Грамадзяне Кітаю з 20 лютага ня змогуць прыяжджаць у Расею для працы, навучаньня або турызму. Змогуць праехаць толькі транзытам. У Беларусь кітайцам можна — пасьля запаўненьня анкеты і бясплатнага абсьледаваньня.
Віцебская рэгіянальная мытня растлумачыла, што дзеля прадухіленьня завозу новага каранавірусу тым, хто прыяжджае з Кітаю ў Беларусь, трэба прайсьці бясплатнае лябараторнае абсьледаваньне. Яго можна зрабіць у раённай, гарадзкой або абласной лякарні.
Патрабаваньне тычыцца і тых, хто прыбывае не з Кітаю, але быў там у пэрыяд да 14 дзён перад прыездам у Беларусь. Абсьледаваньні таксама ладзяць у пунктах пропуску празь мяжу і ў Нацыянальным аэрапорце «Менск».
Таксама тых, хто прыбыў з Кітаю ў Беларусь або быў у Кітаі падчас 14-дзённага пэрыяду, абавяжуць запоўніць адмысловую анкету на расейскай або ангельскай мове (тым, хто не валодае гэтымі мовамі, дадуць анкету на кітайскай, анкеты на беларускай не прадугледжаныя).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я лепш перасяджу ва Ўхані». Чаму беларусы не сьпяшаюцца вяртацца з Кітаю на радзімуУ Беларусі пакуль не фіксавалі выпадкаў COVID-19, хоць падазрэньні на новы каранавірус былі, пацыентаў абсьледавалі.
Спыняць авіязлучэньне з Кітаем у Беларусі не зьбіраюцца. Як вынікае з адказу Дэпартамэнту авіяцыі на сайце Petitions.by, такую рэкамэндацыю дала Мінздароўя: «гэта можа прывесьці да пераарыентаваньня пасажыраў на іншыя віды транспарту і пацягнуць дадатковыя рызыкі».
У сьвеце на момант публікацыі зафіксавалі звыш 75,2 тысячы пацьверджаных выпадкаў COVID-19 (зь іх каля 74,2 тысячы — у Кітаі), колькасьць памерлых перавысіла 2000 чалавек (практычна ўсе — у Кітаі). Выпісалі здаровымі звыш 14,6 тысячы.
З марскога ляйнэра Diamond Princess, на якім зафіксавалі паўтысячы заражэньняў, ужо здымаюць карантын, пасажыры сыходзяць на японскую тэрыторыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэмпы пашырэньня каранавірусу пайшлі на спадШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.