Гэта першае экстранае зьніжэньне стаўкі, праведзенае з часоў фінансавага крызісу 2008 году.
Фэдэральная рэзэрвовая сыстэма ЗША (ФРС) у аўторак экстрана зьнізіла базавую ўліковую стаўку, спрабуючы абараніць найбуйнейшую эканоміку сьвету ад наступстваў каранавірусу. Кіраўнік ФРС Джэром Паўэл выказаў здагадку, што пагроза эканоміцы з боку каранавірусу зьнікне ня хутка.
«Вірус і захады, якія робяцца для яго стрымліваньня, безумоўна, будуць нэгатыўна ўплываць на эканамічную актыўнасьць як тут, так і за мяжой, на працягу некаторага часу», — заявіў Паўэл на прэс-канфэрэнцыі, якая адбылася пасьля таго, як ФРС абвясьціў аб зьніжэньні стаўкі на палову адсоткавага пункту — да 1%—1,25%.
Рашэньне аб зьніжэньні стаўкі было падтрымана аднагалосна ўсімі чальцамі Камітэту адкрытых рынкаў, які кіруе ФРС. Гэта зьніжэньне стала першым экстраным захадам, зробленым ФРС з 2008 году, калі падобнае рашэньне было прынята ў разгар фінансавага крызісу.
Міністар фінансаў ЗША Стывен Мнучын вітаў рашэньне ФРС, заявіўшы, што яно дапаможа амэрыканскай эканоміцы.
Прэзыдэнт Трамп пракамэнтаваў зьніжэньне стаўкі ў сваім твітары, заклікаўшы Цэнтрабанк прадоўжыць дзеяньні ў гэтым кірунку. «Больш зьмякчэньня і больш скарачэньня ставак», — напісаў прэзыдэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская нафта патаньнела на фоне спрэчкі зь Беларусьсю