«Разьбiваць шматвяковую хлусьню нялёгка, але трэба». Правілы жыцьця Міколы Ермаловіча

Мікола Ермаловіч, 1991

20 гадоў таму трагічна загінуў беларускі гісторык і пісьменьнік Мікола Ермаловіч — амаль невідушчы 78-гадовы навукоўца трапіў пад колы аўтамабіля ў Менску.

Мікола Ермаловіч па праву лічыцца адным з заснавальнікаў беларускай гістарыяграфіі. Інвалід па зроку, ён жыў і працаваў у неспрыяльных варунках, акрамя таго, знаходзіўся пад няспынным наглядам КДБ. Але гэта не было перашкодаю для яго амаль 50-гадовай навуковай дзейнасьці, палымянага змаганьня з афіцыйнай савецкай прапагандай і фальсыфікатарамі беларускай гісторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 нечаканых фактаў пра Міколу Ермаловіча

У сваіх дасьледаваньнях, найперш кнігах «Па сьлядах аднаго міту» (1989) і «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» (2000), Ермаловіч фактычна вярнуў нам, беларусам, гонар і радасьць за нашу гісторыю.

Прапануем чытачам нізку разваг і думак Ермаловіча аб нацыянальнай гісторыі і жыцьці грамадзтва, узятых зь яго артыкулаў і прыватных лістоў, а таксама своеасаблівыя «правілы жыцьця» нашага гісторыка.

Пра ворагаў Беларусі

«Стала хадзячаю думка, што Беларусь ніколі не была і ня можа быць самастойнай, і што яна абавязкова павінна ўваходзіць у саюзы з іншымі дзяржавамі і, само сабой разумеецца, займаць у гэтых саюзах падначаленае месца.

Не будзе вялікай цяжкасьцю абвергнуць гэту хлусьню. Але тое, што яна цьвёрда ўбіта ў нашы галовы і заняла там становішча бясспрэчнай ісьціны, сьведчыць, наколькі нашы ворагі папрацавалі над засьмечваньнем нашай сьвядомасьці, і наколькі мы былі бясьпечнымі, што дапусьцілі бесьперашкоднае пашырэньне ў нас такога ідэйнага пустазельля».

Пра Рагнеду

«У пачатку сваёй гісторыі Беларусь атрымала ў асобе Рагнеды найвыдатнейшы ўзор нязломнасьці чалавечага духу і захапляльны прыклад нястомнай барацьбы за волю і Радзіму.

З гэтых зерняў, так шчодра пасеяных Рагнедай, і ўзышла Беларусь. Можа таму яна і не загінула ў найцяжэйшых выпрабаваньнях, якія выпалі на яе долю.

Карціна «Рагнеда і Ўладзімір» Антона Лысенкі


Імя Рагнеды — дарагое і сьвятое нашаму народу. І таму нядзіўна, што яе магілу паказваюць у розных месцах Беларусі. Подзьвіг Рагнеды быў настолькі незвычайны, што праўдзівая гісторыя яе жыцьця ўспрымалася наступнымі пакаленьнямі, як легенда.

Няхай жа заўсёды ў нашых жылах цячэ яе палымяная кроў, няхай жа ў нашых грудзях заўсёды жыве непакорная душа, няхай жа ў нашых сэрцах заўсёды гараць і жыватворная яе любоў да Радзімы, і спаляючая яе нянавісьць да гвалтаўнікоў!

Як яна, мы ніколі і нікому не даруем за крыўды, нанесеныя нашай Радзіме!».

Пра Купальле

«Як радасна бачыць, што з кожным годам усё больш запальваецца Купальскiх агнёў. У гэтым годзе [маецца на ўвазе 1980-ы год — ПА] наша Маладзечыншчына палала ад ix.

Што ж, так i павіннa быць на нашай зямлi, якая падаравала сьвету Янку Купалу…».

Пра барацьбу з фальсыфікатарамі гісторыі

«З атаясамліваньня сучаснай Лiтвы з старажытнай пачалося заблытваньне гісторыі Вялiкага Княства Лiтоўскага.


У наступным годзе [маецца на ўвазе 1983-ы год — ПА] споўнiцца 400 год з часу надрукаваньня „Xpoнікі“ Мацея Стрыйкоўскага [вядомы польскі храніст і дыплямат 16 стагоддзя — ПА], твора, у якiм наша гicторыя была нечувана сфальсіфiкавана.

