Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) апублікавала фінальную справаздачу па выніках назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі ў лістападзе 2019 году.
У выніковай частцы справаздачы на сайце АБСЭ, на якую спасылаецца БелаПАН, гаворыцца, што Выбарчы кодэкс Беларусі «зьмяшчае шматлікія прабелы і супярэчнасьці».
«Папраўкамі да законаў аб масавых мерапрыемствах і сродках масавых інфармацыі ўведзеныя новыя палажэньні аб публічных сходах і сеткавых СМІ, але пакінута без увагі абарона асноўных свабодаў. У некаторых выпадках неадназначныя прававыя палажэньні прымяняюцца для таго, каб абмежаваць удзел кандыдатаў ад апазыцыі».
У дакумэнце таксама адзначаецца, што ў цэлым прававыя рамкі не гарантуюць правядзеньня выбараў у адпаведнасьці з патрабаваньнямі АБСЭ і іншымі міжнароднымі стандартамі. Шэраг ключавых рэкамэндацый БДІПЧ і Вэнэцыянскай камісіі Рады Эўропы застаюцца нявыкананымі, у тым ліку:
- незбалянсаванасьць складу выбарчых камісій
- абмежаваньні правоў выбарнікаў і кандыдатаў
- недастатковасьць захадаў засьцярогі пры галасаваньні і падліку галасоў
- мінімізацыя ролі назіральнікаў.
Агулам у дакумэнце зьмяшчаюцца 32 рэкамендацыі для ўдасканаленьня выбарчага працэсу ў краіне. Іх выкананьне, як лічаць аўтары справаздачы, дапаможа прывесьці працэдуру дэмакратычных выбараў у поўную адпаведнасьць з патрабаваньнямі АБСЭ і іншымі міжнароднымі абавязаньнямі і стандартамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ: Выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартамВыбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага скліканьня прайшлі летась 17 лістапада. Пасьля асноўнага дня галасаваньня кіраўніца кароткатэрміновай місіі назіральнікаў ад АБСЭ Маргарэт Сэдэрфэльт заявіла, што палітычная кампанія хоць і прайшла ў спакойнай абстаноўцы, аднак не адпавядала стандартам правядзеньня выбараў.