Пракурорскія парады і пякельны сорам

Абвінавачваньне ахвяры — традыцыя старая і, мяркуючы па тым, як упарта яе абараняюць, сьвяшчэнная. Але ж адна рэч, калі пра віну ці адказнасьць ахвяры згвалтаваньня кажа ананімны камэнтатар-троль, і іншая — калі гэта робіць намесьнік пракурора.

Ананімы не адчуваюць аніякай адказнасьці за свае словы, але іх і ня варта ўспрымаць сур’ёзна. Яны могуць хоць адмаўляць існаваньне ВІЧ і сьцьвярджаць, што вакцыны прыдуманы, каб зьнішчаць славянскіх дзяцей. Зрэшты, у любой антынавуковай, кансьпіралягічнай ці проста дурной ідэі ёсьць свае аматаркі і аматары, нават у адпаведных прафэсійных супольнасьцях.

Доктарка менскай паліклінікі сьцьвярджала, што ВІЧ не існуе, і ёй за гэта нічога не было. І вось цяпер намесьнік пракурора Вялейскага раёну Андрэй Жукоўскі, камэнтуючы прысуд за згвалтаваньне 15-гадовай дзяўчыны кажа, што бацькі мусяць вельмі ўважліва ставіцца да выхаваньня непаўналетніх дзяўчат, каб тыя былі асьцярожнымі пры выбары знаёмых і сяброў. Жукоўскі выказаўся ад імя пракуратуры, і яму, хутчэй за ўсё, таксама нічога за гэта не будзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заразіць яе маглі толькі ў шпіталі ў Пінску», — маці 11-месячнай дзяўчынкі, у якой знайшлі ВІЧ

Фактычна намесьнік пракурора расьпісаўся ў поўнай прафэсійнай непрыдатнасьці — ён не разумее ні што такое прафіляктыка злачынстваў, ні з кім трэба працаваць, каб згвалтаваньняў было менш. Казаць мужчынам, што нельга гвалціць нікога ўвогуле і падлеткаў у прыватнасьці? Не, гэта надта радыкальна! Лепш пайсьці па старой пратаптанай сьцяжынцы і перавесьці ўвагу на дзяўчат.

Гэта прапісная ісьціна патрыярхальнага сьвету: калі гвалтаўнік быў п’яны, алькаголь апраўдвае яго ў вачах грамадзкасьці. А калі п’янай была ахвяра гвалту, дык гэта дадатковы доказ яе віны. Зрэшты, абсалютна ўсе дзеяньні пацярпелай разглядаюцца як доказ таго, што яна сама вінавата ў перажытым гвалце. Калі пацярпелая яшчэ вельмі юная альбо нават маленькая, ёй дастаецца толькі частка віны. Рэшта навешваецца на яе маці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Агрэсар — любы з нас...». Як у Беларусі псыхолягі працуюць з гвалтаўнікамі

«Але ж гвалтаўніка пасадзілі, так што зь яго ніхто не здымаў віны!», — можаце запярэчыць мне вы. І гэта будзе толькі напалову праўдай. Зь яго не зьнялі юрыдычнай віны, і суд прызнаў яго вінаватым у злачынстве. Але намесьнік пракурора Жукоўскі адным сказам перакінуў маральную адказнасьць за злачынства з гвалтаўніка на ягоную ахвяру (яна не была дастаткова асьцярожнай) і яе бацькоў (яны не навучылі яе быць дастаткова асьцярожнай).

Гэта нейкае вар’яцтва, але ў 2020 годзе нам даводзіцца зноў і зноў паўтараць, што ў гвалце вінаваты толькі той, хто гвалціць. І прадухіліць яго можа толькі (патэнцыйны) гвалтаўнік, а ніяк не ахвяра. Кароткая спадніца — гэта не аргумэнт. Алькаголь — таксама не аргумэнт. І нават «ды яна не выглядае на свае 10-12-14» ніяк не апраўдвае гвалтаўніка, бо, сюрпрыз!, гвалціць нельга ўвогуле нікога.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьнявечыў жыцьцё маёй дачкі», — маці дзяўчынкі, якая абвінавачвае 71-гадовага нарвэжца ў пэдафіліі

Але ж чаму гэта прагаворваю я, а не намесьнік пракурора? Чаму чалавек, чый непасрэдны абавязак — кантраляваць выкананьне законаў, не разумее такіх базавых рэчаў? Як ён увогуле аказаўся на гэтай пасадзе?

Спробы перакінуць адказнасьць на ахвяру і яе сям’ю — гэта традыцыйнае ўжо людажэрства і чарговая праява веры ў справядлівы сьвет. Толькі ён, на жаль, зусім не справядлівы. І тое, што пасаду намесьніка пракурора займае прафнепрыдатны чалавек — яшчэ адно пацьверджаньне гэтай тэзы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.