„Xpoнікa“ гэтая адразу разышлася па Эўропе, яе домыслы ўвайшлi як бяспрэчныя факты ва ўсе эўрапейскiя падручнiкi па гісторыi i зараз прадаўжаюць паўтарацца.

Вядома, разьбiваць такую шматвяковую хлусьню нялёгка, але трэба. Нам ўжо ўдалося ў нейкай меры зрушыць гэта пытаньне зь месца i трэба ў гэтым iсьцi далей настойлiва.

Добра было б, каб усе гэтыя новыя думкi знаходзiлі месца ня толькi ў беларускай прэсе, але ў навуковых выданьнях англійскай мовы».

Пра ідэалягічны тэрор

«Вынікі маёй лекцыі ў шэрагу зь іншымі былі даволі сумныя для „Спадчыны“ [навуковая лекцыя Ермаловіча адбылася ў гэтым клюбе ў красавіку 1986 году — ПА]. У яе адабралі памяшканьне.

Ня ведаю, магчыма гэта супадзеньне, але пасьля маёй лекцыі ў суполцы „Сумоўе“ пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру АН БССР, яна была забаронена.

Усё гэта вельмі добра характарызуе той страшэнны ідэалягічны тэрор, які існаваў у Беларусі. Нават бяскрыўдныя навуковыя лекцыі кідалі ў страх усіх тых, хто меў неабмежаваную ўладу над розумам і душамі людзей».

Пра працу дасьледчыка

«Дасьледчык ня можа дзяліць факты на тыя, якiя яму падабаюцца, i на тыя, якiя яму не падабаюцца. Усе факты ён павінен дасьледьваць i нiводнага не адкiдаць або замоўчваць.


Mенавітa ўcё гэта заставiла мяне перагледзець пытаньне ўтварэньня Вялiкага Княства Лiтоўскага.

Калi я вывучыў усе даступныя матэрыялы, то ўбачыў, што ранейшыя дасьледчыкi шмат гаварылi аб так званым лiтоўскiм заваяваньнi Беларусi, але не паказвалi самога факту заваяваньня, нiколi не гаварылi, калi i як гэта адбылося.

Другое, чаго я ня мог уцямiць, дык гэта тое, чаму менавітa Лiтва перш за ўcё падначалiла Наваградак. Глянуўшы на мапу, гэта цяжка зразумець.

Ствараецца ўражаньне, што нiводны дасьледчык не глядзеў на мапу i не задумваўся, а як гэта можна было з тэрыторыi сучаснай Лiтвы заваяваць Наваградак».

Пра страту мовы

«Калі полк страчвае свой сьцяг, ён перастае існаваць. Нешта падобнае мы бачым і ў адносінах народу і яго мовы.

Калі народ страчвае сваю мову, ён таксама перастае існаваць, бо мова — гэта і ёсьць сьцяг народу. Вось чаму прыгнечаньне народу пачынаецца са зьневажаньня і ганеньня яго мовы.

Гэтак жа сама і нацыянальнае абуджэньне народу бярэ свой пачатак з усьведамленьня ім вялікага значэньня сваёй роднай мовы як свайго сьцягу, ідучы пад якім ён знойдзе сваю волю і шчасьце».

Пра сваё жыцьцё

Мікола Ермаловіч


«Я жыву ў Маладзечне, але кожны дзень ежджу ў Менск у Дзяржаўную бiблiятэку, дзе праседжваю з 10-й да 18-й гадзiны. Вяртаюся дамоў i замест адпачынку iду працаваць у таварыства сьляпых, дзе працую 5 гадзiн, склейваю каробкi. Бяз гэтага немагчыма было б пражыць, бо дзецi мае iнвалiды, трэба на ix зарабляць.

Цяжкое маё жыцьцё. Аднак усё ж, нягледзячы на вялiкiя жыцьцёвыя цяжкасьцi і iгнараваньне, я не здаюся, вяду досьледы, вяду пошукі і, як кажа Васпан [маецца на ўвазе Міхась Белямук — старшыня згуртаваньня беларускай моладзі ў Кліўлэндзе (ЗША), выдавец гістарычнага часопіса „Полацак“ — ПА], выяўляю стойкасьць крывiча.

