«У беларускага іншадумства быў свой шлях». На Захадзе выйшла кніга пра нязгодных у Беларусі

Беларускія мастакі ў гасьцях у Ларысы Геніюш

Савецкую Беларусь часта называюць самай ляяльнай з усіх савецкіх рэспублік, з найменшым узроўнем нязгоды і пратэсту. А ўсё таму, што беларускія іншадумцы мелі зусім іншыя мэты, чым маскоўскія дысыдэнты.

Пра тое, як у БССР зьявіліся нязгодныя і за што змагаліся; як дзейнічалі, абменьваліся ідэямі і як прасоўвалі іх унутры сацыялістычнай сыстэмы, расказвае кніга беларускай дасьледніцы Тацяны Астроўскай «Іншадумства ў Савецкай Беларусі» (1968–1988) (Cultural Dissent in Soviet Belarus (1968–1988)). Кнігу аўтарка напісала па-ангельску, каб гісторыя беларускага іншадумства перастала быць на Захадзе «белай плямай».

Тацяна Астроўская нарадзілася ў Глыбокім. Вывучала філязофію ў БДУ і ЭГУ. Выкладала ў Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце. У 2010 годзе пераехала ў Нямеччыну, абараніла доктарскую дысэртацыю. Працуе ў Інстытуце гістарычных дасьледаваньняў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы імя Ё. Г. Гердэра (Марбург).

«У нас была свая гісторыя таго, як мы працуем з сыстэмай і як зь ёю не згаджаемся і змагаемся»

У заходніх даведніках пра дысыдэнтаў і самвыдавецтва Беларусь амаль ня згадваецца. Нібыта ў савецкі час іншадумства цалкам абмінула беларусаў. Нават у дасьледаваньнях краінаў нашага рэгіёну Беларусь вельмі часта — terra incognita. Яе няма на мапах дысыдэнцкага руху, а ў слоўніках імёнаў можна сустрэць усяго некалькі прозьвішчаў.

Стэрэатып пра ляяльную і спакойную Беларусь узьнік таму, што беларускае іншадумства разьвівалася па іншай траекторыі, чым у савецкай Расеі, асабліва ў Маскве і Ленінградзе, лічыць Астроўская.

Тацьцяна Астроўская

Дысыдэнтамі прынята лічыць тых, хто радыкальна адыходзіў ад сыстэмы, супрацьпастаўляў сябе ёй і змагаўся зь ёю. І калі ў Беларусі пачыналі шукаць дысыдэнтаў на маскоўскі ўзор, зыходзячы з апазыцыі паміж рэпрэсіўнымі мэханізмамі дзяржавы і інтэлігенцыяй, паміж уціскам і супрацівам, паміж афіцыйным друкам і самвыдавецтвам, то высьвятлялася, што іх ня так і шмат. З гэтага і рабілася выснова, што Беларусь — самая савецкая і сацыялістычная рэспубліка.

«Мы сябе часта параўноўваем зь іншымі і ў выніку застаёмся ўбаку. Калі мы пачынаем лічыць дысыдэнтаў у Беларусі паводле іхнага ўзору, то прымаем лёгіку расейскай культуры і пагаджаемся зь ёю. А ў нас было проста ня так, як у іх. У нас была свая гісторыя таго, як мы працуем з сыстэмай і як зь ёю не згаджаемся і змагаемся», — кажа Тацьцяна Астроўская.

Беларускія іншадумцы не былі дысыдэнтамі ў разуменьні лёгікі «халоднай вайны». Ад гэтай лёгікі ўжо нейкі час імкнецца адысьці і заходне- і цэнтральнаэўрапейская гістарычная навука. Яны ня мелі магчымасьці адмежавацца ад сыстэмы цалкам. Паводле дасьледніцы, яны зьмянялі яе знутры і фармавалі выспы свабоды, дазвалялі пашыраць межы паміж дазволеным і забароненым зь сярэдзіны.

«Такіх людзей, якія адкрыта ваявалі з сыстэмаю, у нас было няшмат. Але гэта нармальна. Гісторыя беларускай савецкай культуры прапаноўвае разнастайныя прыклады супраціву сыстэме, якія цікавыя ня толькі для нас, але і ў кантэксьце ўсёй гісторыі

дысыдэнцкага руху Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы.

Васіль Быкаў змагаўся з цэнзурай, яго шмат крытыкавалі ў афіцыйных выданьнях, але і ўзнагароджвалі: як вядома, ён атрымаў ордэн Леніна і званьне Героя сацыялістычнай працы. Ён пісаў пранізьліва праўдзівыя творы пра вайну, празь якія, нягледзячы на ўсе высілкі цэнзуры, чытач здольны быў даведацца ўсю праўду пра савецкі лад, але ж і сьвет даведаўся пра Быкава дзякуючы таму, што напачатку ён быў савецкім пісьменьнікам. Ён падарожнічаў у 1960-я — 1980-я, бываў у Італіі, Баўгарыі, Заходняй Нямеччыне, яго шмат перакладалі і друкавалі.

