Зьбіцьцё СОБРам у лесе пад Берасьцем. Гвалтоўнае затрыманьне ў тралейбусе падчас акцыі супраць «дэкрэту аб дармаедах». Часта чуваць пра жорсткія прысуды анархістам. На апазыцыйных акцыях прыкметны іх «чорны блёк». Але анархісты дагэтуль — самы ананімны і закрыты беларускі рух.
12 лютага 2020 году двух анархістаў, Мікіту Емяльянава і Івана Комара, асудзілі на 7 гадоў пазбаўленьня волі кожнага. Беларускія праваабаронцы ўжо прызналі асуджаных палітвязьнямі. Увосень 2019 году яны кінулі лямпачкі з фарбай у фасад Менскага гарадзкога суду і «кактэйль Молатава» ў будынак СІЗА на Валадарскага. Суд пазову не выстаўляў, а СІЗА панесла матэрыяльныя страты на 1 рубель 48 капеек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анархісты атрымалі 14 гадоў на дваіх за шкоду ў 1 рубель 48 капеек. Чаму так шмат?Непрапарцыйны прысуд пацягнуў за сабой новую хвалю цікаўнасьці да беларускага анархічнага руху. Разам са сталымі ўдзельнікамі разьбіраемся, чым ужо 20 гадў жывуць беларускія анархісты.
«Мэта анархістаў — дабівацца свабоды слова»
«Калі меркаваць са СМІ, то анархіст — той, хто нешта кінуў ці намаляваў графіці, а потым за гэта сеў, — кажа анархіст Мікола Дзядок. — Хаця такое робяць лічаныя людзі. 80-90% дзейнасьці анархістаў носіць негвалтоўны характар ня толькі ў Беларусі, але і ва ўсім сьвеце».
Ня так шмат людзей могуць адкрыта расказаць, што такое беларускі анархічны рух. Ананімнасьць — значная анархічная каштоўнасьць. А калі нехта «раскрывае твар» і робіцца публічным, то часьцей за ўсё прычына ў гучнай крымінальнай справе.
«У ідэале мэта анархістаў — зрабіць рэвалюцыю, каб паставіць грамадзтва на рэйкі самакіраваньня, калектыўнага валоданьня маёмасьцю і зьнішчэньня ўсіх герархічных інстытутаў. У прыватнасьці, бюракратычнай дзяржавы, — тлумачыць тэарэтычныя асновы анархіст Мікола Дзядок. — Але гэта ў ідэале. На сёньня перш за ўсё трэба дабівацца свабоды слова».
«Мы крытыкуем капіталізм, які ўвесь час хоча нам нешта прадаць»
«Калі ў іншых краінах анархісты дзеляцца на ідэйныя плыні — анархафэміністкі, анархаэколягі, інсурэкцыяністы, анархакамуністы — то ў Беларусі гэта ня так, — тлумачыць Мікола Дзядок. — Людзей занадта мала, каб паводле ідэйных прынцыпаў дзяліцца. Можна сказаць, што ўсе беларускія анархісты — гэта анархакамуністы. І яны дзеляцца на роды дзейнасьці».
«Ежа замест бомбаў», альбо ФНБ (ад ангельскай назвы «Food Not Bombs». — РС) — найстарэйшыя дзейсная анархісцкая ініцыятыва. Ёй больш за 15 гадоў. Штовыходныя актывісты раздаюць ежу бяздомным і тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Па сутнасьці, гэта рэгулярная мірная акцыя пратэсту. Пратэстуюць супраць няправільнага разьмеркаваньня рэсурсаў: вялізныя сродкі трацяць не на чалавечыя патрэбы, а на войны і ўтрыманьне арміі і міліцыі. Ежа, дарэчы, выключна вэганская.
«Фрымаркет» — свабодныя кірмашы, на якіх людзі абменьваюцца вопраткай. Адна са стваральніц «Фрымаркету» і адна зь нешматлікіх «адкрытых» анархістак — Лера Хоціна.
