Актывіст анархісцкага руху перадаў Свабодзе, што ў чатах анархістаў расказваюць: нехта закідаў фарбай суд Савецкага раёну Менску. Днём 1 сакавіка на будынку сапраўды бачныя сьляды чырвонай фарбы.
Адна з анархісцкіх суполак, «Чорная ружа», піша ў Telegram, што «крывавыя разводы на сьценах вашых судоў далёка ня цалкам характарызуюць сутнасьць вашай працы», і бярэ на сябе адказнасьць за акцыю.
Суполка піша, што «цяпер гэта проста фарба, але вашыя рэпрэсіі і драконаўскія тэрміны актывістам анархісцкага руху не пужаюць нас, толькі распальваюць праведную нянавісьць да несправядлівасьці».
Менавіта суд Савецкага раёну 12 лютага асудзіў анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара на 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за два эпізоды шкоды будынкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі асуджаных анархістаў палітвязьнямі і патрабуюць перагляду прысудуІх прызналі вінаватымі ў тым, што:
- у будынак Менскага гарадзкога суду кінулі лямпачку з чырвонай фарбай — ніхто не пацярпеў, шкоду ацанілі ў 143 рублі, шкода была кампэнсаваная;
- у будынак СІЗА на вуліцы Валадарскага спрабавалі кінуць «кактэйль Молатава» — ніхто не пацярпеў, вадкасьць разьлілася пад дзьвярыма і загарэлася, шкоду ацанілі ў 1,48 рубля, шкода была кампэнсаваная.
Емяльянаў прызнаў віну ў пашкоджаньні будынкаў — казаў, што так пратэставаў супраць працэсу над актывістам Зьмітром Паліенкам. Але на судзе ён казаў, што лічыць вырак палітычна матываваным і будзе яго абскарджваць. Іван Комар здымаў дзеяньні Мікіты Емяльянава на відэа, але не прызнаў сябе вінаватым у пашкоджаньні будынка. Абодвух прызналі палітычна зьняволенымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ні аб чым не шкадую», — асуджаны на 7 гадоў анархіст Емяльянаў