У Кіеве лічаць, што пасьля расейскай анэксіі Крыму і акупацыі часткі Данбасу наступнай можа стаць Беларусь.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што не выключае верагоднасьці акупацыі Беларусі па аналёгіі з часткамі Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны.
«Гэтая пагроза даволі моцная з боку Расейскай Фэдэрацыі. Калі яны цяпер ня змогуць, скажам так, вырашыць, умоўна кажучы, „дыпляматычным шляхам“, бо яны зараз пастаянна падштурхоўваюць Беларусь да гэтага, — я не выключаю, што там таксама можа быць і ўварваньне. Бо задача Расеі — гэта Эўропа, а Эўропа зь Беларусьсю ўжо на мяжы», — сказаў Аляксей Данілаў у інтэрвію ўкраінскаму радыё «НВ».
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны зьвярнуў увагу на тое, што ў зьнешняй дактрыне Расеі фундамэнтальнымі зьяўляюцца пытаньні мовы і рэлігіі. Ён нагадаў ранейшае выказваньне міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, што яны абараняюць не расейцаў, а расейскамоўных:
«Я разумею, навошта ўвогуле расейцы пачалі ўсе гэтыя працэсы — спачатку Прыднястроўе, потым Грузія, цяпер Украіна. Цяпер наступная на мэце — Беларусь. Я гэта ўсьведамляю, таму мы не заспакоімся, што ўсё неяк само сабой вырашыцца. Мы разумеем, што ёсьць працэсы эканамічныя і геапалітычныя ў сьвеце, якія ўплываюць на ўсю сытуацыю, зьвязаную, найперш, з Расейскай Фэдэрацыяй, і ёсьць шмат чыньнікаў, на якія мы павінны зьвяртаць увагу».
Аляксей Данілаў паведаміў, што Ўкраіна разглядае пяць магчымых сцэнараў разьвіцьця далейшай сытуацыі:
«Яны ўсе пралічаныя, прапісаныя і ўсе пяць сцэнараў. У залежнасьці ад таго, як будзе сябе паводзіць Расейская Фэдэрацыя, мы будзем выкарыстоўваць адзін, другі, трэці ці чацьвёрты варыянт. Яны ўсе зацьверджаныя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лёг! По ногам стреляю!» Як у 1999 расейскія «беркутаўцы» захапілі беларускую вёску. ВІДЭАСакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны дадаў, што Расея працягвае ўзмацняць войскі на мяжы з Украінай, у прыватнасьці на тэрыторыі Растоўскай вобласьці:
«Мы за гэтым назіраем і маем поўную інфармацыю пра колькасьць, якасьць і паходжаньне гэтых войскаў. Расея мае зразумелую мэту: яны маюць вялікае жаданьне скарыць Украіну, але глябальнай мэтай Расеі зьяўляецца Эўропа. На вялікі жаль, ня ўсе ў Эўропе гэта ўсьведамляюць. Украіна для расейцаў — гэта прамежкавы этап, каб пачаць панаваньне ў Эўропе».
У сярэдзіне лютага намесьнік сакратара Рады нацбясьпекі Сяргей Крыванос у адным са сваіх інтэрвію мясцовым СМІ паведаміў, што ўкраінская ўлада разглядае некалькі варыянтаў разьвіцьця інтэграцыйных працэсаў між Беларусьсю і Расеяй: «Усе варыянты адпрацоўваюцца, і кіраўніцтва ведае пра ўсе гэтыя пагрозы».
Міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка ў інтэрвію чэскаму выданьню Respekt выказаў меркаваньне, што «Беларусь чакаюць цяжкія часы»:
«Пару гадоў таму я размаўляў зь некалькімі беларускімі журналістамі, і калі не пад запіс сказаў ім, што калі яны хочуць застацца незалежнымі, іх чакае з Расеяй тая ж вайна, тыя ж цяжкасьці і тыя ж пакуты, што маем мы, — яны мне не паверылі. Цяпер мо менш сумняваюцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сутыкнуцца з вайной, калі захочуць застацца незалежнымі», — украінскі міністар пра Беларусь