Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп заявіў, што гатовы падпісаць мірную дамову з талібамі ў Аўганістане, калі будуць выкананыя ўмовы часовага замірэньня паміж бакамі.
«Мы думаем, што яны хочуць заключыць дамову. Мы хочам заключыць дамову. Я думаю, што ўсё атрымаецца, мы пабачым», — сказаў Трамп журналістам перад выездам у Індыю 23 лютага. Прэзыдэнт ЗША дадаў, што «пасьля 19 гадоў вайны» надышоў час амэрыканскім сілам «вярнуцца дадому».
Раней у лютым абодва бакі абвясьцілі тыдзень «зьмяншэньня гвалту» з 22 лютага. Калі замірэньне будзе вытрымана, яго замацуюць у мірнай дамове, якая можа скончыць вайну для ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Талібан дамовіліся пра мірЦяпер у Аўганістане звыш 12 000 вайскоўцаў ЗША. Аўганскія СМІ паведамляюць, што цягам апошніх двух дзён талібы зрабілі некалькі невялікіх нападаў на пункты пропуску, у якіх працуюць аўганскія вайскоўцы і паліцыя.
21 лютага дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо заявіў, што ЗША і талібы вядуць перамовы з мэтай спрыяньня палітычнаму ўрэгуляваньню для спыненьня канфлікту ў Аўганістане ды зьмяншэньня прысутнасьці ЗША ў рэгіёне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Аўганістане абвясьцілі пераможцу прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся 5 месяцаў таму