З 1953 па 1985 год у Беларусі за антысаветчыну былі асуджаныя 135 чалавек. Сярод іх і сьвядомыя іншадумцы, крытыкі савецкай нацыянальнай палітыкі, і простыя сяляне, якія ў выпадковай размове выказвалі нязгоду з чарговай ініцыятывай партыі ў сельскай гаспадарцы. Нядаўна ў незалежным выдавецтве “Атэнэўм” пабачыла сьвет кніга “Нонканфармізм у Беларусі”, дзе сабраныя ўсе выпадкі айчыннага іншадумства за трыццацігодзьдзе — ад сьмерці Сталіна да гарбачоўскай перабудовы. Аўтар-складальнік даведніка гісторык Алег Дзярновіч — госьць “Вольнай студыі”.
(Міхась Скобла: ) “Алег, паэтычнае вызначэньне беларускага канфармізму даў яшчэ Янка Купала ў вершы “На ўсе рукі”. Памятаеце: “Ён з начальствам знае дзела: па-расейску валіць сьмела; ліжа, выйшаўшы за вёску, ласку панскую па-польску. Нават жыду — ў доўг як просе — “Гутэ моргэн!” — буркне ў носе. Калі ж сядзе у кутузку, ўсіх кляне па-беларуску”. Сто гадоў гэтаму вершу, а мала што зьмянілася. Дык можа, нашаму грамадзтву больш патрэбны сёньня даведнік пра беларускі канфармізм, паколькі менавіта ён стаў неад’емнай рысай нашага нацыянальнага характару?”
(Алег Дзярновіч: ) “Беларускаму канфармізму прысьвечаны велізарны корпус тэкстаў. Прыкладам, мастацкая літаратура 1950—1980-х гадоў, гістарыяграфія згаданага пэрыяду. Некрытычнае прыняцьце паноўных стандартаў, стэрэатыпаў ды прапагандысцкіх клішэ — вось што было характэрна многім пісьменьнікам ды навукоўцам савецкай Беларусі. Пасьпяховая рэалізацыя прынцыпу “партыйнасьці літаратуры” — гэта й ёсьць татальны канфармізм. Канфармізм уласьцівы і людзям таленавітым. Прыклад — Іван Шамякін. Хоць ягоныя творы не вызначаліся псыхалягічнай глыбінёй, але ў іх ёсьць багацьце калізій. Сам жа аўтар падобны да флюгера, які ўлоўліваў любыя “павевы ўлады”. Канфармізм — як адно са сховішчаў, куды чалавек бяжыць ад адзіноты ці страху свабоды. Можна згадаць і другі прыклад: шматтомавая “Гісторыя Савецкай Беларусі”, гэтак званая “зялёная гісторыя” (паводле колеру вокладкі) — узор канфармізму айчынных гісторыкаў.
Я згодзен, канфармізм і сапраўды стаў псыхалягічнай адзнакай беларусаў, і гэтая зьява заслугоўвае сыстэматызацыі ды аналізу. Калі хочаце, праект “Нонканфармізм у Беларусі” закліканы ня толькі дапоўніць панараму грамадзкага ды інтэлектуальнага жыцьця ў Беларусі 1950—1980-х гадоў, але й акрэсьліць магчымыя межы канфармізму: дзе ён сканчаўся, што дзеля гэтага патрабавалася і чаго гэта магло каштаваць”.
(Скобла: ) “Якія былі крытэры адбору пэрсаналіяў для даведніка?”
(Дзярновіч: ) “Такіх крытэраў два — фармальны і інтэлектуальны. У даведнік “Нонканфармізм у Беларусі” трапілі ўсе беларусы ці нараджэнцы Беларусі, якія быў асуджаныя паводле палітычных артыкулаў Крымінальнага кодэксу БССР, РСФСР ці іншых рэспублік СССР.