Мікола Ермаловіч быў адным з самых актыўных і цікавых выдаўцоў самвыду і адначасова выдаў кніжку ў афіцыйным друку. Кніжка мела назву „Дарагое беларусам імя (Аб сувязях У. І. Леніна зь Беларусьсю)“. Яе, дарэчы, у 1980-м і на ангельскую мову пераклалі. Выдаўцы пазацэнзурнага часопіса „Люстра дзён“ у 1979–1980 гадах сьвяткавалі тысячагодзьдзе Беларусі і адначасова абмяркоўвалі перавагі ленінскай нацыянальнай палітыкі. І такіх прыкладаў вялікае мноства. Гісторыя такіх супярэчнасьцяў — гэта сапраўдная гісторыя апазыцыі ў краінах сацыялістычнага свету».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алег Дзярновіч: «Кніга „Нонканфармізм у Беларусі“ — гэта толькі пачатак праекту»

«Для нас найважнейшым было нацыянальнае пытаньне»

Але гэта не адзінае і не галоўнае адрозьненьне беларускіх іншадумцаў ад маскоўскіх дысыдэнтаў, тлумачыць дасьледніца. Акрамя іншых мэтадаў барацьбы, у Беларусі нязгодныя з сыстэмай мелі яшчэ і зусім іншыя мэты.

«Для нас найважнейшым было нешта іншае, чым для расейскіх дысыдэнтаў. Для беларускай інтэлігенцыі гэта было нацыянальнае пытаньне. Памкненьне пісаць па-беларуску і ствараць сваю культуру было прынцыповым пунктам нязгоды з уладай. У заходняй саветалёгіі і пазьней, выключаючы пэрыяд канца 1980-х – пачатку 1990-х, калі ўздым нацыянальнага проста нельга было не заўважыць, вастрыня нацыянальнага пытаньня ў такіх беспраблемных частках СССР, як Беларуская Савецкая Рэспубліка, недаацэньвалася, яму надавалася занадта мала ўвагі. Таму нас доўгі час і не заўважалі, бо заходнія дасьледнікі не заўсёды ўспрымалі гэтае памкненьне да нацыянальнай самарэалізацыі сур’ёзна», — кажа Астроўская.

Вось адзін з прыкладаў. У 1985 годзе Згуртаваньне беларусаў у Вялікай Брытаніі выдае ў Лёндане кнігу Алега Бембеля «Родная мова і маральна-эстэтычны прагрэс». Вядомы славіст Майкл Кэрквуд піша на яе невялікую рэцэнзію і публікуе ў адным зь вядучых навуковых

часопісаў. І там ён крытыкуе падыход Бембеля, сумняваецца ў акадэмічнай вартасьці, не заўважаючы сымбалічнай каштоўнасьці гэтага твору — які, на думку Астроўскай, быў квінтэсэнцыяй адчайных спробаў беларускай інтэлігенцыі адстойваць сваё права на нацыянальную самарэалізацыю.

Абодва гэтыя падыходы дасьледніца называе рознымі шляхамі да свабоды. Расейскія дысыдэнты ішлі да яе ў змаганьні за дэмакратыю, а беларускія іншадумцы — найперш асэнсоўваючы сябе як нацыянальную супольнасьць, праз умацаваньне калектыўнай самасьвядомасьці да дэмакратыі.

«Зянон Пазьняк ужо ў 1974 годзе высоўвае пытаньне незалежнасьці Беларусі. Пры гэтым, у беларускім самвыдзе разглядаўся вельмі шырокі спэктар пытаньняў: ад экалягічных праблемаў да культурніцкіх і сацыяльных. Мікола Ермаловіч выдаваў „Гутаркі“ і пісаў пра праблемы вёсак і калгасаў. У Беларусі многія аўтары самвыдавецтва — гэта вядомыя сёньня людзі. Але на Захадзе іх мала хто ведае. Спадзяюся, я змагла расказаць пра іх штосьці новае». Пункт адліку ў кнізе Тацяны Астроўскай — 1968 год. Гэта час радыкальных выступаў і зьменаў па ўсім сьвеце. Галоўнымі зь іх у Цэнтральнай-Ўсходняй Эўропе сталі падзеі «Праскай вясны».

