«Абрынецца дах — і дом складзецца, як кніжка». Як пад Віцебскам жывуць у дамах з пустымі кватэрамі

У свой час шматкватэрныя дамы ў вёсках сьпешна будавалі для работнікаў саўгасаў. З выгодаў — пячное ацяпленьне і электрычнасьць. Празь дзясяткі гадоў яны застаюцца часткова заселенымі. Кватэры пустыя, таму цагляныя будынкі прамярзаюць і разбураюцца. Свабода наведала дзьве вёскі пад Віцебскам і паслухала, на што скардзяцца жыхары шматкватэрных дамоў.

Па абодва бакі дарогі на Баршчоўку, невялікую вёску за сем кілямэтраў ад Віцебску, шэрагамі растуць пладовыя дрэвы. Паміж дрэвамі пасьвіліся каровы з малочных фэрмаў — Баршчоўка ўваходзіла ў склад вялікага саўгасу «Віцебскі». Калі гаспадарак ня стала, сады пачалі дзічэць, зарастаць пустазельлем і баршчэўнікам.

«Баршчоўка — бо баршчэўнік паўсюль», — у вёсцы цяпер па-новаму трактуюць яе назву.

У Баршчоўцы памятаюць пару, калі тут было шмат працы. Людзі прыяжджалі ў вёску і заставаліся. Для рабочых саўгасу пабудавалі новыя кватэры, а вуліцу назвалі Маладзёжнай. Цяпер на ёй застаўся адзін двухпавярховы дом. З шаснаццаці кватэраў — пяць жылых. Стала жывуць толькі ў трох.

«За тры гадзіны кватэра выстуджваецца»

Мікалай займае кватэру на першым паверсе другога падʼезду. Ён быў адным з тых, хто прыехаў у Баршчоўку працаваць.

«Жонка на фэрме даяркай была. Я сьлесарам. Цяпер яна ў горад на працу езьдзіць. Я ўжо пэнсіянэр», — Мікалаю 63. Акрамя пэнсіі, ён мае інваліднасьць, бо хварэў на сухоты.

Мікалай амаль не выходзіць з кватэры. Па ваду да калёнкі і па дровы ў хляўчук — у кожнай кватэры пячное ацяпленьне. Выгоды таксама на двары.

«Дзьве машыны дроў на зіму пайшло. А сэнс? Вакол пустыя кватэры. Я паветра грэю», — скардзіцца Мікалай.

У трох астатніх кватэрах на лесьвічнай пляцоўцы даўно не жывуць. Холад ідзе і ад вокнаў. Драўляныя рамы ад часу пачалі гніць.

«У кожнае акенца пальцам ткні — усе рамы гнілыя. Дзе я на вокны грошы знайду? У мяне пэнсія 200 рублёў», — кажа Мікалай. Каля трыццаці зь іх штомесяц ідзе на кватэрную плату, ваду, электрычнасьць і вываз сьмецьця.

Над Мікалаем жыве 29-гадовы Вадзім. Пяць гадоў таму ён пераехаў з жонкай у кватэру яе маці. Абое працуюць у Віцебску, жывуць у Баршчоўцы. Здымаць жыльлё ў горадзе для іх дорага.

Кватэра маладой сямʼі — адзіная на другім паверсе. У пустых памяшканьнях гуляюць скразьнякі.

«За тры гадзіны кватэра выстуджваецца. Толькі на зіму шэсьць прычэпаў дроў ідзе. Яшчэ добра, што ў мяне трактар свой, свая піла. Я дзялянку выпісваю і сам дровы нарыхтоўваю. У тысячу ўкладаюся. А так прычэп рублёў 200-300 каштуе».

Дом абслугоўвае ЖКГ. Штомесяц жыхары плацяць за камунальныя паслугі, аднак упэўненыя, што будынак ужо «сьпісаны».