У Крымінальным кодэксе БССР 1928 году, які дзейнічаў па 1960 год улучна, мелася цэлая “калекцыя” падобных артыкулаў: 631, 632, 633 — “здрада Радзіме”; 64 — “падрыхтоўка ўзброенага паўстаньня”; 65 — “зносіны ў контрарэвалюцыйных мэтах з замежнай дзяржавай”; 66 — “аказаньне дапамогі міжнароднай буржуазіі”; 67 — “схіленьне замежнай дзяржавы да нападу на СССР ці да ўмяшаньня ў яго справы”; 68 — “шпіянаж”; 69 — “падрыў дзяржаўнай гаспадаркі”; 70 — “тэрарыстычны акт”; 71 — “разбурэньне ці пашкоджаньне дзяржаўнай маёмасьці”; 72 — “прапаганда й агітацыя супраць савецкай улады”; 73 — “неданясеньне”; 74 — “дзейнасць пры царскім ладзе й контрарэваліцыйных урадах”; 75 — “сабатаж”; 76 — “удзел у антысавецкіх арганізацыях”.
Як бачым, меўся нават такі экзатычны артыкул, як “аказаньне дапамогі міжнароднай буржуазіі” (па ім, дарэчы, у 1948 годзе ў Менску судзілі паэтку Ларысу Геніюш). Ад 1 красавіка 1961 году пачаў дзейнічаць новы Крымінальны кодэкс БССР, дзе былі наступныя артыкулы, якія выкарыстоўваліся ў рэпрэсіўна-палітычных мэтах: 67 — “антысавецкая агітацыя й прапаганда”; 69 — “арганізацыйная дзейнасьць і ўдзел у антысавецкіх арганізацыях”; 70 — “злачынствы супраць іншай дзяржавы працоўных”; 1861 — “распаўсюджаньне хлусьлівых выдумак”.
Менавіта артыкулы 67 ды 1861 найчасьцей выкарыстоўваліся для палітычнага перасьледу, а назва артыкулу “Антысавецкая агітацыя і прапаганда” стала крылатай. Вельмі часта пад гэтыя артыкулы можна было патрапіць за неасьцярожнае выказваньне ў побытавых сытуацыях — на чыгуначнай станцыі, у вясковым клюбе, у лазьні.
Другі крытэр для адбору пэрсаналіяў для даведніка наўпрост ня зьвязаны з рэпрэсіямі. Тут на першым месцы значнасьць асобы. Тыя ці іншыя людзі маглі непасрэдна не трапляць пад карны мэханізм. Некаторыя зь цікавых для нас асобаў нават знаходзіліся ўнутры сыстэмы. Прыкладам, Аляксей Каўка, што ў 1977 годзе напісаў “Письмо русскому другу”, у якім зьвярнуўся да расейскай інтэлігенцыі з мэтай паразуменьня ў справе нацыянальных інтарэсаў беларусаў. Да гэтага часу ў аўтара за плячыма была служба ў ЦК ВЛКСМ, а дыпляматычная служба — наперадзе.
Ці другі прыклад: у біяграфіі Міхала Дубянецкага праца ў ЦК КПБ займае заўважнае месца, але мала хто зрабіў столькі, як ён, дзеля мінімізацыі ўплыву цэнзуры. Дубянецкі, працуючы дырэктарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”, як мог, спрыяў публікацыі твораў, якія адыходзілі ад жорсткіх канонаў сацыялістычнага рэалізму (згадаем тыя ж аповесьці Васіля Быкава).
У даведніку вы знойдзеце й сялянаў, якія за неасьцярожнае выказваньне заплацілі некалькімі гадамі зьняволеньня ў лягерах, і дзеячоў культуры ды навукі, якія нешта “ня тое” напісалі. Мастацкія ды дасьледчыцкія набыткі апошніх, іх здольнасьць не адкідаць пяро тады, калі не было шанцаў на публікацыю, настойлівасьць у пераадоленьні перашкодаў, якія так шчодра падрыхтоўвала ўлада, усё гэта стварае тую культурную традыцыю, якая дае нам падставы для аптымізму. Ахвярніцтва нашых папярэднікаў, іхныя ацэнкі несправядлівасьці, крытычны розум “простых людзей” жывяць нашую памяць і дазваляюць не забыцца на савецкую эпоху, якая не заслугоўвае на тое, каб зь яе рабілі лубок раю ці карыкатуру на пекла”.