Яны сталі ўдарам і адначасова штуршком для беларускай інтэлігенцыі. Горадзенскі гісторык Барыс Клейн пісаў ва ўспамінах, як яны хваляваліся ў той час, у жніўні 1968 году, з Васілём Быкавым. Яшчэ раней, у сакавіку1968-га, у адным зь лістоў да свайго сябра баўгарскага пісьменьніка Георгія Вылчава Быкаў з горыччу канстатуе: «Нам далёка да Чэхаславаччыны ва ўсіх сэнсах». Вячаслаў Адамчык у дзёньніку піша, як ён штовечар сядзіць каля радыёпрымача і перажывае за Чэхаславаччыну. Валянцін Тарас пісаў, што пасьля здушэньня «Праскай вясны» ў яго зьнікла надзея на перабудову сацыялізму.

«Гэты глябальны час супраціву не абмінуў Беларусь. Адбыліся зьмены ў палітычным кіраўніцтве Беларусі. Сышоў Кірыла Мазураў і прыйшоў Пётра Машэраў. Некаторы час не было асуджаных па артыкуле "антысавецкая прапаганда і агітацыя". Іншадумства пачало фармавацца як рух па ўсёй Усходняй і Цэнтральнай Эўропе. Сасьпела новая беларуская пасьляваенная інтэлігенцыя. Гэтыя людзі былі больш сьмелыя, бо ў іх не было пэрсанальнага досьведу з часоў рэпрэсіяў. У іх не было экзыстэнцыйнага страху перад уладай. Гэтая новая інтэлігенцыя мела ўжо свае патрабаваньні да яе».

У гэты час зьяўляецца першае беларускае самвыдавецтва. Пачынаюць узьнікаць нефармальныя арганізацыі. Паводле Астроўскай, гэта сьведчыць пра тое, што Беларусь не была адарваная ад сьвету і была ўбудаваная ў агульную сыстэму абмену ідэямі.

Мікола Ермаловіч і першы беларускі самвыд

У 1967–1968 годзе беларускі гісторык і публіцыст Мікола Ермаловіч піша сваю працу «Гісторыя аднаго міту». У гэтым тэксьце ён падаў альтэрнатыўнае бачаньне гісторыі ВКЛ. Ермаловіч піша, што ВКЛ было, па-сутнасьці, беларускай дзяржавай і што не было літоўскага заваяваньня, што было добраахвотнае аб’яднаньне.

Мікола Ермаловіч

«Гэтую альтэрнатыўную канцэпцыю стварэньня ВКЛ не давалі друкаваць афіцыйна, бо яна ўваходзіла ў канфлікт з афіцыйнай савецкай гістарыяграфіяй, згодна зь якой літоўскія фэадалы заваявалі і падпарадкавалі сабе тэрыторыі і насельніцтва сучаснай Беларусі. І ня так істотна тут, наколькі праца Ермаловіча была беззаганнай як навуковая канцэпцыя. Істотна тое, што Ермаловіч вярнуў гісторыі Беларусі суб’ектнасьць. У яго беларускі народ выступаў паўнавартасным агентам гісторыі. Гэтая праца спрыяла фармаваньню іншага мысьленьня».

Ермаловіч выдаваў таксама самвыдавецкія «Гутаркі», улёткі па адной і дзьве старонкі. Там уздымаліся самыя розныя грамадзкія пытаньні, пра калгасы, ролю інтэлігенцыі. Адначасна ён пісаў лісты і звароты да ўладаў, скаргі, напрыклад да міністра асветы БССР М. Г. Мінкевіча, з крытыкай падручнікаў беларускай літаратуры. А таксама распаўсюджваў іншы самвыд. Вялікую працу Ермаловічу ўдалося зрабіць таму, што ў савецкім грамадзтве ён быў па-свойму маргіналам.

«Яму ўдалося наладзіць такую паўлегальную працу. Ён рана пайшоў на пэнсію, быў інвалідам зроку. Савецкая ўлада яго сур’ёзна не ўспрымала. Ён жа пісаў і пра сувязі Леніна зь Беларусьсю, і адначасова ціха рабіў сваю працу. З аднаго боку іншадумец, але чалавек свайго часу, які належаў да свайго грамадзтва. Я ня бачу ў гэтым гэтым нічога дзіўнага. Гэта спэцыфіка нашага іншадумства. Мы дзесьці паміж. У нас былі разнастайныя формы іншадумства, не было чорнага і белага».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 нечаканых фактаў пра Міколу Ермаловіча

Тэкст Ермаловіча не ляжаў незаўважаным да 1987 году, калі яго надрукавалі. Думкі Ермаловіча распаўсюджваліся і ў рамках савецкай беларускай сыстэмы. Блізкія думкі сустракаюцца ў тэкстах Уладзімера Караткевіча, і ў ягонай «Зямлі пад белымі крыламі» і ў рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

«Тое, пра што піша Ермаловіч у самвыдзе, гаворыць герой кнігі Караткевіча, якая выйшла афіцыйна. Там ёсьць дыялёг апостала Тамаша (Багдана Роскаша), які дыскутуе зь літоўскім шляхцічам Квястгайлам: — Гэта ня вы нас заваявалі, а мы вас».