«„Фрымаркет“ гучыць, як нейкая хіпстарская фігня кшталту сэканд-хэнду, — усьміхаецца Хоціна. — І я не хачу перабольшваць значэньне праекту для Менску, але мы заўжды робім гэта з ідэалягічнага пункту гледжаньня. І гэта ня толькі экалёгія, маўляў, мы абменьваемся рэчамі і не ствараем новых. Мы крытыкуем сам капіталізм, які ўвесь час хоча нам нешта прадаць, навязаць. І на гэтым кірмашы мы заўжды робім інфармацыйныя часткі, на якіх гаворым і пра крызіс харчаваньня, і пра міграцыю, і пра антыфашызм».
У анархістаў няшмат магчымасьцяў адкрыта прамаўляць пра свае ідэі, і таму кірмаш таксама інфапляцоўка. Лера кажа, што анархізм у Беларусі вымушаны ўвесь час мімікраваць.
«Як толькі ў міліцыі зразумелі, што «Фрымаркет» — гэта ня проста пра экалёгію, а ў ім удзельнічаюць «канкрэтныя» людзі, то амаль штораз нам за дзень да кірмашу пляцоўка кажа: «У нас тут сьвятла няма».
«Мы ў сыстэме, якая мае манаполію на гвалт, — гэта дзяржава»
Лера кажа, што яе гэта злуе. Хочаш займець прастору, каб дыскутаваць з паплечнікамі, але табе закрываюць усе магчымасьці.
«Тады чаму мы зьдзіўляемся, што ёсьць дваццацігадовыя людзі, якія глядзяць, як дзесьці кагосьці „нахіляюць“, спробы нешта зьмяніць не працуюць? І тады яны ідуць і штосьці кідаюць у будынак СІЗА, — кажа Лера пра справу Емельянава і Комара. — Таму што злуе».
Кінуць лямпачку з фарбай ці кактэйль Молатава ў будынак дзяржаўнай установы — гэта «акцыі прамога дзеяньня», тлумачыць Хоціна. Анархісты ня супраць гвалту, накіраванага на маёмасьць. Падобныя акцыі праводзяцца ў непрацоўны час і так, каб ад іх ніхто не пацярпеў, кажа суразмоўца. Анархістаў-нігілістаў, якія дапускалі б гвалт у дачыненьні да чалавека, сярод беларускіх анархістаў Лера ня ведае.
Першыя акцыі прамога дзеяньня анархісты пачалі рабіць у 2009 годзе. Але жорстка за анархічны рух праваахоўнікі ўзяліся пасьля гучнай справы 2010 году. Тады фігуранты атрымалі ад 1,5 да 8 год пазбаўленьня волі за сымбалічныя падпалы.
«Тады анархізм пачаў лічыцца самай вялікай пагрозай для структуры, — кажа Лера Хоціна. — Гэта проста сьмешна. Беларускі анархічны варушняк ня здольны цяпер нанесьці вялікай шкоды нікому і нічому».
«Касінераў сфоткаўся ня ў той шапцы? Якая радасьць!»
Доўгі час анархісты самастойна дапамагалі тым, хто пацярпеў ад перасьледу. Але ў 2010-м анархічная супольнасьць мусіла зьвярнуцца да вонкавай дапамогі. Так з анархічным рухам пазнаёмілася праваабаронца Наста Лойка, якая на той момант была супрацоўніцай праваабарончага цэнтру «Вясна». Дагэтуль яна была знаёмая толькі з Міколам Дзядком — яны вучыліся разам у юрыдычным каледжы.
«Канкрэтна мая практыка (дапамогі анархістам. — РС) пачалася пасьля той крымінальнай справы 3 верасьня 2010 году, калі людзей пачалі затрымліваць і перазатрымліваць, — узгадвае Наста Лойка. — Бралі на трое сутак нібыта за крадзеж тэлефона, потым праз трое сутак казалі: «Ой, яшчэ мы падазраем, што вы скралі кампутар, і так яшчэ на трое сутак. Леру Хоціну тры разы затрымлівалі, разам на 9 сутак».
«У Міколы так было некалькі разоў, — кажа Яўген Жураўскі, сябра ініцыятывы „Прававое дзеяньне“. — Пры тым, што яго падазравалі ў крадзяжы нейкага гаманца і менавіта на тую дату ў яго была пячатка ў пашпарце пра знаходжаньне ў Літве. Але гэта нікога не бянтэжыла».