(Скобла: ) “У даведніку зьмешчаныя артыкулы пра Алеся Белакоза, Міколу Ермаловіча, Міхася Чарняўскага, Анатоля Сідарэвіча, Міхася Кукабаку… Але трапляюцца і людзі зусім другога парадку. Прыкладам, нейкі І.Шчука на глебе помсты забіў аднавяскоўца. Падчас сьледзтва ў яго на гарышчы знаходзяць літаратуру, выдадзеную падчас нямецкай акупацыі. Дык што, і забойца Шчука трапляе ў нонканфармісты?”
(Дзярновіч: ) “Так — паводле фармальных прыкметаў. Калі Шчука праходзіў па справе “антысавецкая агітацыя й прапаганда”, то я, як складальнік, ня мог выкрасьліць яго са сьпісу. Але мы ня сталі цэнзураваць інфармацыю, пакінуўшы маральныя ды іншыя ацэнкі чытачу. І вельмі дзіўна, што Шчуку судзілі не за забойства, а па антысавецкай справе. Між іншым, эпізод з гэтым чалавекам дэманструе, як адвольна выкарыстоўваліся “палітычныя” артыкулы.
Думаю, будзе нялішнім патлумачыць, адкуль мы атрымалі зьвесткі пра судовыя працэсы. Усе “антысавецкія” справы, якія вяліся органамі дзяржбясьпекі, знаходзіліся пад наглядам Пракуратуры СССР. Пасьля 1991 году яны былі перададзеныя ў Дзяржаўны архіў Расейскай Фэдэрацыі, дзе й захоўваюцца ў фондзе Р-8131. Вядома, гэта толькі другасныя гістарычныя крыніцы, якія складаюцца пераважна з копіяў. Многія важныя для нас дэталі, напрыклад, зьмест антысавецкіх выказваньняў падсудных, апісваецца часта толькі шаблённымі фармулёўкамі кшталту — “хлусьня пра калгасны лад”, “выказваньні, якія скрыўляюць зьнешнюю палітыку савецкага ўраду”, “варожыя выпады на адрас аднаго з кіраўнікоў КПСС і савецкага ўраду”.
Вы прыгадалі Шчуку, і я мушу сказаць, што многія справы фальсыфікаваліся. Прывяду такі прыклад: вязьня нямецкага лягеру, будучага пісьменьніка Аляксея Карпюка ў канцы 1980-х гадоў публічна зьвінавацілі ў тым, што ён атрымліваў ад немцаў грошы за супрацоўніцтва. Дзякуй богу, на двары была перабудова, і ўдалося дакумэнтальна давесьці, што Карпюк расьпісваўся за грошы, якія яму дасылалі сваякі (між іншым, саміх грошай у лягеры Карпюк ні разу не атрымаў). Аўтары гэтай фальшыўкі, два афіцэры КГБ, былі выгнаныя са службы”.
(Скобла: ) “Ваш даведнік ахоплівае прамежак часу з 1953 па 1985 гады. Чаму вы вырашылі абмежавацца гэткімі храналягічнымі рамкамі?”
(Дзярновіч: ) “У 1953 годзе памёр Сталін, у 1985-м пачалася перабудова. Сьмерць правадыра сама па сабе азначылася ўзрушэньнямі ў грамадзтве. І тут можна пайсьці шляхам акадэмічных стэрэатыпаў, як тое зрабіў беларускі гісторык з Польшчы Яўген Мірановіч. У сваёй “Навейшай гісторыі Беларусі” (Беласток, 1999) ён напісаў: “Сьмерць Сталіна (5 сакавіка 1953 г.) выклікала шчырую роспач мільёнаў жыхароў Беларусі. Па рэспубліцы пракацілася хваля жалобных мітынгаў. Сотні тысяч людзей рушылі ў напрамку Масквы, каб разьвітацца з чалавекам, які пры жыцьці стварыў легенду пра самога сябе. Ад жалю па Сталіне плакалі нават ахвяры ягоных рэпрэсій”. І хоць выказваньне пра рух соцень тысяч беларусаў у Маскву выглядае фантастычным, разгубленасьць ды масавы псыхоз сапраўды мелі месца. Але нельга забывацца і на выпадкі акурат адваротнага характару, пра якія і расказваецца ў нашым даведніку.
