Намінальны налічаны сярэдні заробак (да вынятку падаткаў і збораў) склаў у студзені 2020 году 1118,1 рубля, паведамляе Белстат. Паводле сярэднямесячнага курсу Нацбанку, гэта 527,68 даляра.
У сьнежні 2019 году сярэдні заробак дасягнуў 1238,7 рубля або 587,79 даляра — цяпер упаў на 120,6 рубля або 60 зь лішнім даляраў.
То значыць, сярэдні заробак амаль адкаціўся да лістападняга ў рублях (было 1113,1 рубля) і стаў нават меншым у даляравым эквіваленце (было 541,47 даляра).
Год таму, у студзені 2019-га, сярэдні заробак складаў 981,6 рубля або 455 даляраў паводле тагачаснага курсу.
Найбольш у студзені-2020 атрымалі працаўнікі IT-сфэры — ім налічылі ў сярэднім 4766,8 рубля або 2249,66 даляра. Сьледам за імі працаўнікі авіяцыі з 3183,4 рубля.
Найменшыя ж заробкі ў цырульнікаў — 546,2 рубля або 257,77 даляра. Крыху больш за іх маюць бібліятэкары, архівісты і супрацоўнікі музэяў — 645,5 рубля або 304,64 даляра.
Сярэдні налічаны заробак — ня той, што атрымлівае сярэднестатыстычны беларус, а сума ўсіх заробкаў, падзеленая на колькасьць працаўнікоў. Заробак сярэднестатыстычнага беларуса, адносна якога палова атрымлівае больш і палова менш, завецца мэдыянным. На лістапад 2019 году ён складаў 848,5 рубля або 412,75 даляра паводле тагачаснага курсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 848,5 рубля — заробак сярэднестатыстычнага беларуса за паўгода вырас на 46 рублёўЗа цэлы 2019 год (студзень да студзеня) найбольш вырасьлі налічаныя заробкі ў рублях у ахове здароўя — аж на 21,4% да 979,3 рубля або 462,17 даляра. А ў грузавым паветраным транспарце за той жа час заробкі ў рублях упалі на 26,4% да 1405,4 рубля або 663,27 даляра.
Заробкі за люты 2020 году могуць як вырасьці, так і ўпасьці ў рублях, але хутчэй за ўсё ўпадзе ў далярах — за люты рубель патаньнеў да даляра ўжо на 5%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар эканомікі растлумачыў правал плянаў росту эканомікі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар фінансаў расказаў, якім будзе заробак у бюджэтнай сфэры Беларусі