З улікам нявызначанасьці ў нафтавай сфэры існуе рызыка, што рэцэсія (зьніжэньне ВУП цягам больш як 6 месяцаў) у Беларусі будзе назірацца ўвесь 2020 год.
Такі прагноз утрымліваецца ў квартальным аглядзе, які падрыхтаваў Беларускі эканамічны дасьледча-адукацыйны цэнтар (BEROC).
Экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што расейская нафта для Беларусі працягвае даражэць, а гэта пагаршае ня толькі ўмовы дзейнасьці беларускіх НПЗ, але і пэрспэктывы эканомікі ў цэлым, падкрэсьлівае БелаПАН.
«Не пазьней за 2022 год у такім выпадку Беларусь вымушана будзе альбо зьніжаць аб’ёмы нафтаперапрацоўкі, альбо прапаноўваць іншыя сыстэмныя адказы на падаражэньне сырой нафты», — лічаць аўтары агляду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз праблемы з нафтай і калійнымі ўгнаеньнямі ВУП Беларусі зьнізіўся на 2% за студзень, — РумасЯны адзначаюць, што доля сэктару нафтаперапрацоўкі ў ВУП складае менш за 1%, але за кошт маштабных галіновых узаемасувязяў, а таксама мультыплікатыўнага ўплыву на попыт зьмены ў гэтым сэктары могуць адбіцца на значна большай долі ВУП — да 8,5%.
Акрамя таго, сэктар нафтаперапрацоўкі адыгрывае важную ролю ў забесьпячэньні зьнешняй, фіскальнай, а таксама фінансавай стабільнасьці ва ўсёй эканоміцы, — гаворыцца ў дакумэнце.
Што такое рэцэсія?
Рэцэсія ў эканоміцы фіксуецца, калі валавы нацыянальны прадукт не расьце або падае. Прынята гаварыць пра рэцэсію, калі гэта працягваецца паўгода і больш.
ВУП Беларусі ў студзені 2020 году ўпаў амаль на 2%. Аб'ём ВУП у бягучых цэнах склаў амаль 10,4 мільярда рублёў, што на 1,9% ніжэй, чым у студзені 2019 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нафтавая спрэчка: пакуль няма адказу з Масквы, Беларусь вядзе перамовы з Украінай і ПольшчайБеларускія ўлады настойваюць на атрыманьні кампэнсацыі за расейскі падатковы манэўр. Крэмль увязвае гэтае пытаньне з «паглыбленьнем інтэграцыі» паміж дзьвюма краінамі, але беларускія ўлады бачаць пагрозу страты сувэрэнітэту ў выпадку прыняцьця расейскіх прапаноў.
У студзені Расея празь неўрэгуляваныя спрэчкі ў нафтавай сфэры скараціла пастаўкі вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь. На гэтым фоне ВУП краіны ў першы месяц новага году зьнізіўся на 1,9% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.
Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі