Ёсьць у Эўропе край, дзе праблемы з тытульнай мовай шмат у чым такія ж, як і ў Беларусі, — гэта Валія. Але, адрозна ад Беларусі, там колькасьць носьбітаў сваёй мовы расьце. За 8 гадоў іх стала на траціну мільёна больш. Як валійцам гэта ўдаецца?
Гэтаму пытаньню прысьвечана вялікае дасьледаваньне Цэнтру Астрагорскага. Яго аўтары — Леся Руднік і Кірыла Гарошка — расказалі ў інтэрвію Свабодзе, што паспрыяла адраджэньню валійскай мовы і ці можа досьвед Валіі (Уэльсу) быць карысны ў Беларусі.
Чым, на думку аўтараў дакумэнту, блізкія Валія і Беларусь у моўным пытаньні
- Беларуская і валійская мовы — дзяржаўныя мовы ў дзьвюх краінах, якія ўваходзяць у палітычны зьвяз з адной ці некалькімі іншымі дзяржавамі.
- У Беларусі і Валіі тытульнай мовай карыстаецца меншасьць насельніцтва.
- У Беларусі па-беларуску размаўляюць 26%, у Валіі на тытульнай мове — 29%.
- І беларуская, і валійская мовы суіснуюць зь іншай дамінантнай мовай — расейскай і ангельскай.
- Абедзьве мовы UNESCO аднолькава ацэньвае як уразьлівыя (на 1-й ступені аслабленьня зь пяці).
Вядома, акрамя падабенства, ёсьць і розьніца. Беларусь -- незалежная дзяржава, а Валія ўваходзіць у Задзіночанае Каралеўства, дзе пануе ангельская мова, мова глябальнага ўплыву. Беларускую мову пасіўна ведаюць, г. зн. разумеюць, большасьць расейскамоўных жыхароў краіны, а валійская і ангельская вельмі далёкія адна ад адной. І трэба ўлічваць, што ва ўмовах брытанскай дэмакратыі масавыя і зацятыя пратэсты валійскамоўных у сярэдзіне ХХ стагодзьдзя акурат і мелі вынікам тое, што дзяржава вырашыла пайсьці на дыялёг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не пакідайце мовы нашай валійскай… Гутарка з мовазнаўцам з ВалііСтан валійскай мовы лепшы, чым іншых моваў Вялікай Брытаніі. І вось чаму
Валійская мова адносіцца да групы кельцкіх. На пачатку ХХ стагодзьдзя яе пачалі ўспрымаць як мова меншасьці. Але на сёньня яна знаходзіцца ў самым выгадным становішчы з усіх рэгіянальных моваў Вялікай Брытаніі. Адрозна ад іншых моваў меншасьцяў у каралеўстве, валійская мова мае статус дзяржаўнай у Валіі.
Леся Руднік: Першы чыньнік — гэта большая колькасьць носьбітаў валійскай мовы. На другім месцы — актыўныя палітычныя дзеяньні. У 1980-я гады ў Валіі былі акцыі пратэсту ў падтрымку валійскай мовы і супраць дамінацыі ангельскай. З другой паловы XX стагодзьдзя валійская мова мела заканадаўчую падтрымку праз розныя акты і дакумэнты. Хутчэй за ўсё, посьпех у адраджэньні мовы — гэта ініцыятыва палітычных элітаў, зацікаўленых валійскай мовай.
Згодна зь перапісам насельніцтва ў 2019 годзе, да 29% (874.000) жыхароў Валіі могуць размаўляць на валійскай.
У перапісе пытаньне пра мову сфармуляванае так: Ці можаце вы разумець, гаварыць, чытаць ці пісаць па-валійску? І далей дэталізаваныя варыянты адказаў: разумею гутарковую мову; размаўляю; чытаю; пішу; не магу нічога з вышэй названага. Ёсьць таксама пытаньне пра «галоўную» (main) мову.
