Прэзыдэнт Эгіпту пра байкот выбараў у Беларусі

Абдэль Фатах Ас-Сісі і Аляксандар Лукашэнка

Эгіпецкі досьвед выбараў робіць гіпатэтычны посьпех і плён байкоту выбараў у Беларусі яшчэ больш сумнеўным

Сьцісла:

  • Галоўны аргумэнт прыхільнікаў байкоту: яўка — апірышча легітымнасьці аўтарытарнага рэжыму
  • Рэжым кіраўніка Эгіпту Абдэля Фатаха Ас-Сісі безумоўна аўтарытарны і больш рэпрэсіўны, чым беларускі
  • Яўка на выбарах і рэфэрэндуме пры Ас-Сісі была ніжэйшай, чым 50%
  • Ніякай дэстабілізацыі тамтэйшага рэжыму гэтая адносна нізкая яўка ў Эгіпце не выклікала
  • Імкненьне беларускіх уладаў забясьпечыць звышвысокую яўку на выбарах — савецкая завядзёнка, а ня сутнасная характарыстыка рэжыму, якая забясьпечвае яго выжываньне
  • Эгіпецкі досьвед выбараў робіць гіпатэтычны посьпех і плён байкоту выбараў у Беларусі яшчэ больш сумнеўным

Не, шаноўны (ці ня надта) Абдэль Фатах Ас-Сісі нічога наконт байкоту беларускіх выбараў не казаў, нават падчас нядаўняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Але некаторыя эгіпецкія электаральныя практыкі зьяўляюцца, на мой погляд, важкім аргумэнтам у беларускіх спрэчках пра ўдзел і байкот.

Які цэнтральны аргумэнт прыхільнікаў байкоту? Яўка — аснова легітымнасьці аўтарытарнага ўладара, галоўнае апірышча яго ўлады і ў вачах грамадзтва, і ў вачах ўладнай эліты, і ў яго ўласных вачах. Зразумела, афіцыйную яўку Ярмошына намалюе за 80%. Але людзі — сацыяльныя жывёлы, яны адчуваюць паводзіны іншых людзей. Я не пайшоў на выбары, Мікола не пайшоў, Марыя не пайшла, дык значыць наагул вельмі мала хто пайшоў. Рэжым губляе легітымнасьць, прызнаньне грамадзтвам права на ўладу і, так бы мовіць, абрынаецца пад цяжарам сваіх злачынстваў.

Здаецца, нічога не паблытаў у «бездакорнай» лёгіцы прыхільнікаў байкоту.

А цяпер пра тое, прычым тут наш добры сябра Абдэль Фатах. У 2013 годзе ён прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага перавароту, у 2014 годзе быў абраны прэзыдэнтам з трыюмфальнымі 97% «за», на наступных выбарах, у 2018 годзе, перамога ня менш элегантная — тыя ж 97% «за».

Ас-Сісі галасуе на прэзыдэнцкіх выбарах, сакавік 2018

Летась гэты цудоўны кіраўнік правёў рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі, які даў магчымасьць яму заставацца ва ўладзе да 2030 году, а не да 2022 году, як мусіла быць паводле Канстытуцыі да зьменаў. За зьмены — 89%. Ну ня так бліскуча, як на выбарах, але таксама ўражвае.

Ці дыктатар Ас-Сісі, ці добра ён ведае сваё дыктатарскае рамяство? Адказ відавочны. У параўнаньні зь лічбамі галасоў «за» Ас-Сісі на выбарах нават Лукашэнка на сваіх выбарах дэманстраваў у гэтым пытаньні сьціпласьць: у 2010-м — «вартыя жалю» 77%, у 2015-м — 83%. Праўда, на канстытуцыйным рэфэрэндуме 2004 году, аналягічным эгіпецкаму 2019 году, вынік атрымаўся прыкладна такі ж, як там — 88%.

Мікалай і Аляксандар Лукашэнка на прэзыдэнцкіх выбарах, кастрычнік 2015

Словам, дыктатары-блізьняты. Так?

