Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю ўвяла антыдэмпінгавае мыта на пастаўкі зь Беларусі будаўнічых блёкаў зь цеплаізаляцыйнага бэтону ў памеры 34,19% ад мытнай вартасьці прадукцыі.
Рашэньне, якое мае на мэце ліквідаваць пагрозу істотнай шкоды нацыянальным вытворцам, набывае моц 26 сакавіка.
Камісія адхіліла прапановы Беларускай цэмэнтнай кампаніі аб добраахвотным пераглядзе цэнаў на прадукцыю і спыненьні яе паставак ва Ўкраіну па дэмпінгавых цэнах.
Антыдэмпінгавае расьсьледаваньне з траўня 2019 году праводзілася па заяве Ўсеўкраінскай асацыяцыі вытворцаў аўтаклаўнага газабэтону, якая зьвярнула ўвагу міжведамаснай камісіі на дэмпінгавыя пастаўкі газавых блёкаў зь Беларусі ў 2018 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна падазрае Беларусь у пастаўцы будаўнічых матэрыялаў па дэмпінгавых цэнахУ прыватнасьці, заяўнікі адзначылі, што пастаўкі гэтай прадукцыі ва Ўкраіну зь Беларусі цягам чатырох апошніх гадоў павялічыліся ў 29 разоў. Пры гэтым беларускія вытворцы істотна скарацілі яе пастаўкі на ўнутраным рынку.
Ва Ўсеўкраінскай асацыяцыі вытворцаў аўтаклаўнага газабэтону перакананыя, што такая сытуацыя выклікала зьніжэньне цэнаў на ўласную прадукцыю — і, як вынік, у нацыянальных вытворцаў пагоршылася фінансава-эканамічнае становішча. Апроч таго, значны экспартны патэнцыял беларускіх вытворцаў пагражае «істотнай шкодай нацыянальнаму таваравытворцу ў будучыні».
Згодна з украінскай статыстыкай, Беларусь у 2019 годзе паставіла ва Ўкраіну газабэтонных блёкаў на суму 13,985 мільёна даляраў па сярэдняй вартасьці 41 даляр за адну тону (у статыстыцы колькасьць пастаўленай прадукцыі вымяраецца ў кіляграмах, а не кубамэтрах. — РС). У той час, як Украіна экспартавала ў Беларусь аналягічную прадукцыю на 273,7 тысячы даляраў па сярэдняй цане 318 даляраў за адну тону.
Беларуская цэмэнтная кампанія можа ў адміністрацыйным парадку абскардзіць рашэньне міжведамаснай камісіі Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю. На гэты момант ва ўкраінскіх судах разглядаецца справа аб незаконнасьці антыдэмпінгавых абмежаваньняў, уведзеных Украінай у дачыненьні пруткоў з вугляродзістай і легаванай сталі, а таксама цэмэнту зь Беларусі. Але пакуль разгляд ніводнай зь іх не завяршыўся на карысьць беларускіх пастаўшчыкоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кантрабандысты схавалі 30 тысяч пачак беларускіх цыгарэт у жалезабэтоне
Што ўжо пад антыдэмпінгам
За некалькі апошніх гадоў ва Ўкраіне пад антыдэмпінгавыя абмежаваньні падпала некалькі відаў беларускай прадукцыі: соль, электралямпачкі, запалкі, шыфэр, драўнянавалакністыя пліты, сталь, цэмэнт і хімічная прадукцыя.
1 лютага 2019 году міжведамасная камісія ў пытаньнях міжнароднага гандлю канчаткова ўвяла абмежаваньні на пастаўку прадукцыі Берасьцейскага электралямпавага заводу на пяць гадоў (да 2 сакавіка 2023 году). У той жа час антыдэмпінгавыя захады адносна драўнянавалакністых пліт завяршылі сваё дзеяньне ў ліпені 2019 году.
Кампрамісным стала рашэньне міжведамаснай камісіі наконт паставак ва Ўкраіну прадукцыі «Мазырсолі» — кампанія ня будзе выплачваць антыдэмпінгавы збор, але будзе прытрымлівацца пэўных цэнавых абавязаньняў.
З 1 верасьня 2018 году на тры гады Ўкраіна ў «інтарэсах нацыянальных вытворцаў» абмежавала пастаўкі сернай кіслаты і олеуму, якія традыцыйна набываліся на трох найбуйнейшых хімічных прадпрыемствах Беларусі — Гомельскім хімічным заводзе, наваполацкім «Нафтане» і «ГроднаАзоце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна на тры гады абмежавала пастаўкі прадукцыі з трох хімзаводаў Беларусі