У 1953 годзе паволе артыкулу “антысавецая агітацыя й прапаганда” ў БССР былі асуджаныя 10 чалавек. Сярод іх Вольга Лапаціна, якая сказала на вясковай вечарынцы: “Сталін наш вораг, ён памёр”. Алена Скрабель пасьля вясковага мітынгу жалобы па Сталіне запыталася: “Што ён мне зрабіў добрага, ён жа мне ня родны бацька?” Аршанскі чыгуначнік В.Кузьняцоў заявіў: “Нарэшце, дачакаўся!” У 1956 годзе у вакзальнай рэстарацыі Магілёва Я.Дзямідаў называў Леніна “шалёным дурнем”, а Сталіна — “злодзеем”. Так што цьвярозае разуменьне рэальнасьці ў беларускім грамадзтве было. І гэтага факту нельга ігнараваць”.
(Скобла: ) “У кнізе зьмешчаны графік, на якім паказаная колькасьць асуджаных у Беларусі паводле артыкулу “антысавецкая агітацыя й прапаганда”. Зь яго відаць, што ў 1953 такіх асуджаных было 10, у 1958 — 15, у 1963 — 13. А ў 1957 — ажно 48. Чым гэта тлумачыцца?”
(Дзярновіч: ) “1957 год — год пасьля ХХ зьезду КПСС, год барацьбы за ўладу на самай верхатуры ўлады, і пільныя органы з падвойнай увагай сачылі за настроямі ў грамадзтве. А некаторыя грамадзяне сапраўды мелі прасталінскія сымпатыі й не ўхвалялі антыкультаўскай рыторыкі Мікіты Хрушчова. Але першага сакратара ЦК КПСС сяляне крытыкавалі найперш за палітыку абмежаваньня прыватнага сэктару на вёсцы. Напрыклад, І.Пятроў заявіў: “Хрушчоў па радыё вучыць адбіраць у калгасьнікаў кароў, але мы кароў не аддамо!”
Пачынае зьяўляцца і ідэйны нонканфармізм. У тым жа 1957 годзе адбыліся судовыя працэсы над крытыкамі камунiстычнай нацыянальнай палiтыкi Браніславам Ржэўскім і братамі Лявонам ды Міхасём Белымі. Менавіта ў 1957 годзе заявіла пра сябе новая генэрацыя нацыянальных дзеячоў. І хоць некаторыя зь іх адразу патрапілі ў вязьніцы, стала відавочна, што беларускае грамадзтва настойліва аднаўляе свой нацыянальны патэнцыял пасьля Другой сусьветнай вайны ды рэпрэсіяў канца 1940-х гадоў”.
(Скобла: ) “З вашага даведніка вынікае, што беларускія іншадумцы былі пераважна адзіночкамі”.
(Дзярновіч: ) “Не, нонканфармісты — ня толькі самотнікі. Узьнікненьне падпольных арганізацый ці калектыўных справаў — вельмі важная тэма. Апроч таго, удзел у арганізацыях ці групах быў чыньнікам, які ў вачах сьледчых органах павялічваў віну арыштаваных.
Вядомыя ўжо нонканфармісцкія асяродкі ў колах мастакоў і навукоўцаў (“На Паддашку”, “Акадэмічны асяродак”). Мяркую, адкрыцьцём для чытачоў стане інфармацыя пра Беларускую рэвалюцыйную партыю, якая існавала ў канцы 1950-х гадоў на Берасьцейшчыне.