А цяпер — дадзеныя яўкі на эгіпецкіх электаральных «сьвятах дэмакратыі»: 2014-ы — 48%, 2018-ы — 40%, 2019-ы — 44%.

Упс. Прычым асабліва пікантна, што гэта не апазыцыя такую яўку падлічыла, не эгіпецкі народ «сацыяльнай скурай» адчуў, што яўка — вось такая, гэта афіцыйна абвяшчаў тамтэйшы Центарвыбаркам.

Дык як так? А як жа яўка - апірышча і крытэр легітымнасьці? Чаму ж эгіпцяне, даведаўшыся, што да выбарчых скрыняў прышло менш, чым запаветныя 50%, не паднялі Ас-Сісі на вілы, чаму рэжым, страціўшы легітымнасьць, не рассыпаўся ў прах?

Ну вось неяк не паднялі, неяк не рассыпаўся. Можа і не мусіў, можа яўка — зусім і не апірышча і не крытэр аўтарытарнай легітымнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь прыехаў прэзыдэнт Эгіпту — былы лідэр вайсковага перавароту

Нехта можа патлумачыць такія «недапрацоўкі» эгіпецкай дыктатуры яе большай, у параўнаньні з лукашэнкавай, мяккасьцю і бракам дыктатарскай рашучасьці. Але гэтай гіпотэзе супярэчаць некаторыя іншыя характарыстыкі рэжыму Ас-Сісі.

Яшчэ пару лічбаў: у 2014 годзе ў Эгіпце былі асуджаныя да сьмерці 529 чальцоў апазыцыйнай Ас-Сісі арганізацыі «Браты-мусульмане», у 2015 годзе — 183 чальцы арганізацыі, у 2018 годзе — 75 чальцоў «Братоў-мусульманаў».

Калі ёсьць рашучасьць і гатоўнасьць расстрэльваць сваіх палітычных апанэнтаў сотнямі, дык знайшлася б рашучасьць і разьдзьмуць яўку на выбарах. А чаму ж не надзьмувалі, як у Беларусі? А таму што па сутнасьці не адчувалі вялікай патрэбы. Адчувалі б — дык і разьдзьмулі б.

А чаму ў Беларусі ўсё ж раздзьмуваюць, чаму заганяюць на выбары студэнтаў і бюджэтнікаў? На мой погляд, насамрэч — па інэрцыі, па савецкай завядзёнцы.

Датэрміновае галасаваньне ў інтэрнаце БНТУ. Менск, 12 лістапада 2019

У СССР — ідэакратычнай таталітарнай сыстэме — для ўладаў было важна, каб на выбары ішлі ўсе, як адзін. Кампартыя кепскага б не прыдумала — разважае сучасная беларуская ўлада.

Між тым эгіпецкі досьвед электаральных мерапрыемстваў паказвае, што моц аўтарытарнай сыстэмы забясьпечваецца зусім ня яўкай і слаба зь ёй зьвязаная. Ідэакратыям высокая яўка патрэбная. І гэта досьвед ня толькі СССР, у італьянскіх фашыстаў на выбарах у 1929-м і 1934-м, і ў нямецкіх нацыстаў у 1936-м і ў 1938-м яўка была завоблачная (адпаведна 89.8%, 95.5%, 99% і 99.5%). Ім гэта было трэба. А банальным пэрсаналісцкім дыктатурам, кшталту сучасных эгіпецкай ці беларускай — ня надта.

Імкненьне аўтарытарнай сыстэмы да высокай яўкі на выбарах — гэта, кажучы ў тэрмінах Арыстотэля, акцыдэнцыя, а не субстанцыя аўтарытарызму, выпадковы чыньнік, у выпадку Беларусі — звычка, успадкаваная ад савецкай сыстэмы, а ня сутнасная, базавая, экзыстэнцыйная характарыстыка аўтарытарызму як такога.

І гэты эгіпецкі аргумэнт робіць гіпатэтычны посьпех і плён байкоту выбараў у Беларусі яшчэ больш сумнеўным.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.