Іранцы 21 лютага галасуюць на парлямэнцкіх выбарах, на якіх усе кандыдаты былі папярэдне ўхваленыя ісламскімі клірыкамі, а тысячы заявак ад рэфарматараў і памяркоўных сілаў адхіленыя, расказвае Радыё Фарда, іранская служба Свабоды.
Да выбараў дапусьцілі 7148 кандыдатаў. Іх зацьвярджала Рада вартаўнікоў Канстытуцыі — надпарлямэнцкі орган накшталт канстытуцыйнага суду, у які 6 чальцоў прызначае парлямэнт і 6 — кіраўнік дзяржавы.
Рада вартаўнікоў Канстытуцыі адхіліла каля 9 тысяч кандыдатаў, якія хацелі пазмагацца за крэсла ў Кансультацыйнай радзе, 290-мясцовым парлямэнце.
У лік адхіленых кандыдатаў трапілі 90 дэпутатаў мінулага скліканьня — многія былі вядомыя як рэфарматары або памяркоўныя палітыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аятала і Трамп абмяняліся заяваміУлады Ірану чакаюць на выбарах яўкі каля 50% з 58 мільёнаў выбарнікаў у 31 правінцыі. На мінулых парлямэнцкіх выбарах у 2016 годзе яўка склала каля 60%. Найвышэйшы кіраўнік Ірану аятала Алі Хамэнэі перад выбарамі казаў, што галасаваньне — «рэлігійны абавязак», а таксама заклікаў галасаваць датэрмінова.
Выбары праходзяць на тле пратэстаў і незадаволенасьці іранцаў карупцыяй ва ўладзе і пагаршэньнем эканамічнага стану, а таксама скандалам са зьбіваньнем украінскага самалёта і амэрыканскай палітыкай «максымальнага ціску».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран гатовы прадаваць нафту Беларусі, — амбасадарПерад выбарамі Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць пяці чыноўнікаў іранскай выбарчай сыстэмы, у тым ліку старшыні Рады вартаўнікоў канстытуцыі, ультракансэрватыўнага клерыка Ахмада Джанаці. Санкцыі ўвялі за «адмаўленьне іранцам у праве на вольныя і справядлівыя выбары».
Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо заявіў, што «клірыкі, падобныя да Джанаці, пазбаўлялі іранскі народ рэальнага выбару цягам 41 году».