«Пракурор папрасіла перакваліфікаваць абвінавачаньне за дзень да вынясеньня прысуду». Маці дзяўчынкі, якая абвінавачвае 71-гадовага нарвэжца ў пэдафіліі, расказвае сваю вэрсію падзеяў.
71-гадовага Дага Вівэстада затрымалі ў Берасьці 29 верасьня 2019 году. Яго абвінавачвалі паводле ч. 3 арт. 167 КК Рэспублікі Беларусь — «дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да заведама непаўналетняга». Пакараньне за такое прадугледжвае ад 8 да 15 гадоў зьняволеньня.
11 лютага 2020 году суд Маскоўскага раёну Берасьця прызнаў Вівэстада вінаватым у «наўмысных дзеяньнях, якія груба парушалі грамадзкі парадак і паказвалі яўную непавагу да грамадзтва, суправаджаліся прымяненьнем гвалту і адзначаліся выключным цынізмам, хуліганствам, то бок учыненьнем злачынства, якое прадугледжвае ч. 1 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь». Яго асудзілі на 6 месяцаў зьняволеньня.
Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
«Я лічу, што доказы, прадстаўленыя ў судзе, цалкам дастатковыя для яго абвінавачаньня», — упэўненая маці дзяўчынкі.
Што расказала маці пацярпелай
Усё адбылося 28 верасьня 2019 году ў гатэлі «Беларусь». Сямʼя сьвяткавала там вясельле.
«Вясельле ўжо канчалася, было каля 23.00, мы зьбіраліся сыходзіць. Дзеці выйшлі ў фае і чакалі нас там. Рэстаран злучаецца ў фае са стрыптыз-клюбам „Пілон“, — расказвае жанчына. — Двое грамадзян (нарвэжцы. — РС) выходзілі з клюбу. Гэта відаць на запісах відэакамэры. Гэты чалавек за руку схапіў маё дзіця і выцягнуў сілай амаль на вуліцу. Наша сваячка гэта пабачыла, паклікала дзіця, ён адпусьціў руку і спрабаваў хавацца на вуліцы».
З прычыны юрыдычных абмежаваньняў Радыё Свабода ня можа пералічыць усе дзеяньні, у якіх сямʼя дзяўчынкі абвінавачвае асуджанага. Маці сьцьвярджае, што ўсе яны пацьвярджаюцца доказамі з матэрыялаў справы, у тым ліку паказаньнямі дзяцей.
«Але мая дачка адразу на месцы мне расказала, што адбывалася, — кажа жанчына. — Я проста хачу справядлівасьці, мне больш нічога ня трэба. Тое, што ён рабіў, гэта проста жах, я не ўяўляю, што адчувала мая дачка ў той момант. Гэты чалавек фактычна зьнявечыў яе жыцьцё. Дзіця вырывалася, а ён зь сілай яе ўтрымліваў і прыставаў нахабна і цынічна. А калі мая дачка сышла, ён вярнуўся за ёй у хол, схапіў за руку і павёў на вуліцу».
Жанчына кажа, што спачатку людзі не зразумелі, што адбываецца, і крычалі, што спрабуюць украсьці дзіця.
Раней жонка асуджанага тлумачыла Радыё Cвабода, што Даг Вівэстад сустрэў у холе групу дзяцей, пагаварыў зь дзяўчынкай па-ангельску і, захапіўшыся яе веданьнем ангельскай мовы, пацалаваў яе.
«Тлумачыць ён гэта ўсё вельмі па-дурному, — рэагуе жанчына. — Нібыта ён проста хацеў пагутарыць зь ёй па-ангельску. Яна гаворыць, але звычайна. Ня так, як там ужо расьпісалі, нібыта яна вельмі добра ведае. Адказаць на пытаньні „Як цябе зваць?“ і „Колькі табе гадоў?“ зможа любое дзіця», — кажа жанчына.
«Мы адразу выклікалі міліцыю»
Пасьля, паводле маці, яны сталі затрымліваць двух мужчын, каб перадаць іх міліцыі.
Жонка Дага Вівэстада раней казала Свабодзе, што на абодвух нарвэжцаў на стаянцы таксі перад гатэлем напала група мужчын і моцна зьбіла. Найбольш пацярпеў сябар Вівэстада. У Нарвэгіі яго нібыта праапэравалі з прычыны ўнутрычарапнога кровазьліцьця, якое стала наступствам бойкі.