Малавядомай застаецца “Група Ханжанкова” — падпольная антысавецкая арганізацыя, створаная студэнтам Беларускага політэхнічнага інстытуту Сяргеем Ханжанковым увесну 1962 году з удзелам В.Храпавіцкага і Г.Сярогіна. Паводле зьвестак сьледзтва, група здабыла друкарскі шрыфт дзеля выпуску ўлётак. Удзельнікі групы рэгулярна слухалі замежныя радыёстанцыі й рыхтавалі падрыў менскай глушылкі (гэтак званай радыёстанцыі №3). Ханжанкоў распрацаваў схему падрыву глушылкі, і падпольшчыкі пачалі зьбіраць снарады і міны, што засталіся зь мінулай вайны, каб здабыць выбухоўку. У траўні 1963 году ўдзельнікі падпольнай арганізацыі былі арыштаваныя — знайшоўся правакатар. Тады ж уся група была асуджаная паводле артыкулу “антысавецкая агітацыя і прапаганда”.
Сымбалічна, што вышка побач з касьцёлам Сьвятога Роха, якая некалі глушыла заходнія радыёстанцыі, сёньня належыць кампаніі “Белсэл” і займаецца якраз забесьпячэньнем мабільнай сувязі ў рамках праекту “Дыялёг”. Да Ханжанкова ў беларускай інтэлігенцыі стаўленьне неадназначнае, яго часам называлі “тэрарыстам”. Але — гэта істотна — плянаваўся падрыў вышкі безь людзкіх ахвяраў! Як бы там ні было, гэтая гісторыя яскрава паказвае, што адбываецца, калі людзей пазбаўляюць права на свабоду атрыманьня інфармацыі”.
(Скобла: ) “Давайце зьвернемся да 1970-х гадоў. Выкрыты “Акадэмічны асяродак”. Міхась Чарняўскі, Сьцяпан Міско, Алесь Каўрус, Мікола Прашковіч, Валянцін Рабкевіч: пра іх дзейнасьць даволі падрабязна гаворыцца ў вашым даведніку. Але я зьвярнуў увагу на ролю, якую вы, як дасьледчык-камэнтатар, адводзіце Пятру Машэраву. Паводле вас ён ледзьве не ратаваў названых асобаў. То можа, і Машэрава варта аднесьці да нонканфармістаў?”
(Дзярновіч: ) “Падобна, Машэраў меў ня проста кар’ерныя амбіцыі, якім маглі б перашкодзіць гучныя справы ў Беларусі. У яго было ўласнае бачаньне нацыянальнае сытуацыі. Біёграф Машэрава Славамір Антановіч у сваёй кнізе пра першага сакратара ЦК КПБ адзначае, што на паведамленьні КГБ пра “нацыяналістычныя групоўкі” той рэагаваў словамі: “Гэта перабольшаньне, звышпільнасьць: тут няма сур’ёзнай палітычнай падкладкі”. І калі ў 1972 годзе па камандзе з Масквы пачалася агульнасаюзная акцыя па выяўленьні самвыдату і нацыяналістаў, для Машэрава аказалася нечаканай ініцыятыва беларускага КГБ па “Акадэмічным асяродку”. Трэба сказаць, што беларускія чэкісты спрабавалі праводзіць самастойную лінію, чакалі камандаў на арышты, спадзяваліся на ўзнагароды ды апэлявалі да Масквы. Відавочна, была парушаная рэгіянальная субардынацыя, што не магло не застацца па-за ўвагаю першага сакратара ЦК КПБ.
