На гістарычную памятку праз краўндфандынг удалося сабраць 2 тысячы рублёў. Гэта «Крыж мужнасьці», узнагарода, якую прысвойвалі жаўнерам, што ваявалі на баку генэрала Станіслава Булак-Балаховіча.
Крыж музэю прапанаваў адзін з калекцыянэраў у канцы леташняга году. Узнагарода была заснаваная ў 1917 годзе, але з часам яна зьмянялася.
«Крыж з камплектам дакумэнтаў, уласнаруч падпісаных Балаховічам, каштаваў 3200 рублёў, з улікам 6% для краўдфандынгавай плятформы. Гэтых грошай мы не назьбіралі і пачалі шукаць іншыя варыянты. Сабралі агулам 2000 рублёў. Мы знайшлі іншы крыж, без дакумэнтаў, але з сваімі асаблівасьцямі, які купілі за 1200 рублёў. Ён, хутчэй за ўсё, увесь срэбны, з кляймом майстэрні, дзе яго вырабілі. Астатнія сродкі пойдуць, на тое, каб дакупіць дакумэнты, альбо на іншы эспанат», — апісвае Аляксандар Зімніцкі, вядучы навуковы супрацоўнік музэю, ініцыятар кампаніі выкупу крыжа.
Было некалькі варыянтаў такіх крыжоў. Выкуплены крыж вылучаецца тым, што ён нумарны і мае кляймо майстэрні. На крыж удалося сабраць 2000 рублёў.
Алесь Зімніцкі нагадвае, што лёс Булак-Балаховіча быў шчыльна зьвязаны з Беларусьсю і БНР.
«Ён нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі. З ініцыятывы Кастуся Езавітава Балаховіч гатовы быў перайсьці ў войска БНР, ён пацьвярджаў, што ведае беларускую мову і падтрымлівае ідэю. Тады ягоны атрад знаходзіўся ў Эстоніі, а ўрад БНР ня меў сродкаў перавезьці жаўнераў. Пазьней Булак-Балаховіч акумуляваў усіх, хто быў супраць бальшавікоў, і рушыў у паход па Палесьсі. Уладу на месцах ён аддаваў беларускім дзеячам, выдаваў праклямацыі на беларускай мове і пацьвярджаў, што ён сын беларускага народу», — апавядае Аляксандар Зімніцкі.
Крыж мужнасьці ўручалі, у тым ліку і беларусам, якія ваявалі на баку Булак-Балаховіча. Дагэтуль у музэі не было артэфактаў, якімі б можна было адлюстраваць і асобу генэрала Балаховіча, і наагул тыя падзеі, дадае Аляксандар Зімніцкі.
Крыж будзе выстаўлены ў адной з экспазыцыяў музэю. Рэстаўратары прывядуць яго ў лепшы выгляд.
Станіслаў Булак-Балаховіч — беларускі, польскі і расейскі вайсковы дзяяч. Афіцэр кавалерыі расейскага імпэратарскага войска, генэрал-маёр Белага войска, генэрал Асобнага атраду БНР, камандзер добраахвотніцкіх аддзелаў польскага войска ў 1920-я гады. У пачатку лістапада 1920 году зьдзейсьніў палескі паход разам з войскам каля 10 тысяч чалавек. Заняў некалькі гарадоў, але вымушаны быў адступіць пад ціскам войска бальшавікоў. Удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Гішпаніі на баку генэрала Франка. Пасьля акупацыі Польшчы Нямеччынай спрабаваў арганізаваць партызанскі аддзел. Быў забіты нямецкім патрулём у Варшаве 10 траўня 1940 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька Балаховіч, «жахлівы і цудоўны»
Гісторыкі па-рознаму ацэньваюць постаць Булак-Балаховіча.