І гэта не адзіны прыклад, дзе дазволенае і недазволенае, самвыдавецкае і афіцыйнае, перакрыжоўваецца. Гэта важная думка з працы Астроўскай — афіцыйны друк неабавязкова адразу ж зьяўляўся месцам несвабоды. Вельмі часта менавіта ў афіцыйных публікацыях інтэлігенцыя здольная была пашыраць межы дазволенага, так бы мовіць, знутры. І, зразумела, што ахоп аўдыторыі ў літаратуры, надрукаванай у афіцыйных выдавецтвах, быў нашмат большы.

Паддашак

«Акадэмічны асяродак»

Так называлася група гісторыкаў, якая ўзьнікла ў канцы 1960-х у Акадэміі навук. Іх мэтай было захаваць несавецкую вэрсію беларускай гісторыі і літаратуры. Адзін зь яе ўдзельнікаў археоляг Міхась Чарняўскі ўспамінаў, як яны езьдзілі па вёсках, зьбіралі кніжкі, старадрукі, якія перажылі вайну, гуртавалі кола аднадумцаў, спрабавалі захаваць успаміны пра БНР.

«У іх не было ні праграмы, ні дакумэнтацыі, ні пасьведчаньняў. Але прынцыпова тое, што яны займаліся нацыянальнымі пытаньнямі, як яны казалі, „нашымі справамі“, а палітыка — гэта справа маскоўскай інтэлігенцыі. Іх было мала, яны не маглі рабіць усё, таму яны былі засяроджаныя на гэтых пытаньнях», — расказвае Астроўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацькі і дзеці незалежнасьці: Міхал Чарняўскі

У 1973–1974 гадах у СССР пачынаюць змагацца зь нязгоднымі. Пачынаюцца працэсы ў розных рэспубліках. У Беларусі КДБ пачынае ціск на Зянона Пазьняка, Міхася Чарняўскага, Валянціна Рабкевіча і іншых. Іх звальняюць з працы.

«Машэраў моцна баяўся беларускага нацыяналізму. У яго быў страх быць абвінавачаным у ягоным пашырэньні. Гэты страх цягнуўся з 1930-х. Існуе меркаваньне, што ён замяў справу асяродку, каб было ўражаньне, што нацыяналізму ў Беларусі сапраўды не было. Каб ніхто нават не прасачыў такой сувязі».

«Бяз гэтай падрыхтоўкі не было б выбуху 1980-х»

Першы дазволены мітынг. 1989

Беларускія іншадумцы дзейнічалі і афіцыйна, і паўафіцыйна. Межы дазволенага дзякуючы ім пашыраліся, лічыць дасьледніца. Гэтая праца вялася дзясяткамі гадоў, а калі зьявілася магчымасьць, яна дала плён. Нехта зацікаўленьне беларусаў нацыянальным у 1980-я зьвязвае з палітыкай Гарбачова. Гэта не зусім так, лічыць Тацьцяна Астроўская.

«Гэтая нязгода высьпявала і фармавалася ўвесь час. Проста гэтыя выспы іншадумства то пашыраліся, то звужаліся, ідэі Караткевіча, Быкава, Ермаловіча, Пазьняка, самвыд — ляглі ў падмурак таго, што ў 1988 годзе ахапіла шырокі пласт насельніцтва. Але бяз гэтай падрыхтоўкі не было б выбуху — Адраджэньня і Беларускага народнага фронту».

Кніга Тацяны Астроўскай завяршаецца стварэньнем БНФ. Гэта час, калі культурны супраціў ператвараецца ў палітычны. Калі да працэсу, акрамя інтэлігенцыі, далучаецца шырокае грамадзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адраджэньне 90-х: героі і здабыткі

«На маю думку, тую гісторыю ўжо не паўтарыць. Добрая навіна, што цяпер імклівае разьвіцьцё інфармацыйных тэхналёгій дае шмат іншых магчымасьцяў для камунікацыі, для творчасьці. Цяпер іншы час, можна мець аўдыторыю, абысьці цэнзараў. Тым ня менш, у той інтэлігенцыі, нават пераважна савецкай, якая падтрымлівала беларускае, нам яшчэ ёсьць чаму павучыцца».

Цяпер рыхтуецца пераклад кнігі на беларускую мову. Магчыма, яшчэ сёлета яна выйдзе ў Беларусі.