Расейскі ўрад падрыхтаваў законапраект аб спрашчэньні выдачы пашпартоў Расейскай Фэдэрацыі грамадзянам Беларусі, Казахстану, Малдовы і Ўкраіны.
Калі праект будуць разглядаць, невядома. «Вести» сьцьвярджаюць, што гэта можа адбыцца «да канца лютага 2020 году».
Але абмеркаваньні ў СМІ ўжо пачаліся. Так, сэнатар Савету Фэдэрацыі (верхняй палаты парлямэнту) Сяргей Цекаў заявіў РИА Новости, што ініцыятыву «варта вітаць», бо грамадзяне названых краінаў гэта «блізкія ў мэнталітэце да расейцаў людзі».
«Усё, што паскарае атрыманьне расейскага грамадзянства, а ў РФ едуць у асноўным нашы суайчыньнікі, можна толькі вітаць», — сказаў Цекаў, адзначыўшы, што спрашчэньне атрыманьня пашпартоў «збліжае народы».
А кіраўнік камітэту Дзяржаўнай думы (ніжняй палаты парлямэнту) Леанід Калашнікаў адзначыў, што законапраект «дазволіць вырашыць дэмаграфічную праблему і паспрыяе рэпатрыяцыі». У сьпіс краінаў, дадаў ён, увайшлі тыя, у якіх пражывае найбольш «суайчыньнікаў», і гэты сьпіс могуць дапоўніць.
Як сьцьвярджаецца ў расейскіх СМІ, законапраект дазваляе атрымаць расейскі пашпарт, не адмовіўшыся ад другога грамадзянства (у Беларусі двайное грамадзянства не дазволенае і не забароненае). Для атрыманьня пашпарту, калі праект прымуць, ня трэба будзе жыць на тэрыторыі Расеі цягам пяці гадоў і даказваць належны матэрыяльны стан, а супругам грамадзянаў можна будзе атрымаць расейскае грамадзянства праз год пасьля шлюбу (пакуль — праз тры гады).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Расеі ёсьць супольнасьць, а ў Беларусі суполкі па інтарэсах». Расейскія беларусы пра розьніцу паміж краінаміУ канцы студзеня 2020 году МУС Расеі выступіла за адмену спэцыяльнай гутаркі для праверки веданьня расейскай мовы пры атрыманьні расейскага грамадзянства ўкраінцамі і беларусамі.
Працоўная група па рэалізацыі канцэпцыі дзяржаўнай міграцыйнай палітыкі, якая падрыхтавала згаданыя папраўкі, была створаная ў сакавіку 2019 году распараджэньнем прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна. Задача гэтай групы — прыцягнуць у Расію як мага больш новых грамадзян, ад 5 да 10 мільёнаў.
У ліпені летась Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб пашырэньні спрошчанага парадку атрыманьня расейскага грамадзянства для ўсіх жыхароў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны. Раней расейскі пашпарт паводле гэтай працэдуры маглі атрымаць толькі жыхары так званых «ДНР» і «ЛНР».
Урад Украіны прызнаў незаконнымі расейскія пашпарты, выдадзеныя паводле гэтай працэдуры. З аналягічнымі заявамі выступілі ўлады Канады і прадстаўнікі Эўразьвязу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія пашпарты выдаюць наўпрост на тэрыторыі Данбасу, — СМІ