Міколу Дзядка, Ігара Аліневіча і Аляксандра Францкевіча ў 2011 годзе прызналі палітзьняволенымі. Наста кажа, што дамагчыся гэтага было няпроста. Доўгі час праваабаронцы ставіліся да анархістаў насьцярожана.
Калі праваабаронцамі, эколягамі, журналістамі займаецца КДБ, то за анархістаў «адказвае» Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаваным злачынствам і карупцыяй МУС. ГУБАЗіК — добра вядомае ўсім анархістам скарачэньне.
«Тая ж справа графіцістаў: іх абвінавачвалі ў тым, што яны намалявалі графіці, сапсавалі плякат, — узгадвае Наста Лойка. — А іх бралі з АМАПам, праз акно. Вячаслава Касінерава пры затрыманьні зьбілі так, што ён праляжаў тыдзень у шпіталі».
Апошняе гучнае затрыманьне было ў красавіку 2019 году пад Берасьцем. Папярэдняе — у 2018 годзе ў Крупках. Тады відавочцам стаў сам Яўген, а само здарэньне сярод анархістаў вядомае як выпадак, калі «мы ляжалі тварам на зямлі ў лесе 6 гадзін».
«Атрымліваецца, што ёсьць цэлы аддзел ГУБАЗіКа, які павінен змагацца з экстрэмістамі, — кажа Яўген Жураўскі. — Ім трэба чымсьці займацца і перад кіраўніцтвам справаздачу даваць. Ніхто ж гэтую „палачную“ сыстэму ў нас не ліквідаваў дагэтуль. І пачынаецца: „Мы схапілі сто пяцьдзясят экстрэмістаў „УКантакце“, сто дзясяты раз затрымалі Дзіму Паліенку — ён страшны анархіст, у-у, дайце нам прэмію! Мікола запосьціў штосьці экстрэмісцкае ці Касінэраў сфоткаўся ня ў той шапцы — ай, якая радасьць!“»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Экстрэмісцкая» шапка: анархіста Паліенку аштрафавалі за фота ў «Фэйсбуку»«Я цяпер займаюся злачынствамі на глебе нянавісьці, і мне здаецца, што яны не зусім у той бок глядзяць, — кажа праваабаронца Наста Лойка. — Была гісторыя ў Кобрыні. Малады чалавек рабіў шмат публікацый „УКантакце“ неанацысцкага характару, выказваў шмат нянавісьці да цыганоў. У выніку ён напаў на іх з нажом. Куды глядзеў аддзел ГУБАЗіКа?»
«На анархістаў», — сумна ўсьміхаецца Яўген.
Паводле афіцыйных камэнтароў, МУС не затрымлівае анархістаў за тое, што яны анархісты. Затрымліваюць за правапарушэньні. Так, паводле МУС, падчас акцый «недармаедаў» анархісты мелі з сабой нажы, кастэты і маскі. Пра гэта паведаміў кіраўнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Іван Кубракоў у тэлеперадачы «Контуры» на ОНТ. Да таго ж падчас масавых акцый анархісты хаваюць твары пад маскамі. З 2016 году гэта парушае закон аб масавых мерапрыемствах. БТ ж параўнала шэсьце з удзелам анархістаў з шэсьцем нацыстаў.
У тым жа 2017 МУС на сваім сайце выпусьціў вялікі артыкул пра анархізм. Анархічны рух у ім бачыцца як раз’яднаная супольнасьць людзей, якія хочуць пазбавіцца дзяржавы шляхам гвалтоўнай рэвалюцыі. Адзначаюць, што да 2009 году дзейнасьць беларускага анархічнага руху заставалася «ў межах прыстойнасьці». І заклікаюць адрозьніваць анархізм як утопію і анархізм як баявую ідэалёгію. Пагроза тэрарызму, экстрэмізму і антыглябалізму, паводле артыкула, мае моцны анархічны патэнцыял.
Пра справу Емяльянава — Комара дзяржаўныя СМІ не пісалі. Толькі на сайце «СБ. Беларусь сегодня» зьмясьцілі думку старшыні Беларускага саюза журналістаў (з 4 лютага арганізацыю ўзначальвае палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў. — РС). «Мы асуджаем як самі акты вандалізму і апаганьваньня, так і спрыяньне ім на любой мэдыйнай плятформе». Дзеяньні Емяльянава і Комара старшыня параўноўвае з падзеямі на Майдане і тэрактам у «Charlie Hebdo».
