У штогадовым дакладзе міжнароднай арганізацыі Freedom House аб свабодзе ў сьвеце Беларусь паставілі на 177-е месца з 210 краінаў і тэрыторыяў (28-е з канца месца сярод 195 краінаў).
Сам даклад 2020 году мае падзагаловак «Змаганьне за дэмакратыю бязь лідэраў», на вокладцы — фота пратэстаў у Ганконгу.
Паводле дакладу, ва ўсім сьвеце дэмакратыя цяпер пад ударам, і вынікі відавочныя ня толькі ў аўтарытарных дзяржавах, такіх як Кітай, Расея ці Іран, але і ў краінах з даўнімі традыцыямі павагі да асноўных правоў і свабод чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай увёў санкцыі супраць ЗША — праз падтрымку пратэстаў у ГанконгуМінулы 2019 год стаў 14-м запар, калі ў сумарны рэйтынг «Дома свабоды» пагаршаўся. Краінаў, якія палепшылі свае пазыцыі, амаль удвая менш за тыя, дзе свабоды стала менш: 37 супраць 64.
Са 195 краінаў (і 15 тэрыторыяў) свабоднымі назвалі 83 краіны (і 1 тэрыторыю), часткова свабоднымі — 63 (і 4), несвабоднымі — 49 (і 1).
Самыя свабодныя
Найбольш свабодныя — Фінляндыя, Нарвэгія і Швэцыя (у іх па 100 балаў: 40 за палітычныя правы і па 60 за грамадзкія свабоды). Сьледам за імі Нідэрлянды (99), Люксэмбург, Уругвай і Канада (па 98), Данія, Аўстралія, Ірляндыя і Новая Зэляндыя (па 97).
🇺🇸 Злучаныя Штаты аднесьлі да свабодных краінаў, але яны ніжэй у рэйтынгу — маюць толькі 86 балаў са 100 (33 за палітычныя правы і 53 за грамадзкія свабоды). За апошнія 10 гадоў ЗША страцілі 8 балаў.
Самыя несвабодныя
Нуль балаў сумарнага рэйтынгу атрымала Сырыя — тры балы за грамадзкія свабоды і мінус тры за палітычныя правы. Адзін бал сумарна набраў Тыбэт, які на тэрыторыі Кітаю. Па два балы маюць Туркмэністан, Эрытрэя і Паўднёвы Судан, тры балы — Паўночная Карэя. Сьледам за імі — акупаваная Марока спрэчная тэрыторыя Заходняя Сахара з 4 баламі.
Усходні Данбас, які на тэрыторыі Ўкраіны і пад кантролем самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», вынесены ў рэйтынгу ў асобны пункт, і мае пяць балаў (мінус 1 за палітычныя правы, 6 за грамадзкія свабоды), ідзе за Заходняй Сахарай.
Акупаваны Расеяй украінскі Крым прызналі крыху больш свабодным: сумарна 8 балаў (мінус 2 за палітычныя правы, 10 за грамадзкія свабоды).
Беларусь
У рэйтынгу Freedom House Беларусі далі сумарна 19 балаў: 5 за палітычныя правы (столькі ж, колькі ў Арабскіх Эміратаў, Джыбуці ці Расеі) і 14 за грамадзкія свабоды (як у Аўганістане, Іраку або Руандзе).
Беларусь зноў аднесеная да «несвабодных» краінаў. Столькі ж балаў ёй давалі ў дакладзе 2019 году. У 2018-м давалі 21 бал, 2017-м — 20 балаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Аліневіча да Яроменка. Колькі палітвязьняў было ў Беларусі за 10 гадоўСтолькі ж балаў сумарна далі Эсўатыні — каралеўству на поўдні Афрыкі, якое яшчэ нядаўна звалася Свазілэнд — кароль зьмяніў назву, каб ня блыталі са Швайцарыяй. Там менш палітычных правоў (1 бал), але больш грамадзкіх свабод (18 балаў).
Крыху вальней за Беларусь і Эсўатыні у Віетнаме, Расеі і Рэспубліцы Конга (20 балаў), крыху менш свабоды ў 🇨🇩 Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Камэруне (па 18).
Да несвабодных адносілі і інтэрнэт у Беларусі — у леташнім рэйтынгу свабоды інтэрнэту Беларусь мела 35 балаў са 100.
Суседзі Беларусі
Самая вольная краіна з геаграфічна блізкіх да Беларусі — Эстонія, якая мае 94 балаў са 100 (38 за палітыку, 56 за грамадзтва) і займае 21-е месца.
Пазыцыі і балы краінаў, якія маюць межы зь Беларусьсю, такія:
- Расея — «несвабодная», 20 балаў (5 за палітычныя правы, 15 за грамадзкія свабоды), 175 месца сярод краінаў і тэрыторыяў сьвету, балы за год не зьмяніліся;
- Украіна — «часткова свабодная», 62 балы (27/35), 101-е месца, плюс два балы;
- Польшча — «свабодная», 84 балы (35/49), 59-е месца, балы не зьмяніліся;
- Латвія — «свабодная», 89 балаў (37/52), 45-е месца, плюс два балы;
- Літва — «свабодная», 91 бал (38/52), 40-е месца, балы не зьмяніліся.