«Мы папрасілі дзьверы ў падʼезьдзе зрабіць і вокны забіць на зіму, каб вецер не гуляў, — кажа Мікалай. — Прыехалі цесьляры, але дошак не хапіла. Так і жывём. Вакол нічога жывога. Пустэча».

«Са столі капае. Мы тазікі падстаўляем»

Найбольш жыхары шматкватэрнага дому на Маладзёжнай цярпяць ад дажджу.

«Са столі капае. Мы тазікі падстаўляем, баімся, што каратне», — кажа Вадзім.

Празь вільгаць у доме прамерзьлі сьцены. Іх немагчыма ні прасушыць, ні прагрэць, пакуль ня прыйдзе цяпло. Па сырых сьценах ідуць правады. Жыхары зьвярталіся ў МНС і ЖКГ. Электрычны шчыток павесілі ўнізе, пад лесьвіцай. На лесьвіцу сыходзяць сэзонныя ападкі.

«Аднойчы зьнікла сьвятло. Электрыка чакалі два дні. Ён сказаў, што можа абрэзаць правады, бо дом нежылы», — дадае Вадзім.

Асабліва моцна залівае першы падʼезд. Вада падымаецца да ўзроўню некалькіх прыступак.

«Накідаем дошак і ідзём», — кажа Алег.

Алег жыве ў першым падʼезьдзе адзін. Сам зрабіў уваходныя дзьверы, бо старыя згнілі ўшчэнт. Яго сусед на пляцоўцы, інвалід-вазочнік, на зіму зьяжджае ў Віцебск. У Баршчоўцы няма сацыяльных работнікаў. Ды ў такіх умовах на вазку перасоўвацца немагчыма. Другі паверх цалкам пусты. Адзіную жылую кватэру трымае жанчына з суседняй вёскі. Але прыяжджае зрэдчас.

Празь вільгаць столь Алегавай кватэры пакрытая цьвільлю.

«Праз гэтую цьвіль мы ўсе тут хварэем», — кажа мужчына.

Як і большасьць працаздольных вяскоўцаў, Алег таксама заняты ў Віцебску. Сёлета зіма цёплая. І ён езьдзіць на працу роварам. Ад Баршчоўкі да гораду яму 30 хвілін язды. Альбо грамадзкім транспартам — ад дому да прыпынку паўтара кілямэтра.

«Калі працы ня стала, усе пачалі зьяжджаць. Адсюль да Заронава працы няма. Усе ў горадзе працуюць. Раней у вёсках школы былі. Цяпер вёска старэе і памірае. Людзі, якія адпрацавалі ў калгасе па 40 гадоў, цяпер нікому не патрэбныя. Яны кажуць, што падтрымаюць вёску. А што тут падтрымліваць?» — пытаецца Алег і разводзіць рукамі.

«Участковы прыяжджаў, здымаў і сьмяяўся»

Прыватызаваць кватэры альбо ўкладаць у іх рамонт у жыхароў няма магчымасьці. Дый яны ня бачаць у гэтым сэнсу, бо стан будынку аварыйны.

«Я залазіў на гарышча. Там усе кроквы гніюць. Абрынецца дах, і дом складзецца, як кніжка», — кажа Вадзім.

У вёсцы кажуць, што дом прастаіць яшчэ 2-3 гады.

Паралельна дому цягнецца шэраг хлеўчукоў. Кожны хляўчук замацаваны за асобнай кватэрай. Летась на адным зь іх ад сьнегу абваліўся дах. Жыхарам прапануюць зьнесьці пабудовы альбо адрамантаваць іх уласным коштам.

Двор асьвятляе адзіны ліхтар. Пасьля замены лямпачкі ён працуе як найболей некалькі дзён. Да калёнкі даводзіцца ісьці зь ліхтарыкам. Калёнка замярзае пры мінус пяці, і па ваду трэба ехаць у суседнюю вёску.

