У Менску зь візытам знаходзіцца Брыжыт Алюа, прадстаўніца міжнароднага Фонду дапамогі жывёлам Брыжыт Бардо. Яна заклікала беларускія ўлады не забіваць бяздомных катоў і сабак, а стэрылізаваць, вакцынаваць і выпускаць іх на волю.
«Я тут голас саміх жывёл і іх абаронцаў», — сказала яна на сустрэчы ў Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Сярод прысутных чыноўнікаў была дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч. Асноўная частка сустрэчы была закрытая для журналістаў.
«Два каты і сабака»
У Беларусі распрацавалі зьмены ў пастанову ўраду аб правілах утрыманьня хатніх сабак, катоў, а таксама адлову бадзяжных жывёл. Цяпер гэты праект на ўзгадненьні ў дзяржаўных ведамствах.
Начальнік упраўленьня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка сказаў журналістам, што гэты нарматыўны акт не прывядзе да карэнных зьменаў, бо ёсьць яшчэ праект закону, які сёлета разглядаць не плянуецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Кобрыні пазбавіліся ад бадзяжных жывёлаўПравіламі прадугледжана колькасьць жывёл у кватэры — два каты і сабака, альбо кот і два сабакі (паводле цяперашніх правілаў у кватэры могуць быць толькі дзьве жывёлы). Выгульваць жывёлін трэба на павадку, а ўладальнік мусіць прыбіраць за імі.
Разглядаецца магчымасьць лавіць, вакцынаваць, стэрылізаваць бяздомных катоў і выпускаць іх у натуральнае асяродзьдзе.
«Адносна сабак гэта пытаньне вельмі супярэчлівае. Каб прыняць такое рашэньне, пастановы Савету міністраў недастаткова. Пытаньне вакцынацыі курыруе Мінсельгасхарч, і там ёсьць пэўныя праблемы», — сказаў Андрэй Рамашка.
Паводле прадстаўніка Міністэрства ЖКГ, адстрэл жывёл не прапісаны ў ніводным нарматыўным акце. (Паводле дзейных правілаў, «у выключных выпадках па рашэньні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў дапускаецца адстрэл бяздомных жывёл» — РС).
«Гэта чалавечы фактар. Цяжка пракантраляваць, як гэта арганізавана мясцовымі адміністрацыямі. Нам вядома пра такія факты, і гэта ненармальна», — сказаў ён.
«Лукашэнка мае трох катоў»
На пачатку красавіка ў Беларусі будзе наладжана кампанія па стэрылізацыі бяздомных жывёлаў і навучаньнем вэтэрынараў з удзелам нямецкага боку. А восеньню — з удзелам амэрыканскіх вэтэрынараў. Таксама замежныя экспэрты гатовыя навучыць лаўцоў бяздомных жывёл у Беларусі.
Алюа сказала журналістам, што распрацоўка ўрадавай пастановы пачалася пасьля ліста Брыжыт Бардо да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Алюа спадзяецца, што апошні варыянт дакумэнту будзе ўзгоднены з зоаабарончымі арганізацыямі.
«Мы спадзяваліся атрымаць афіцыйны ліст пра тое, што скончыцца забойства бяздомных катоў і сабак, але не атрымалі. Таму я прыехала яшчэ раз, каб прадухіліць тое, што адбываецца. Я ведаю, што забойствы яшчэ здараюцца. І нам хацелася б атрымаць канкрэтныя адказы на нашыя прапановы. Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, іншых я ня ведаю, дзе катоў сыстэматычна адлоўліваюць і забіваюць», — сказала Брыжыт Алюа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як магілёўка тры гады ратуе бадзяжных жывёлаў. ВІДЭАПаводле прадстаўніцы фонду Бардо, стэрылізацыя бадзяжных жывёл — гэта адзінае выйсьце. Трэба таксама кантраляваць крыніцы, якія садзейнічаюць росту папуляцыі бяздомных жывёл.
«Я ведаю, што ваш прэзыдэнт таксама любіць жывёл, і мне казалі, што ў яго ёсьць тры каты. Я ўпэўнена, каб мы зь ім пагутарылі, абмеркавалі гэтае пытаньне, то мы прыйшлі б да станоўчых вынікаў. Таму я спадзяюся, што падчас наступнага візыту мне ўдасца зь ім сустрэцца. Магчыма, ён дапаможа хутчэй нечага дасягнуць. Вядома, спадарыня Бардо таксама чакае сур’ёзных рашэньняў ад Беларусі, яна ўжо ня вельмі маладая, і таму трэба сьпяшацца», — сказала Брыжыт Алюа.
