанька мая! Добра, што ты сюды пайшла, бо тут увесь час ладзяць аблавы з сабакамі. А калі б ты туды выйшла, у балота б зайшла“».
Бабуля навучыла, як казаць, калі спыняць памежнікі, якую вёску называць, як пра пашпарт патлумачыць. Так дзяўчына дайшла да чыгуначнай станцыі і села на цягнік да Горадні.
«Калі ступіла на прыступкі роднага вакзалу, у мяне ногі падкасіліся ад палёгкі, я за парэнчы схапілася, каб ня ўпасьці... Толік спачатку мяне не пазнаў, бо ня верыў, што вярнуся. Столькі разоў мяне маглі вывезьці, закапáць, кляфэліну накáпаць. Мяне проста Бог ратаваў».
Сышла ў алькагалізм на 10 год
Дзяўчына асэнсавала, што больш займацца прастытуцыяй ня хоча — небясьпечна, прыніжальна, дый з узростам захацелася звычайную сям’ю і спакойнае жыцьцё.
«Гэта прыніжэньне сябе. Ты сябе аддаеш, як рэч, прыводзіш у парадак, усьміхаесься. Але разумееш, што ты нікому не патрэбная. Патрэбна толькі тваё ўменьне нешта рабіць. Нікога не цікавіць, што ты перажываеш у гэты момант, чаму ты пайшла на гэтую працу, якія твае мары».
Вікторыя перастала займацца прастытуцыяй 15 гадоў таму. Скончыла курсы прадавачак і знайшла працу ў краме. Але «сышла ў алькагалізм на 10 гадоў». Удзень працавала, увечары піла. Кажа, што залівала сваю пустку, асэнсаваньне таго, кім была і што рабіла. Былі думкі скончыць жыцьцё самагубствам, каб прыцягнуць да сябе ўвагу родных.
«У душы пустка. Мне падавалася, што калі зайду ў касьцёл, то ад усіх маіх грахоў ён расколецца. Я настолькі была брудная. Спачатку праводзіш час на такой працы, потым спрабуеш нагнаць жыцьцё. А гэта немагчыма. Калі ня выйшла замуж, не нарадзіла дзяцей, гэта вельмі цяжка. Тады ідзе забыцьцё — ад наркотыкаў або алькаголю. Калі ты ня ўпаў ні ў воднае з двух, тады ў цябе ёсьць трэцяе — Бог».
«Цяпер я шчасьлівая па-іншаму»
Некалькі разоў здараліся прыступы з галюцынацыямі. Вікторыя прызнаецца, што было вельмі страшна. Яна баялася адна заставацца ў кватэры і дагэтуль зьдзіўляецца, як тады не звар’яцела ад перажытага. Родныя завялі яе ў касьцёл. Там, нечакана для сябе, Вікторыя дала абяцаньне перад крыжам і сьвятаром, што год ня будзе піць. Яна не ўжывае алькаголю ўжо 6 гадоў. Іншых спосабаў лячэньня ад алькагалізму, як групы ананімных алькаголікаў або кадаваньне, яна не ўжывала.
«Бог літасьцівы, мяне не забралі ў шпіталь падчас тых прыступаў. Інакш маё жыцьцё магло скласьціся зусім інакш. Мяне б накіравалі на прымусовае лячэньне. Я згубіла б дом, родных і бадзяжнічала б цяпер».
Вікторыя мяркуе, што цяпер шчасьлівая зусім па-іншаму, чым раней.
«Там было простае шчасьце: сёньня зарабіў грошай, магу купіць тое і тое. Цяпер я шчасьлівая, бо магу хадзіць, бачыць, выбіраць, што я хачу, з кім камунікаваць. Куды захацела, туды паехала. Засынаеш і прачынаесься жывая і здаровая — гэта цуд. Ніхто ні да чаго не прымушае. Ведаеш свае правы, можаш абараняцца. Ёсьць шмат спосабаў сябе выявіць. Тады было матэрыяльнае адчуваньне шчасьця. А такой напоўненасьці не было».
«Потым надта цяжкое аднаўленьне»
Зь цяперашняга кола камунікацыі пра ейнае мінулае ведаюць адзінкі. Гэта родныя, сьвятар і некалькі знаёмых.
З Анатолем Вікторыя пражыла 10 год. Ён яе кінуў, бо не атрымлівалася зацяжарыць. Пэўны час яна яшчэ думала пра сям’ю, але прыйшла да высновы, што «ўсіх добрых ужо разабралі». Цяпер жыве самотна. Вывучае псыхалёгію сямейных адносінаў.
«Я не самарэалізавалася ў сямейным пляне — ні як жанчына, ні як маці. У бацькоўскай сям’і я таксама страціла сваю нішу. Са мной нібыта камунікуюць, але той блізкасьці няма. Бо ў той пэрыяд, калі я была патрэбная, мяне не было побач».
Вікторыя мяркуе, што цяжка нешта раіць цяперашнім дзяўчатам, якія займаюцца прастытуцыяй.
«Чым болей забараняеш, тым болей хочацца. Але лепей берагчы сябе для сябе самой. Потым надта цяжкое аднаўленьне, каб стаць чалавекам, які нікому нічога не павінен, жыве звычайным жыцьцём, ходзіць на працу. Варта цаніць і паважаць сябе і як мага хутчэй разьвітацца з „прафэсіяй“. Бо забіваеш сваё жыцьцё, якое можна правесьці зусім па-іншаму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы не баімся гэтай падзеі». У маладэчанскім тэатры паставілі п’есу аб прастытутках ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З кім змагаецца дзяржава, калі змагаецца з прастытуцыяй ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыў на станцыі тэхабслугоўваньня, працаваў на будоўлях. Ва Ўкраіне з рабства вызвалілі беларуса