Пытаньне мовы ў Валіі непалітызаванае. Як гэта магчыма
Дэпалітызацыя пачалася ў другой палове XX ст. і заняла прыблізна паўвеку. Былі прынятыя акты аб мове, дзяржаўныя праграмы, адбыліся рэформы ў адукацыі.
Дэпалітызацыя падтрымкі валійскай мовы часткова дапамагла сканцэнтравацца на тэхнічных аспэктах папулярызацыі мовы, лічаць аўтары дасьледаваньня.
Кірыла Гарошка: Да нас прыяжджаў прафэсар з Кембрыджу Колін Уільямс. Ён расказаў, што зьмены там пачаліся толькі пасьля дэпалітызацыі моўнага пытаньня. Датуль у іх была прыблізна такая ж сытуацыя, як і ў нас. З гэтай прычыны ў іх не было кансэнсусу і не было разьвіцьця. А калі ўсе палітычныя колы дамовіліся, што ўсім гэта патрэбна, тады пачалі думаць, як на тэхнічным узроўні гэта ўвасобіць. Усе прызналі, што свая мова — гэта каштоўнасьць, што яна патрэбная і для чаго яна патрэбная.
Руднік: Але важна правільна разумець тэрмін «дэпалітызацыя». Безумоўна, гэта было палітычнае дзеяньне. Бо прымаліся палітычныя рашэньні, зьмянялася заканадаўства, ствараліся палітычныя праграмы. Мы маем на ўвазе палітычны кансэнсус, які ўзьнік вакол валійскай мовы. Гэта тое, што мы рэкамэндуем у выпадку Беларусі. Менавіта такая мадэль патрэбная для папулярызацыі і пашырэньня беларускай мовы.
Ці карыстаецца валійскаю моваю тамтэйшая палітычная эліта
У 1990-я гады быў дзяржаўны дакумэнт, які заклікаў палітыкаў і прадстаўнікоў ураду вывучаць валійскую мову. Для палітыкаў былі даступныя курсы валійскай мовы. У выпадку, калі чыноўнік мовай не валодаў, то заўсёды быў даступны перакладнік, каб людзі, якія зьвяртаюцца ва ўрад, маглі атрымаць адказ па-валійску.
Руднік: Калі яны зьвяртаюцца да якога-хаця чыноўніка, то грамадзянін павінен сказаць, на якой мове той павінен весьці камунікацыю, нават калі запыт на ангельскай мове. А чыноўнік павінен запытаць, на якой мове грамадзянін хоча атрымліваць карэспандэнцыю. З гэтага вынікае, што большасьць чыноўнікаў усё ж ведаюць валійскую, бо наўрад ці кожны чыноўнік мог бы мець свайго перакладніка.
Як можа выглядаць дэпалітызацыя беларускай мовы
У свой час дзяржава зрабіла так, што ў грамадзтве зьявіліся стэрэатыпы пра беларускую мову як мову вёскі, культурнай эліты, апазыцыі. Гэта ўсё блякавала разьвіцьцё беларускай мовы, сьцьвярджае дасьледаваньне.
Гарошка: Дзяржава павінна адступіць у гэтым пытаньні і казаць, што беларуская мова — гэта ня мова апазыцыі, культурнай эліты ці вёскі. Бо дзяленьне грамадзтва — глеба для канфліктаў. Нам трэба казаць, што беларуская мова — гэта проста нацыянальная тытульная мова, якая падтрымлівае незалежнасьць краіны, што гэта маркер ідэнтычнасьці.