«Залатыя часы» анархізму
За некалькі гадоў да падзеяў 2010-га і пачатку рэпрэсій беларускі анархічны рух колькасна быў найбольшы, на шэсьці зьбіралі да 100 чалавек. Адкрыта праводзілі канцэрты. Працавала «Беспартшкола» — адукацыйны анархічны праект.
Гістарычна беларускі анархічны рух перарваўся ў савецкія часы на 70 гадоў. Мікола Дзядок тлумачыць, што ў 1990-я яго давялося фактычна адбудоўваць наноў. Прыкладна да 1997 году анархісты існавалі па асобных «гуртках». А з 1998 па 2003 пачынаецца «навінкаўская пяцігодка». Увесь менскі анархісцкі рух круціўся вакол сатырычнай газэты «Навінкі», якую заснавалі актывісты анархічнай групоўкі «Чырвоны Жонд».
З 2002 году беларускі анархізм перажываў субкультурны этап: DIY (ад ангельскага «do it yourself», самаробны. — РС) панк-хардкор сцэна, антыфашыстоўскі рух, вэганства. Зьявілася палітычная анархічная суполка БАФ — «Беларускі анархафронт», але яна была ў меншасьці. Пасьля 2006 году адбываецца імклівая палітызацыя руху.
«Напрыклад, у 2005 годзе, калі я прыехаў у Менск з Гомля і ўжо быў анархістам, не было фактычна ніводнай анархісцкай арганізацыі, — кажа Мікола Дзядок. — Былі асобныя людзі, якія лічылі сябе анархістамі».
З 2006 году анархісты пачынаюць удзельнічаць у апазыцыйных шэсьцях пад сваімі лёзунгамі і са сваім парадкам дня — найперш у Чарнобыльскім шляху.
«У 2009 годзе ў „Чорным блёку“ на Чарнобыльскім шляху было 120 чалавек, — успамінае Мікола. — Параўнайце з колькасьцю анархістаў на акцыях сёньня».
«Анархіст, заматаны ў чорнае, а побач зь ім бабка на эмоцыях»
Падчас падзеяў 2010 году на допыты выклікалі пад сотню чалавек. Дзядок кажа, што рух пасьля на два гады трапіў у параліч. Аднаўленьне супала з падзеямі ва Ўкраіне. У 2014 годзе некаторыя анархісты ўжо ўдзельнічалі ў Майдане ў Кіеве. Далей пайшлі вулічныя акцыі.
«І ўжо ў 2017 годзе анархісты нармальна заводзілі на акцыях супраць дармаедзтва», — кажа Мікола.
5 сакавіка 2017 году на акцыі супраць «дэкрэту аб дармаедах» у Берасьці анархісты павялі за сабой тысячу чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нечаканасьці берасьцейскага «Маршу недармаедаў»: новыя лідэры, прэвэнтыўныя арышты, перамовы з уладамі«Мае любімыя фоткі адтуль — чалавек, увесь заматаны ў чорнае, трымае гукаўзмацьняльнік, а побач бабка, якая на эмоцыях кажа, што яна ня згодная, — сьмяецца Наста. — Гэта так прыгожа выглядала. І людзі анархістаў не баяліся, а наадварот, іх разумелі».
«Анархісты могуць выглядаць пагрозьліва, таму што ў нас палітычны вакуўм, — кажа Лера Хоціна. — Былі б мы такімі анархістамі ва Ўкраіне на фоне дзьвюх тысяч Правага сэктару, мы былі б ніхто. А ў Берасьці ў 2017 выходзяць дзесяць чалавек у масках і нашыя людзі пачалі адбіваць гэтых „тэрарыстаў“ ад міліцыянтаў. І калі б анархісты хацелі захапіць уладу, як іншыя партыі, яны маглі б паспрабаваць. Але анархісты ня хочуць стаць прэзыдэнтамі ці ўвайсьці ў парлямэнт».
