Сандэрс атрымаў верх у найбольшым штаце — Каліфорніі, а Байдэн перамог у Тэхасе, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Джо Байдэн перамог на праймэрыз у некалькіх штатах Сярэдняга Захаду і Поўдня ў супрацьстаяньні з прагрэсівістам Бэрні Сандэрсам, які спадзяецца атрымаць у свой актыў багатыя на колькасьць дэлегатаў партыйнага зьезду заходнія штаты і ўтрымаць лідэрства сярод кандыдатаў у прэзыдэнты ад дэмакратаў.
Байдэн і Сандэрс змагаліся за дэлегатаў у 14 штатах і тэрыторыі Амэрыканскае Самоа, дзе праходзіць галасаваньне ў «супэраўторак» — самы важны дзень сэзону першасных выбараў.
Аднак жамчужына ў кароне «супэраўторка», Каліфорнія, дзе на кон пастаўлены 415 дэлегатаў партыйнага зьезду дэмакратаў, дасталася Сандэрсу.
Байдэн перамог у штаце Тэхас, які накіроўвае на зьезд 228 дэлегатаў.
Сэнатар ад Вэрмонту адкрыў вечар падліку галасоў як бясспрэчны лідэр дэмакратаў, атрымаўшы пераканаўчую перамогу ў сваім родным штаце, Каларада і Юце.
Байдэн жа перамог у Масачусэтсе і Аклагоме, дзе нарадзіўся яшчэ адна кандыдатка ў прэзыдэнты, сэнатарка Элізабэт Уорэн, а таксама ў паўднёвых штатах, уключаючы Вірджынію, Алабаму, Паўночную Караліну, Тэнэсі і Арканзас. Гэта стала сыгналам, што ён умацоўвае свой статус лідэра сярод дэмакратычнага істэблішмэнту.
Байдэн таксама перамог у Мінэсоце — штаце, які Сандэрс спадзяваўся атрымаць у сваю скарбонку. Гэта стала сьведчаньнем папулярнасьці былога віцэ-прэзыдэнта па ўсёй краіне.
«Людзі гавораць пра рэвалюцыю. Мы ж заснавалі рух», — заявіў Байдэн у Каліфорніі.
Сандэрс атакаваў Байдэна ў пераможнай прамове ў Вэрмонце. «Нельга перамагчы Трампа той жа самай старой палітыкай», — заявіў ён.
У асобах Байдэна і Сандэрса дэмакратам даецца выразны выбар у тым, якога кандыдата яны хочуць выставіць супраць прэзыдэнта Дональда Трампа ў лістападзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто хоча выйсьці на двубой з Трампам. ПартрэтыСандэрс — 78-гадовы дэмакратычны сацыяліст, які абапіраецца на энэргічную кааліцыю левага флянгу сваёй партыі, якая падтрымлівае яго шматгадовую барацьбу за трансфармацыю амэрыканскай палітычнай і эканамічнай сыстэм.
77-гадовы Байдэн лічыцца лідэрам вашынгтонскага істэблішмэнту Дэмакратычнай партыі, які робіць упор на прагматычны падыход да такіх ключавых палітычных пытаньняў, як ахова здароўя і зьмяненьне клімату.
Паводле падліку агенцтва Associated Press, Байдэн меў галасы 453 дэлегатаў партыйнага зьезду, а Сандэрс — 382.
Чакаецца, аднак, што вынікі могуць сур’ёзна памяняцца ў наступныя некалькі гадзін. Некаторыя кандыдаты трымаюцца ў раёне 15 працэнтаў галасоў. У выпадку пераадоленьня гэтага парога яны таксама атрымліваюць адпаведную колькасьць дэлегатаў.
Для вылучэньня ад партыі кандыдат павінен атрымаць галасы 1991 дэлегата, што складае большасьць ад 3979 дэлегатаў зьезду, абавязаных галасаваць у адпаведнасьці з вынікамі праймэрыз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Мы можам разьлічваць на крэдыт ад ЗША на нафтаправод з Балтыкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партыя прэм’ера Нэтаньягу лідаруе на выбарах у Ізраілі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША экстрана зьнізілі базавую ўліковую стаўку з прычыны каранавірусу