Руднік: У беларускім выпадку дэпалітызацыя — гэта давядзеньне беларускай мовы да шырокіх масаў. Мова павінна стаць нечым публічным, эліты павінны перастаць яе баяцца — урады, прэзыдэнты, чыноўнікі, усе, хто выступае ў тэлевізіі і стасуецца з насельніцтвам. Калі мова выходзіць за межы палітычных стэрэатыпаў, то насельніцтва пачынае думаць пра мову, размаўляць і весьці дыялёг. Гэта могуць быць дэбаты або нават канфлікты. Нешта можа зьмяніцца толькі тады, калі тэма абмяркоўваецца ў грамадзтве. Калі беларуская мова стане публічнай ня толькі сярод апазыцыі ці вузкіх палітычных групаў, яна набудзе лепшы статус і папулярнасьць у грамадзтве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трусаў: У вёсцы цяпер гавораць на трасянцы з расейскім матам, а па-беларуску гавораць у МенскуШто робяць валійцы для адраджэньня сваёй валійцы
Падтрымка валійскай мовы рэгулюецца заканадаўчым актам аб валійскай мове ад 2011 году. Ён замацоўвае дзяржаўны статус валійскай мовы, уводзіць пасаду абмудсмэна ў пытаньнях валійскай мовы, Трыбунал валійскай мовы, замацоўвае стандарты і абавязкі, накіраваныя на забесьпячэньне роўнага становішча з ангельскай мовай.
Моўны амбудсмэн адказвае за моўную палітыку, за маніторынг і ажыцьцяўленьне моўных стандартаў, якія складаюць адно з палажэньняў закону, а таксама дапамагае з вырашэньні моўных спрэчак. Са скаргай на рашэньне амбудсмэна можна зьвярнуцца ў Трыбунал валійскай мовы.
Руднік: Вельмі важным чыньнікам ёсьць стратэгія «A Million Welsh Speakers» (Мільён носьбітаў валійскай мовы да 2050 году). Яе сутнасьць у тым, каб колькасьць рэальных носьбітаў мовы вырасла за 30 гадоў да мільёна. Таксама ёсьць стандарты выкарыстаньня валійскай мовы. Гэта вельмі цікавы фэномэн, які існуе толькі ў Валіі. Гэта дадатак да закону аб мове з канкрэтнымі інструкцыямі. Напрыклад, пры правядзеньні бізнэс-сустрэчы або адукацыйнай сустрэчы, калі ёсьць 10% ахвочых праводзіць яе па-валійску, то яна мусіць быць па-валійску. А для тых, хто не размаўляе на гэтай мове, мае быць забясьпечаны перакладнік з ангельскай. Нават калі гэта паўпрыватная сустрэча на катэдры.
Ёсьць таксама шэраг праграмаў, якія адпавядаюць мэце стратэгіі: «Валійская для дзяцей», «Валійская ў тэхналёгіі», «Валійская для бізнэсу». Ёсьць таксама падтрымка СМІ, якія пашыраюць валійскую мову. Улада заклікае распрацоўнікаў мабільных праграмаў выкарыстоўваць валійскую як мага больш. Адрозна ад Беларусі, у Валіі грамадзкія арганізацыі маюць моцную падтрымку ў справе разьвіцьця валійскай мовы.
У пачатку 2020 году плянуецца заснаваць лініі падтрымкі валійскай мовы — сэрвіс бясплатнага перакладу вэб-сайтаў, візуальных матэрыялаў на валійскую для дробнага бізнэсу. Урад Валіі таксама прапануе падтрымку ў арганізацыі розных падзеяў на валійскай мове альбо стварэньні сайту ў Wordpress, дапамогу ў перакладзе лягатыпаў і афішаў для бізнэсу.
Дзякуючы гэтай палітыцы за 30 гадоў валійцы хочуць павялічыць колькасьць носьбітаў тытульнай мовы на 126 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бяз роднай мовы ў Ірляндыі палітычнай кар’еры ня зробіш». Праўда і міты пра адраджэньне ірляндзкай мовыЦі варта беларусам вучыцца ў валійцаў
Аўтары дасьледаваньня рэкамэндуюць вывучаць практыкі розных краін у пашырэньні тытульнай мовы і стварыць гібрыд, які найбольш бы пасаваў да беларускай сытуацыі. Што ў такой канцэпцыі варта ўзяць у валійцаў?