У анархістаў няма лідэраў
У 2017 годзе Лера Хоціна выступала за стварэньне доўгатэрміновай кампаніі з крытыкай не толькі канкрэтнага падатку на дармаедзтва, але падааткаабкладаньня ўвогуле.
«Асноўнае — гэта крытыка дзяржаўнага ладу. Але ня з боку таго, што кіраўнік — кепскі чалавек альбо не такім чынам выбраны. А крытыка самой прадстаўнічай дэмакратыі, — тлумачыць Лера Хоціна. — Крытыка таго, што нейкі чалавек на працягу чатырох гадоў, не кансультуючыся са мной, мае мой голас і гаворыць ад майго імя. У розных краінах па-рознаму, але мы бачым, што такі прадстаўнік перастае быць падкантрольным вельмі хутка. І анархізм супрацьпастаўляе гэтаму наўпроставую дэмакратыю».
Гучыць ідэалістычна, кажа Лера, але структура дзяржавы таксама не за адзін дзень будавалася. Да таго ж анархісты могуць выбіраць прадстаўнікоў і зьмяніць такога чалавека можна ў любы момант.
Не бывае ў анархістаў і лідэраў у шырокім разуменьні. Вядома, лідэрскія якасьці і ініцыятыўнасьць — гэта добра. Але сярод анархістаў ня можа быць чалавека, які кажа ўсім, што рабіць і як думаць.
Нельга назваць лідэрамі і публічных анархістаў — гэта проста вядомыя анархісты, якія, аднак, не прадстаўляюць і не выказваюцца ад імя ўсёй супольнасьці. Мікола Дзядок кажа, што мэдыйная папулярнасьць пэўнага анархіста — гэта тое, чым карыстаецца ўвесь рух, а ня гэты канкрэтны анархіст.
«Мы не падыходзім пад агульны апазыцыйны наратыў як у пляне нацыяналізму, так і пляне лібэралізму, — працягвае разважаць пра тэмы анархічнай крытыкі Мікола. — Пачынаеш казаць: «Я супраць капіталізму, таму што гэта азначае эксплюатацыю, зьнішчэньне прыроды, сацыяльную несправядлівасьць». Табе адразу: «Ага, Сталін! Савок! Гулаг! Ужо спрабавалі!»
«Мы ня можам сабе дазволіць за лямпачку чалавека пасадзіць на сем гадоў»
Мікола лічыць, што беларускія інтэлектуальныя эліты захрасьлі ў посткаляніяльнай траўме: маўляў, увесь сьвет дзеліцца «на добрых амэрыканцаў, эўрапейцаў капіталістаў-лібэралаў ці нацыяналістаў». І «на злых саўкоў, расейцаў, сацыялістаў, чырвоных».
«І анархісты таксама сярод злых недзе плаваюць, бо яны, дурненькія, таксама супраць капіталізму», — кажа Мікола.
«Важна, каб у грамадзтве гучалі розныя палітычныя погляды і ня толькі ад тых, хто выступае на нацыяналістычных пазыцыях, — кажа праваабаронца Наста Лойка. — Але і ад тых, хто выступае за мадэлі іншага грамадзкага ўладкаваньня. Напрыклад, безьдзяржаўнага. На ўзроўні дыскусіі гэта мусіць прысутнічаць».
Усе суразмоўцы пагаджаюцца, што акцыі прамога дзеяньня 2009–2010 году дазволілі анархістам прыцягнуць да руху ўвагу. Але, на думку Леры, у любога дзеяньня ёсьць пэўны парог эфэктыўнасьці. І можна ці не штодня закідваць нешта фарбай, але больш увагі ты не прыцягнеш.
«Я падтрымліваю Мікіту Емяльянава як паплечніка, як аднадумца, і ўсіх заклікаю яго падтрымліваць, — кажа Мікола Дзядок. — Аднак варта сказаць, што гэтая акцыя — вяршыня неэфэктыўнасьці. Калі казаць цынічнай мэнэджарская лексыкай, то гэта неэфэктыўнае расходаваньне чалавечага рэсурсу. У нас ня масавы рух. І мы ня можам сабе дазволіць за лямпачку чалавека пасадзіць на сем гадоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Невядомыя закідалі фарбай суд, які асудзіў анархістаў за закідваньне фарбай іншага суду