Ватыкан адкрые для навукоўцаў архівы з пэрыяду пантыфікату Пія ХІІ, які прыйшоўся на Другую сусьветную вайну. Сама цырымонія адкрыцьця архіваў пэрыяду ад 1939 па 1958 гг. заплянаваная на 2 сакавіка, паведамляе Ватыканскае радыё.
Рашэньне адкрыць архівы, якія датычаць пантыфікату Пія XII, Францішак прыняў год таму. Ватыканскі апостальскі архіў дасьць доступ да 151 тыс. пазыцый. Гаворка ідзе ў тым ліку пра рукапісы шматлікіх выступленьняў Эўджэніа Пачэлі і пра тэксты, у якія ён уласнаручна ўносіў праўкі.
З дакумэнтамі кваліфікаваным дасьледчыкам можна будзе азнаёміцца бясплатна і свабодна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці быў Пій XII «Папам Гітлера»? Ватыкан дазволіць даведацца праз годЧаму гэта важна
Цікавасьць дасьледчыкаў да пантыфікату Пія XII вельмі высокая, паколькі ён прыйшоўся на час глябальных гістарычных зьмен і Другой сусьветнай вайны, паведамляе Ватыканскае радыё.
Прадстаўнікі габрэйскіх арганізацыяў лічаць яго адказным за тое, што падчас вайны Ватыкан не выказаўся рашуча і наўпрост супраць Галакоста і не дапамагаў у дастатковай меры перасьледаваным габрэям. Амэрыканскі габрэйскі камітэт на працягу апошніх 30 гадоў заклікаў Ватыкан адкрыць доступ да архіваў пэрыяду 1939-1958 гадоў.