Эўрапейскі суд па правах чалавека абавязаў улады Азэрбайджану выплаціць кампэнсацыю журналістцы Хадзіджы Ісмаілавай, якая ў 2015 годзе была асуджаная да 7 з паловай гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньнях, якія яна і праваабарончыя арганізацыі называюць сфабрыкаванымі.
Журналістку, якая тады была супрацоўніцай Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа, асудзілі паводле абвінавачаньняў ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і растрату грошай. У рашэньні суду ў Страсбуры прызнаецца, што сапраўднымі мэтамі арышту Ісмаілавай было «прымусіць яе замаўчаць і пакараць яе за яе працу».
У 2016 годзе Ісмаілава была ўмоўна-датэрмінова вызваленая, але не рэабілітаваная.
Эўрапейскі суд па правах чалавека пастанавіў, што ёй павінны выплаціць кампэнсацыю ў памеры 25 тысяч эўраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хадзіджы Ісмаілавай зьмякчылі пакараньнеПраваабарончая арганізацыя Amnesty International, якая раней прызнала журналістку вязьнем сумленьня, вітала рашэньне суду, але адзначыла, што ў Азэрбайджане ў дачыненьні да Ісмаілавай па-ранейшаму дзейнічаюць абмежаваньні, зьвязаныя з судзімасьцю, у прыватнасьці забарона на выезд.
Абвінавачаньні ў адрас Ісмаілавай разглядаліся шматлікімі грамадзкімі арганізацыямі як адплата за яе журналісцкія расьсьледаваньні аб меркаванай карупцыі ў сям’і прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева.