Сьцяпан Сьвятлоў, аўтар папулярных каналаў на Youtube і Telegram Nexta, патлумачыў у відэаінтэрвію праекту «Морква», чаму большасьць свайго кантэнту робіць па-расейску і як бы паўплываў на яго пераход на беларускую мову.
Адказваючы на пытаньне, ці для ўмацаваньня незалежнасьці Беларусі ён гатовы рабіць ролікі ў Youtube і весьці Telegram-канал на беларускай мове, Сьцяпан Сьвятлоў сказаў, што «толькі часткова».
«Цалкам не гатовы. Таму што працую ня толькі на беларускую аўдыторыю. Калі б цалкам перайшоў на беларускую мову, то „столь“ была б — 100-150 тысяч праглядаў, прыкладна столькі набірае мая перадача „Суб’ектыў“, якая робіцца па-беларуску на Белсаце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Веру, што ў 2020 годзе ўлада ў Беларусі памяняецца», — блогер NextaРасейскамоўныя выпускі на Youtube-канале Nexta маюць ад некалькіх сотняў тысяч да 2 мільёнаў праглядаў.
Разам з тым блогер адзначыў, што пераход на беларускую мову спрыяе ўмацаваньню незалежнасьці Беларусі.
«Варта пакрыху яе ўводзіць. Я гэта часам раблю. У маіх перадачах на Youtube ёсьць рубрыка „Рэгіёны“, якая робіцца па-беларуску».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.