Маці дзяўчынкі кажа, што ніякай бойкі ня бачыла.
«Мы проста затрымлівалі гэтага грамадзяніна, людзі яго абступілі, чакалі міліцыі. Пра якую бойку ідзе размова, я ня ў курсе», — кажа яна. Яна таксама сьцьвярджае, што відэазапісы бойку не зафіксавалі.
Сябар Дага Вівэстада раней адмаўляўся ад камэнтароў Радыё Свабода, але са словаў расейскага адваката Ільлі Новікава вядома, што ён асабіста прыехаў з Нарвэгіі, каб даваць паказаньні ў судзе. З Нарвэгіі ён зьвяртаўся да праваахоўных органаў Берасьця з просьбай правесьці праверку ў справе аб нападзе. Яму адмовілі.
Паводле адваката Дага Вівэстада Андрэя Буневіча, паўторная праверка ў справе аб зьбіцьці грамадзяніна Нарвэгіі Уле N.N. вядзецца, аднак вынікаў яе ён ня ведае. Сам Вівэстад не зьвяртаўся з просьбай аб правядзеньні такой праверкі, бо не зьяўляецца пацярпелым у бойцы.
Міліцыю, па словах маці дзяўчынкі, выклікалі двойчы. Калі міліцыянты прыбылі на месца, затрымалі толькі аднаго з нарвэжцаў (сябра Дага Вівэстада). «Чаму так, мы ня ведаем, бо мы настойвалі, каб затрымлівалі абодвух», — кажа жанчына.
«Так, яна (дзяўчынка) спачатку пераблытала (аднаго нарвэжца з другім), бо было цёмна ўжо. Дзіця было ў стрэсе, у шоку. Вы проста не ўяўляеце, бо ня бачылі, што там адбывалася. Прайшло 5 месяцаў, і мы жывём у пастаянным стрэсе, дзіця атрымала моцную псыхалягічную траўму. Я разумею, што яго сваякі даюць вам інтэрвію і кажуць, які ён цудоўны, — абураецца маці дзяўчынкі. — Ён, можа, тысячу разоў цудоўны чалавек, але ён зрабіў тое, што ён зрабіў! Ён замахнуўся на самае сьвятое! Ён мусіў адказаць за тое, што зрабіў! За ўвесь гэты час сваякі не знайшлі магчымасьці нават перад намі прабачэньня папрасіць. Хаця б за тую вэрсію, якую яны прыдумалі, нібыта ён проста пацалаваў яе ў шчаку».
У міліцыі, кажа жанчына, яна адразу напісала заяву на гвалтоўныя дзеяньні з боку «нявызначанай асобы».
«Мы ня ведалі, хто ён, — тлумачыць жанчына. — На наступны дзень ужо яе апытвалі пра грамадзяніна, які гэта ўчыніў. А другі ўжо даўно сабраўся і ўцёк у Нарвэгію. Чаму яго адпусьцілі, я ня ведаю».
Наконт справы аб зьбіцьці жанчына сьцьвярджае, што ані яе, ані яе сваякоў пра гэта 29 верасьня не апытвалі. Наколькі яна ведае, заява ад грамадзяніна Нарвэгіі пра напад паступіла недзе празь месяц. Але і пасьля гэтага, кажа яна, яе ў міліцыю наконт магчымага зьбіцьця не выклікалі.
«Усе паказаньні нарвэскага боку надуманыя, — упэўнена маці дзяўчынкі. — Мы адразу выклікалі міліцыю для далейшага разбору. А з нарвэскага боку абвінавачваюць у бойцы празь месяц?! Як гэта разумець? Чаму яны адразу не заявілі пра гэта? Яны так апісваюць нібыта цяжкі стан пабітага, але як ён у такім стане змог даляцець да Нарвэгіі зь дзьвюма перасадкамі? Ён проста ўцёк, каб пазьбегнуць адказнасьці!»
«Гэта пытаньне да нашых уладаў: на чыім сумленьні гэта ўсё?»
Суд у справе Дага Вівэстада пачаўся ў Берасьці 27 студзеня. Адваката на судзе ў пацярпелага боку не было.
