Пік эпідэміі каранавірусу ў Кітаі мінуў. У Беларусі ўзмацнілі кантроль за пасажырамі з Італіі

Ілюстрацыйнае фота

Эпідэмія каранавірусу ў Кітаі дасягнула піку 23 студзеня – 2 лютага, цяпер жа ідзе на спад, перадае CNBC заяву кіраўніка Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдраса Аданома.

Колькасьць хворых на COVID-19 зьмянялася паводле падобнага ўзору ў розных правінцыях Кітаю, у сярэдзіне мінулага тыдню выйшла на плато.

На момант публікацыі вядома пра 80,1 тысячы пацьверджаных выпадкаў COVID-19 (зь іх 77,8 тысячы ў Кітаі), 2701 сьмерць (2665 у Кітаі) і 27,7 тысячы ачуньваньняў; звыш 9200 чалавек знаходзяцца ў крытычным стане. За мінулы дзень выявілі 509 новых выпадкаў COVID-19 у Кітаі, 60 у Паўднёвай Карэі, па два ў Італіі і Тайляндзе; за дзень памёр 71 чалавек у Кітаі, 1 у Паўднёвай Карэі і адзін чалавек з карабля Diamond Princess.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму мужчыны пераносяць каранавірус цяжэй за жанчын

Сьмяротнасьць вагаецца ад 2–4% у горадзе Ўхань (адкуль пачалася эпідэмія) да 0,7% па-за Ўханем — гэта на парадак або на два парадкі менш, чым летальнасьць ліхаманкі Эбола. Людзі з хваробамі сярэдняй цяжкасьці выздараўліваюць ад COVID-19 за два тыдні, людзі з моцнымі ці крытычнымі хваробамі — за шэсьць тыдняў.

Цяпер «моцную занепакоенасьць» WHO выклікаюць успышкі вірусу ў Іране, Італіі і Паўднёвай Карэі, але «некантраляванага распаўсюду» цяпер не фіксуюць. Як не абвяшчаюць і пра пандэмію, хоць заклікаюць быць гатовай да яе.

Беларусы сочаць за пасажырамі з Італіі

Міністэрства здароўя Беларусі ад 24 лютага ўзмацніла санітарна-эпідэміялягічны нагляд у сувязі з сытуацыяй з COVID-19 у Эўропе. У прыватнасьці, узмацнілі мэдыцынскі кантроль за тымі, хто прыбывае ў Беларусь з Італіі. У Нацыянальным аэрапорце Менск зладзілі дадатковы пункт санітарна-карантыннага кантролю.

Беларусам раяць устрымацца ад наведваньня тых рэгіёнаў на поўначы Італіі, дзе фіксавалі ўспышку вірусу і абмяжоўвалі перасоўваньне. Але наведваць гэтыя рэгіёны не забараняюць, як не забараняюць і прылятаць у Беларусь італьянцам або кітайцам.

Мінздароўя дадае, што ў Беларусі выпадкі COVID-19 не рэгістраваліся: падазрэньні былі, але не пацьвердзіліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз кітаянку, якая прыбыла зь Менску, адчапілі вагон ад цягніка Кіеў-Масква

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