«Гэта вельмі скандальна»
Прадстаўніца фонду сказала, што першае патрабаваньне абаронцаў — спыніць адлоў і забойства жывёл, «бо, як паказвае практыка, гэта наогул не вырашае праблемы».
«Вы робіце гэта дзесяцігодзьдзямі, а вынік такі, што колькасьць жывёл на вуліцах не скарацілася. Таму адзінае эфэктыўнае выйсьце з сытуацыі, чалавечнае і адказнае: адлоў жывёл, стэрылізацыя, вакцынацыя і ідэнтыфікацыя. Ідэальна, вядома, знайсьці новага гаспадара, але, на жаль, ідэальнага сьвету няма. Таму трэба выпускаць жывёл на тэрыторыю іх пачатковага пражываньня, дзе яны знойдуць людзей, якія будуць іх глядзець. Быць эўрапейскім горадам не азначае ня мець жывёл на вуліцах, гэта азначае мець палітыку па іх абароне», — сказала Брыжыт Алюа.
Спадарыня Алюа вячэрала ў адной з кавярняў у цэнтры Менску, калі ёй расказалі, як летась непадалёк была расстраляная калёнія ўжо стэрылізаваных катоў.
«Гэта вельмі скандальна, гэта тое, што не павінна адбывацца ў сучасным грамадзтве. Я ведаю, што ў Беларусі яшчэ забіваюць жывёл са стрэльбы. Таму я тут, бо гэта непрымальна. Магчыма, многія людзі наогул ня ведаюць, што гэта адбываецца, — сказала Брыжыт Алюа. — Гэта палітычнае пытаньне пра выбар стратэгіі і пра здароўе грамадзтва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жывёлаў у цырках забароняць? Мінпрыроды адказала на зварот з 10 тысячамі подпісаўМарыя Васілевіч падчас сустрэчы маўчала
Каардынатарка адной з ініцыятываў Ганна Толчыкава сказала карэспандэнту Свабоды, што пастанова, якую зьбіраецца прыняць урад, дапаможа вырашыць пэўныя спрэчныя пытаньні, і гэта пазытыўны кірунак.
«На сустрэчы Брыжыт Алюа хацела атрымаць выразнае запэўніваньне, што дзяржава гатовая перайсьці да гуманных мэтадаў абыходжаньня зь бяздомнымі жывёламі і рэгуляваньня іх колькасьці. Гэтай заявы ад міністэрства ЖКГ яна не атрымала. Яны кажуць, што рашэньне залежыць ня толькі ад іх. Таму фонд да канца не задаволены сустрэчай. І каб атрымаць канкрэтны адказ, ці гатовая Беларусь прыняць стандарты цывілізаванага грамадзтва, Брыжыт Алюа будзе спрабаваць сустрэцца з прэзыдэнтам», — сказала Ганна Толчыкава.
Дэпутатка Марыя Васілевіч падчас сустрэчы маўчала, уважліва слухала.
Васілевіч «вельмі паглыбілася ў пытаньне»
Марыя Васілевіч сказала карэспандэнту Свабоды пасьля сустрэчы, што зь першага дня працы як дэпутата да яе пачалі зьвяртацца грамадзяне з рознымі пытаньнямі, сярод якіх абыходжаньне з жывёламі.
«За некалькі месяцаў я правяла вялікую колькасьць сустрэч з зоаабаронцамі, прадстаўнікамі вэтслужбаў, Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, што дапамагло мне вельмі паглыбіцца ў гэтае пытаньне», — сказала Васілевіч.
На пытаньне, ці магчыма ў Беларусі прыняць прапановы фонду Бардо, Марыя Васілевіч адказала, што «наконт прапановаў фонду, а менавіта АСВ (адлоў, стэрылізацыя, вяртаньне) для сабак, адказалі на сустрэчы прадстаўнікі і міністэрстваў, і ведамстваў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бяжы, Шарык, па вясёлцы». Як у Беларусі па-людзку пахаваць сабак і катоў