«Мы ў сваёй краіне адчувалі сябе абароненымі — я і маё дзіця, — кажа жанчына. — Калі ты ўпэўнены, што кажаш праўду, то навошта нам быў адвакат? А вось што атрымалася. Вакол адзін падман. Гэта пытаньне да нашых уладаў — на чыім сумленьні гэта ўсё? Я зьдзіўленая гэтым рашэньнем, мы ўсе ў шоку».
У тлумачэньнях тых, хто абараняе Дага Вівэстада, часта гучыць, што вэрсія з гвалтоўнымі дзеяньнямі ў дачыненьні да дзіцяці ў людным месцы і ў цэнтры горада выглядае непраўдападобна. Маці рэагуе на гэтыя сумненьні так:
«Як вы думаеце, куды можна распранутае дзіця а палове дванаццатай ночы цягнуць за руку да выхаду? Гэты чалавек быў у куртцы, куды ён яе за руку ў адной майцы вядзе?» — абураецца жанчына. Яна сьцьвярджае, што гэта зафіксавана на відэа, а тое, што адбывалася ў фае гатэля, з боку пацярпелых у судзе пацьвердзілі 6 сьведак. Кажа, што ў самога асуджанага вэрсіі ў судзе былі розныя. Сьведкамі зь ягонага боку, па словах жанчыны, выступалі толькі сваякі, якія давалі яму «станоўчыя» характарыстыкі.
«Я ўпэўненая, што ён вінаваты»
Маці кажа, што пасьля таго, што адбылося, зь дзяўчынкай працавалі псыхолягі. Аплочвалі гэта самі бацькі.
«Справа не ў грашах. Справа ў маральным стане нашай дачкі. Гэта траўма, якая застаецца на ўсё жыцьцё. І незразумела, калі яна ўсплыве і як гэта далей праявіцца, — кажа яна. — Я ўпэўненая, што ён вінаваты. Пакараць яго трэба ў адпаведнасьці з законам. Чалавек цудоўна разумее, што ён зрабіў. Яму трэба быць сумленным перад сабой».
Яна ня можа патлумачыць, чаму суд прыняў рашэньне перакваліфікаваць абвінавачаньне. Пры канцы сакавіка, калі рашэньне суду ня будзе апратэставанае, Даг Вівэстад выйдзе на волю.
«Пяць месяцаў на працягу ўсяго сьледзтва чалавеку прадʼяўлялі менавіта гэтае абвінавачаньне, — кажа жанчына. — А цяпер мы сам-насам засталіся са сваёй праблемай. Нават дзяржава ў асобе пракуратуры зьмяніла пакараньне. Я думаю, што калі б мы паехалі ў Нарвэгію і там хтосьці паспрабаваў узяць дзіця за руку, то былі б зусім іншыя наступствы. І тое, што яны кажуць, што там норма — цалаваць дзіця ў шчаку, гэта поўнае трызьненьне. Тым больш цалаваў ён яе сілком. Цяжка пра гэта гаварыць, хоць і час прайшоў. Факт пэдафіліі відавочны. Чалавек мусіць панесьці заслужанае пакараньне. Гэта ўсё, чаго мы хочам на гэты момант».
Сямʼя дзяўчынкі зьбіраецца апратэстоўваць рашэньне суду Маскоўскага раёну Берасьця.
«Я ўсім хачу сказаць: беражыце сваіх дзяцей, — кажа жанчына. — Апроч сямʼі, на жаль, ніхто ня можа дапамагчы ў нашай краіне».
Сваякі Дага Вівэстада заяўляюць пра парушэньні яго правоў
Сваякі Дага Вівэстада катэгарычна адхіляюць вэрсію з абвінавачаньнямі ў пэдафіліі. Яны таксама зьвяртаюць увагу на шматлікія парушэньні ягоных правоў падчас сьледзтва і зьняволеньня.
Пляменьніца і жонка нарвэжца сьцьвярджаюць, што яму пагражалі зброяй, не далі перакладчыка з нарвэскай мовы ў першыя 72 гадзіны арышту. Пра ягоны арышт не паведамілі ў амбасаду Нарвэгіі. На працягу 5 дзён Дага ў цяжкіх умовах пад канвоем везьлі ў Менск для праходжаньня псыхіятрычнай экспэртызы, пры гэтым ніхто ня ведаў, дзе ён. Сустрэчы з жонкай і сваякамі былі абмежаваныя — за 4 месяцы жонка бачылася зь ім коратка 4 разы.