Днём 1 сакавіка шэраг апазыцыйных групаў Казахстану анансавалі мітынгі за сыход з палітыкі былога кіраўніка дзяржавы Нурсултана Назарбаева. Пратэсты таксама зьвязаныя са сьмерцю ў сьледчым ізалятары актывіста Дулата Агадыла.
Як перадае Радыё Азаттык, казахская служба Свабоды, у сталіцы Нур-Султане затрымалі ня менш за 14 чалавек (некаторыя былі з плякатамі «Не дыктатуры. Стары, сыходзь», «Дулат — ахвяра сыстэмы» і іншымі»). У Алматы затрымалі ня менш за чатыры дзясяткі чалавек, у Актабэ — каля дзясятка, у Шымкенце — каля 15 чалавек.
Жывыя трансьляцыі зь месцаў мітынгаў не вядуць — там адключаюць мабільны інтэрнэт. Як паведамляюць сьведкі, паліцыянты затрымліваюць у тым ліку журналістаў на акцыях, «прэвэнтыўна» затрымліваюць актывістаў на выхадзе з дому.
Генэральная пракуратура Казахстану публічна папярэджвала, што акцыі пратэсту, анансаваныя апазыцыяй, «незаконныя».
Пратэсты і масавыя затрыманьні ў Казахстане былі і на мінулым тыдні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Унук Назарбаева папрасіў палітычнага прыстанішча ў Вялікай Брытаніі***
43-гадовы Дулат Агадыл — удзельнік некалькіх акцыяў пратэсту, які памёр 25 лютага ў сьледчым ізалятары ў Нур-Султане. Паводле афіцыйнай вэрсіі, прычынай стала «сардэчная недастатковасьць». У сеціве ж распаўсюджвалася відэа, на якім на целе памерлага відаць сьляды пашкоджаньняў, якія называюць доказамі катаваньняў. Кіраўнік дзяржавы Касым-Жамарт Такаеў заяўляў, што ўпэўнены ў афіцыйнай вэрсіі, а «сцьвьярджаць адваротнае — значыць пайсьці супраць праўды».