«Сюды ніхто ня хоча ехаць, — падсумоўвае Вадзім вынікі зваротаў у розныя інстанцыі. — Участковы прыяжджаў, здымаў і сьмяяўся: як вы тут яшчэ жывяце?»

«Быццам тут не жыве ніхто»

Асноўная частка дамоў у Баршчоўцы стаіць на цэнтральнай вуліцы — Сьветлай. На Маладзёжнай па-ранейшаму прасёлак. Асфальт абрываецца за могілкамі на скрыжаваньні дзьвюх вуліц. Пяць гадоў таму тут хавалі былога старшыню абласнога савету дэпутатаў родам з гэтых мясьцін.

«За дзень да могілак праклалі асфальт, пакасілі ўзбочыны, прыбралі, перааралі палі, калёнкі нядзейныя пафарбавалі», — узгадвае Мікалай.

Тады ж зруйнавалі другі шматкватэрны цагляны дом на Маладзёжнай, які стаяў побач на ўзгорку. Ён меў яшчэ горшы выгляд і быў бачны з дарогі.

«У чалавека дом абгарэў, яго сеткай прыкрылі. Наш дом таксама хацелі схаваць. Але завялікі, відаць», — дадае мужчына.

У дождж на прасёлку непраезная гразь. Узімку чысьцяць толькі заасфальтаваны кавалак. Жыхары скардзяцца, што да іх нават «хуткая» не даяжджае.

«Быццам тут не жыве ніхто», — кажа Вадзім. Хаця за двухпавярховікам яшчэ дзьве вясковыя хаты.

«Ад гэтай кватэры разбураецца ўвесь дом»

Ад Баршчоўкі да Пестуніцы — сем кілямэтраў. Паўстагодзьдзя таму ніхто б не паверыў, што ў 2020-м тут застануцца фэльчарска-акушэрскі пункт, пошта і крама.

«У 60–70-я гады тут было весела. У нас і клюб быў, і лазьня. Народу і тэхнікі шмат, палі апрацоўвалі, — прыгадвае Яўгенія Фёдараўна. Яна — апошняя карэнная жыхарка Пестуніцы. Сёлета ёй споўніцца 78 гадоў.

У 60-я гады на вуліцы Новай для работнікаў саўгасу «Віцебскі» пабудавалі сем шматкватэрных цагляных дамоў. У адным зь іх атрымала жыльлё і Яўгенія Фёдараўна. У саўгасе яна працавала на фэрме і ў цяпліцах — ваколіцы асабліва славіліся гароднінай.

Цяпер у Пестуніцы працы няма. На вуліцы Новай усё састарэла. Забітых дошкамі вокнаў становіцца болей.

У доме пад нумарам два восем кватэраў. Адна на другім паверсе нежылая — пустуе ўжо васямнаццаць гадоў. Над кватэрай абвальваецца дах. Пад ёй, на першым паверсе, жыве Яўгенія Фёдараўна.

Ад гэтай кватэры разбураецца ўвесь дом, — скардзіцца яна.

«На новы дах з пэнсіі адкладаю»

У дождж з даху вада трапляе ў дом і сьцякае на першы паверх. Залівае столь і сьцены. У сваёй кватэры жанчына робіць рамонт сама: пэнаплястам уцяпліла сьцены, падфарбавала столь.

Усе кватэры ў доме прыватызаваныя. Гаспадары сваім коштам вырашаюць бытавыя пытаньні. Праз скаргі жыхароў уласьніка пустой кватэры аштрафавалі, на ягоную кватэру наклалі арышт. Аднак праблему гэта не вырашае, і стан кватэры штогод пагаршаецца.

Паводле экспэртызы райвыканкаму, вільгаць у кватэры Яўгеніі Фёдараўны ідзе ад працёку ў даху. Зьліквідаваць яго жанчыне раяць уласным коштам. Астатнія жыхары кавалкі даху над сваімі кватэрамі ўжо адрамантавалі. Яўгеніі Фёдараўне няма з кім складвацца.