Калi вочы канчаткова не адмовяць, я маю надзею, што сёе-тое зраблю, напiшу, каб ведалi нашчадкi».

Пра страту нацыянальнай велічы

«Лiтоўскi гісторык Батуры ў сваёй манаграфii пра барацьбу Лiтвы з Залатой Ардой, выдадзенай у 1975 годзе, паспрачаўся са мною.

Ён згаджаецца з тым, што Лiтва сапраўды была там, дзе я яе паказваю, але ня згодзен у тым, што назва „Лiтва“ толькi пазьней перайшла на Аўкштайцiю, бо, маўляў, паказаная мною Лiтва была працягам той Лiтвы, якая нiбыта была тады на месцы сучаснай Лiтвы. Ён даказвае гэта спасылкaмi на граматы Мiндоўга, добра ведаючы, што яны былi падробленыя нямецкiм ордэнам у XIV стагодзьдзі.

Што i казаць: калi няма чым бiць, то бi бубнам. Але яго і яго калегаў можна зразумець. Прызнаць, што Лiтвы не было на месцы Аўкштайцii, гэта значьщь адрачыся ад гiстарычнага свайго „вялiчча“».

«Бітва пад Воршай», карціна ХVI стагодзьдзя

Пра сваю харакатарыстыку кадэбістам

«У 1986 годзе начальнік Маладзечанскага КДБ Іваноў, выступаючы на нарадах агітатараў, характарызаваў мяне, як „животное ископаемое“.

Відаць таму, што я заўсёды гаварыў на беларускай мове, якую ён лічыў канчаткова забітай і пахаванай і таму выкапнёвай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Загадкавы Наваградак. Забытая сэнсацыя. ВІДЭА

Пра беларускую буржуазію

«Эканамічна слабая, а таму і баязьлівая, беларуская буржуазія ня толькі была антынароднай, як і ўсякая буржуазія, яна была яшчэ і антынацыянальнай.

Ня могучы ня толькі стаць на чале народу, але нават і абараняць свае вузкаклясавыя інтарэсы, яна заўсёды пакорліва схіляла сваю галаву перад кожным чужым заваёўнікам, які аказваўся мацнейшым за папярэдняга, і за бясцэнак прадавала яму свой народ.

І таму няма больш бессэнсоўнага, чым выраз „беларускі буржуазны нацыяналізм“. Ужо ў чым іншым, а ў гэтым граху беларускую буржуазію западозрыць нельга. Не дарасла яна да нацыяналізму».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У кожнага свая моль». Правілы жыцьця Францішка Багушэвіча

Пра свабоду адрачэньня

«Свабода адрачэньня ад сваёй мовы — пакуль што адзіная свабода, якая прадстаўлена нам і якой мы можам карыстацца бесьперашкодна.

Магчыма, таму і знаходзяцца людзі, якія з-за адсутнасьці іншых свабодаў сьпяшаюцца пакарыстацца хоць гэтай свабодай».

Пра барацьбу з «мсьціславамі»

«У 1132 годзе памёр Мсьціслаў [вялікі князь кіеўскі, які захапіў Полацак — ПА], і Полаччына забурліла адразу. Чужынцы былі выгнаны, а ў Полацак вярнуліся свае князі. Радзіма наша стала вольнай. Больш таго, аслабленая Кіеўшчына адраклася ад сваіх намераў пакарыць Полаччыну.

Барацьба за волю, якой бы яна ні была цяжкай і доўгай, заўсёды заканчваецца перамогай!

Старажытны Полацак. Рэканструкцыя ХХ стагодзьдзя

Але гэтая змрочная пара, відаць, моцна ўразіла наш народ і навечна адбілася ў яго памяці. Менавіта, з гэтага часу і зьявілася вядомая беларуская прыказка «Мсьціслаў не аднаго сьціснуў», і ўжо звыш васьмісот гадоў жыве ў народзе. І гэта не выпадкова.

Імя Мсьціслава стала сымбалічным. Падобныя яму яшчэ неаднаразова зьяўляліся ў нашай гісторыі і многіх яны сьціснулі, але, як і ў першы раз, не змаглі заціснуць і задушыць наша адвечнае і сьвятое імкненьне да волі!».

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.