Усё ж патрабаваньні Масквы былі выкананыя: іншадумцы выяўленыя, зь імі праведзеная адпаведная ідэалягічная і растлумачальная работа; вінаватыя панесьлі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня працы. Канчатковым вынікам павінна была стаць поўная дэмаралізацыя іншадумцаў. Але на нейкім этапе Машэраў спыніў раскрутку справаў. І выйшаў з сытуацыі абсалютным пераможцам. Яго ўкраінскі калега Пётар Шэлест за “пралікі ў справе інтэрнацыянальнага выхаваньня працоўных” быў пазбаўлены пасады і выведзены са складу Палітбюро ЦК КПСС. Па партарганізацыях Украіны былі замененыя 25% сакратароў па ідэалёгіі. Машэраў жа перайграў інтрыганаў зь мясцовага КГБ, адстаяў свае пазыцыі перад КГБ маскоўскім, засьведчыў уласную аўтаномію ў ЦК КПСС. Праз 2–3 гады пры негалосным садзеяньні супрацоўнікаў ЦК КПБ некаторыя з пакараных вярнуліся на працу ў Акадэмію навук і ўнівэрсытэты”.
(Скобла: ) “А вось як ролю Машэрава ацэньвае ўдзельнік “Акадэмічнага асяродку” Сьцяпан Міско, напачатку 1970-х гадоў — супрацоўнік Інстытуту літаратуры”.
(Сьцяпан Міско: ) “Машэраў нічога зрабіць ня мог! Ён дрыжаў перад Масквой. Ён жа мяне цэлую гадзіну на бюро ЦК КПБ пясочыў! Спэцыяльна бюро зьбіралі. Думаў, што я яму падтакваць буду. Памятаю яго сакрамэнтальную фразу: “Ты думаешь, если бы ты был президентом Белоруссии, то у тебя сразу все по-белорусски заговорили бы?” Не, кажу, не адразу — але паступова загаварылі б”.
(Скобла: ) “Кандыдацкую дысэртацыю спадару Міску ў Беларусі абараніць не далі”.
(Міско: ) “Спачатку я ў Маскву сунуўся, думаў — там абаранюся. Тэма мая была — “Беларускі народны тэатар”. Але ў Маскве і чытаць ня сталі: “Дысэртацыя ж у цябе па-беларуску напісаная, едзь у Кіеў”. А я хлапец зацяты, паехаў у Кіеў. Апанэнтам у мяне быў сам Максім Тадэевіч Рыльскі, акадэмік, вельмі прыстойны чалавек. І я абараніўся. А тут не далі б. Нічога нам Машэраў не памог, ён сам кагэбістам быў, службовая пасада абавязвала”.
(Дзярновіч: ) “Ну, я не кажу, што Машэраў героем быў. Проста ягонаму ідэалягічнаму дагматызму магла спадарожнічаць пэўная тактычная гнуткасьць. Але пры ўмове — службовая рызыка не павінна была быць надта вялікай”.
(Скобла: ) “На вашым, Алег, даведніку пазначана, што гэта толькі том першы. Колькі тамоў запраектавана і да якога часу вы мяркуеце давесьці сваё дасьледаваньне беларускага нонканфармізму?”
(Дзярновіч: ) “Мы ўжо працуем над другім томам, які будзе ўяўляць зь сябе анталёгію тэкстаў, важных для станаўленьня і разьвіцьця грамадзкай думкі ў БССР другой паловы ХХ стагодзьдзя. У другі том таксама ўвойдуць біяграфіі асобаў, якія з тых ці іншых прычынаў не патрапілі ў першы. А такіх нямала, прыкладам, пасьля выхаду даведніка мяне расшукаў згаданы Сяргей Ханжанкоў і прынёс матэрыялы пра менскага вальнадумца Кіма Хадзеева.
Апроч таго, асобным томам выйдзе гісторыя цэнзуры ў савецкай Беларусі. Для мяне істотныя ня толькі аналіз зьяўленьня ды функцыянаваньня цэнзуры, але і выяўленьне шматлікіх выпадкаў яе абыходу. Для мяне важна, што даведнік “Нонканфармізм у Беларусі” выклікаў цікавасьць ня толькі ў нашай краіне, але й за мяжой. Прыкладам, маскоўская арганізацыя “Мэмарыял” папрасіла даслаць ня толькі кнігу, але й беларуска-расейскі слоўнік. Для мяне гэта сымбалічны факт”.
Міхась Скобла, Менск (эфір 18 студзеня) Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.
Самае папулярнае
1