«Цяпер мне трэба страху накрыць. Быў бы гаспадар, удвох крылі б. Ці ў стане я адна гэта зрабіць? З пэнсіі цяпер адкладаю».

У 1943-м Яўгенію Фёдараўну разам з маці забралі ў літоўскі Алітус, у лягер ваеннапалонных.

«Жылі ў клеці, абгароджанай дротам калючым. Кроў бралі ў дзяцей. Дома ў год я ўжо хадзіла, а там ляжала. Мяне жанчына-літоўка выхадзіла. Угаварыла гаспадара нашу сямʼю на працу ўзяць. Маці кароў пасьвіла, у агародзе працавала».

Як малалетні вязень Яўгенія Фёдараўна мае даплату да пэнсіі і атрымлівае 480 рублёў. Частка грошай ідзе на ўтрыманьне кватэраў: у сваёй неўзабаве трэба мяняць печ, у суседавай — зацягваць плёнкай пустое вакно. Частка — на лекі. Ад цяжкой працы цяпер у жанчыны баляць рукі і ногі.

«З шасьці гадоў я працаваць пайшла. Цялят пасьвілі. Мамкі жалі, а мы снапы цягалі. Малацілка тут была. Коні варочалі, а мы снапы падцягвалі. Мы не гулялі, як цяпер. У нас дзяцінства не было, — прыгадвае Яўгенія Фёдараўна. — Пасьля вайны кару елі. Ягады зьбіралі, на базар везьлі. Цяпер мэталалом зьбіраюць, а мы патроны медныя выкопвалі».

Сямʼя Яўгеніі Фёдараўны жыла ў зямлянцы. Пакрысе зрубілі маленькую хату. Яна і цяпер стаіць ля прыпынку. Вакол яе пасаджаны агарод.

«Пайшла б жыць у старую хату. Але як пасьля вайны будавалі? Толькі страха была, печка, сьцены, адно вакно. Ні падлогі, ні столі. Толькі пераехалі — у зямлянцы столь абвалілася, — кажа стомленая рамонтам Яўгенія Фёдараўна. — Былая начальніца казала: калі столь у кватэры абваліцца, тады прымем меры».

Столь яшчэ не абвалілася. Але ад працёку ў даху сьцены ў доме халодныя і сырыя. Найбольш жыхары баяцца кароткага замыканьня — бо дом застанецца без электрычнасьці.

Яўгенія Фёдараўна ня раз пісала звароты ў сельсавет, у раённы і абласны выканаўчыя камітэты. Аднак практычнай дапамогі так і не атрымала. На яе памяці зьмянілася шмат уладаў.

«А толку ніякага, — кажа жанчына. — У савецкія часы ніхто капейкі не даваў, усё самі рабілі. І цяпер вёска нікому не патрэбная. Хаця б вайны не было. Гэта найстрашнейшае».

Што кажуць улады?

Намесьнік старшыні Віцебскага райвыканкаму па будаўніцтве Сяргей Дзьмітрыеў ня стаў адказваць на пытаньні карэспандэнта Свабоды.

«Няхай жыхары зьвернуцца да мяне хаця б, тады мы зь імі пагутарым, вырашым, вызначымся, што рабіць», — сказаў чыноўнік.

Старшыня Заронаўскага сельсавета Зоя Пека паведаміла, што ведае пра праблемы, але камэнтаваць сытуацыю па тэлефоне адмовілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля публікацыі Свабоды. Улады Магілёва вырашылі расьсяліць інтэрнат, дзе на 80 чалавек адзін душавы пакой
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У цэнтры Менску будуюць дом з кватэрамі «для чыноўнікаў». ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пры кім паміраць будзеш?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму мяне выганяюць з роднага гораду?» Сям’я змагаецца за свой дом, які зносяць дзеля будоўлі Minsk World