Руднік: Па-першае, моўныя стандарты. Стратэгія можа існаваць, а можа і не існаваць. Пры існаваньні добрага закону аб падтрымцы мовы, які дапаўняецца канкрэтнымі стандартамі, за прыкладам Валіі, гэтага дастаткова для папулярызацыі і падтрымкі беларускай мовы. Стандарты — гэта вельмі дэталёвыя і канкрэтныя інструкцыі, дапасаваныя да розных сытуацыяў: да бізнэсу, да адукацыі, палітыкі. Тады ёсьць магчымасьць папулярызаваць мову больш структураваным спосабам.
Гарошка: Я прыхільнік ідэі ТБМ аб увядзеньні закону аб падтрымцы беларускай мовы. Гэта нават неканечне мусіць быць закон, гэта можа быць проста артыкул ужо існага закону. У параўнаньні з расейскай мовай беларуская неканкурэнтаздольная. Калі б у нас было 50/50, то не было б пытаньняў. У нашым заканадаўстве няма нічога пра патрабаваньне парытэту, пра аб’ём у сфэры ўжытку. Каб б абедзьве мовы былі роўныя, то яны б добра канкуравалі паміж сабой. Але ў нас іншая сытуацыя, беларуская мова ў горшай сытуацыі, гэта мова меншасьці. Мы лічым, што гэта трэба прызнаць на найвышэйшым узроўні і адпаведна ствараць праграмы для падтрымкі гэтай мовы. Калі мы выйдзем на парытэт, тады можна скасоўваць законы аб дадатковай падтрымцы.
Ці можна адрадзіць беларускую мову без удзелу дзяржавы
На сайце валійскага ўраду прапануюць арганізацыям і фондам, якія працуюць на грантавай аснове, надаваць прыярытэт грамадзкім арганізацыям, якія карыстаюцца валійскай мовай у сваёй дзейнасьці.
Гарошка: Калі б у беларускага недзяржаўнага сэктару была падтрымка, якая ёсьць у Валіі, то ўсё было б значна лепш. Бо ініцыятывы недзяржаўнага сэктару больш крэатыўныя, цікавыя і лепш успрымаюцца ў грамадзтве. І калі б у яго было стабільнае фінансаваньне, то сытуацыя б паляпшалася. Адзін з рэцэнзэнтаў дакумэнту Аляксандар Лукашнец, прафэсар, акадэмік НАН Беларусі, падкрэсьліў, што гэта вельмі важны чыньнік у Беларусі, на які дзяржава зьвяртае ўвагу і нават у пэўнай ступені вучыцца.
Напрыклад, у Валіі сетка грамадзкіх арганізацыяў «The Welsh Language Network» актыўна папулярызуе валійскую мову ў эканоміцы, сфэры паслугаў, у сем’ях. Таксама 70% дабрачынных арганізацыяў лічаць, што двумоўе ў працы пазытыўна ўплывае на дзейнасьць гэтых арганізацыяў.
На падтрымку валійскай мовы ў 2020–21 гадах вылучана 24,1 мільёна фунтаў (0,2% ад дзяржаўнага бюджэту). Але гэтая падтрымка ідзе і праз шматлікія дадатковыя дзяржаўныя праграмы.
У стратэгіі «A Million Welsh Speakers» ёсьць крытыкі. Яны кажуць, што рост колькасьці носьбітаў мовы з 2011 да 2019 году на амаль 300 тысяч чалавек неканечне сьведчыць, што гэтыя 300 тысяч чалавек сталі размаўляць па-валійску кожны дзень. Крытыкі перакананыя, што дзяржава імкнецца дасягнуць ня якаснага, а колькаснага паказьніка і што гэта можа прывесьці да зьніжэньня якасьці выкарыстаньня валійскай мовы ў паўсядзённым жыцьці.